Шэсць гадоў калоніі — за падпал "апоркі"
У Бабруйску вынеслі прысуд па справе аб падпале апорнага пункта, піша "Вечерний Бобруйск". 42-гадовага бабруйчаніна прызналі вінаватым у падпале і хуліганстве і прысудзілі да шасці гадоў калоніі. Яго таксама будуць прымусова лячыць ад алкагалізму.
Пажар у грамадскім пункце аховы правапарадку № 4 адбыўся 28 верасня каля 23.50. Ён знаходзіцца на першым паверсе трохпавярховага будынка Дома культуры на вуліцы Куйбышава. У выніку пажару былі пашкоджаныя ўваходныя дзверы, унутраная аздабленне і маёмасць у фае.
Людзі не пацярпелі. Западозрылі падпал. Следства ўзбудзіла крымінальную справу за наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам.
Па справе аб падпале "апоркі" пазней міліцыя праводзіла ператрусы ў журналістаў мясцовага выдання.
Затым па падазрэнні ў падпале затрымалі 42-гадовага бабруйчаніна. Міліцыя паведамляла, што падазраваны купіў на запраўцы бензін і з яго дапамогай падпаліў "апорку". Мужчына казаў, што ў той дзень ён быў п'яны, а пасля падпалу з'ехаў на заробкі ў Расею.
У судзе абвінавачаны распавёў, што сустрэўся з сябрам, яны пілі піва і паглядзелі відэа разгону дэманстрацыі.
— Дзяўчынку адну цягнулі і жанчын разганялі, у мяне пад уражаннем прагледжанага паўстала такая думка. Такім чынам я выказаў сваю нязгоду з дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі, што яны груба так абыходзяцца з людзьмі. Аб сваіх намерах я распавёў Дзмітрыю, ён мяне адгаворваў. Я пайшоў на запраўку на вуліцы Леніна, купіў бензін і накіраваўся ў бок апорнага ... успыхнула моцна, — так тлумачыў свой учынак бабруйчанін.
Ён прызнаў віну, але не пагадзіўся з памерам шкоды, якую ацанілі ў 4644,14 рубля.
— На маю думку, як будаўніка, там рамонт не праводзіўся ўжо гадоў 20, — заявіў абвінавачаны. — Я не думаю, што за дзесяць хвілін магла быць нанесеная такая шкода, каб столькі кампенсаваць. Тут разлічаны кошт капітальнага рамонту, а не рамонтна-аднаўленчых работ.
Падчас следства родныя абвінавачанага пералічылі на рахунак Цэнтра вольнага часу і творчасці 1740 рублёў. Абвінавачаны лічыць, што гэтых грошай дастаткова для пагашэння шкоды.
У судзе бабруйчанін казаў таксама пра тое, што ў яго трое дзяцей. І аб тым, што ён раскайваецца.
— З моманту здзяйснення злачынства не праходзіла і дня, каб я не пашкадаваў аб сваім учынку. Я прашу прабачэння ў міліцыі, якой нанёс абразу сваімі дзеяннямі, у работнікаў Цэнтра вольнага часу і культуры за шкоду ... хачу папрасіць прабачэння ў сваёй сям'і — у мамы, жонкі, дзяцей. Сказаць ім дзякуй за тое, што да гэтага часу мяне падтрымліваюць. Дапамагаюць мне. І папрасіць высокі суд не прызначаць мне пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, даць магчымасць выплачваць шкоду самому, а не ўзвальваць на плечы маёй сям'і. Прашу вас даць мне магчымасць працаваць, дапамагаць сваёй сям'і, удзельнічаць у жыцці і выхаванні сваіх дзяцей, — сказаў бабруйчанін.
Суддзя Наталля Агладкова вынесла рашэнне: мужчына адправіцца ў калонію ўзмоцненага рэжыму на шэсць гадоў. Пазоў ад цэнтра вольнага часу і творчасці за нанесеную пажарам шкоду будуць разглядаць асобна.
Маці абвінавачанага сказала, што пакуль не ведае, ці будуць яны абскарджваць прысуд.