На судзе па "справе Шутава" стала вядома, хто загадаў выкарыстоўваць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў
Брэсцкі абласны суд 17 лютага працягвае разгляд крымінальнай справы супраць берасцейца Аляксандра Кардзюкова, які 11 жніўня мінулага года быў побач з Генадзем Шутавым, калі таго смяротна паранілі ў галаву. Геннадзь Шутаў, які памёр 19 жніўня, з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса "Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў". Справу разглядае суддзя Святлана Крамянёўская, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Геннадзь Буры. У судзе дапытваюцца пацярпелыя і сведкі, з паказанняў якіх сталі вядомы абставіны гібелі Геннадзя Шутава.
Першапачаткова Кардзюкова абвінавачвалі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў. (ч. 2 арт. 363 КК). Па гэтым артыкуле яму пагражала да пяці гадоў пазбаўлення волі. Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі ў замах на забойства — паводле ч. 2 арт. 139 КК. Цяпер Аляксандру пагражае ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне.
Пацярпелыя хочуць, каб суд абываўся ў закрытым рэжыме
На першым судовым паседжанні стала вядома, як і хто стрэліў у загінулага Геннадзя Шутава. Гэта зрабіў вайсковец в/ч № 89417 Раман Гаўрылаў. Ён і яго напарнік 11 жніўня Арсеній Галіцын (вайсковая частка № 89417 сіл спецыяльных аперацый) выступаюць на гэтым працэсе пацярпелымі.
Гаўрылаў заявіў на судзе, што Шутаў і Кардзюкоў змагаліся з імі. Ён зрабіў папераджальны стрэл, потым хацеў стрэліць Шутаву ў плячо, але трапіў у патыліцу, потым аказаў першую дапамогу.
"Хацеў стрэліць Шутаву ў плячо, але трапіў у патыліцу". Вайсковец на судзе распавёў, як забіў Генадзя Шутава
Па інфармацыі "Радыё Свабода", яны спрабавалі закрыць працэс да пачатку слуханняў. Яны падыходзілі да сакратара і патрабавалі пусціць у залю толькі «правільных людзей». У выніку іх просьба не была задаволеная, у залю трапілі журналісты і родныя ды сябры абвінавачаных Шутава і Кардзюкова.
«Хачу заявіць хадайніцтва аб вядзенні закрытага судовага паседжання ў сувязі зь неабходнасьцю гарантаваньня бясьпекі пацярпелых, — заявіў судзьдзі Арсеній Галіцын адразу на пачатку паседжання. — Нам паступаюць пагрозы на мабільныя тэлефоны з невядомых нумароў. «Як жывецца тваім бацькам, як ім спіцца? Добра? Цябе знойдуць, мы цябе прыкончым», — працытаваў Галіцын паведамленні са свайго тэлефона.
Ён таксама паведаміў, што пагрозы пачалі прыходзіць яму адразу пасля завяршэння першага дня паседжання. Другі пацярпелы, Раман Гаўрылаў, таксама расказаў пра пагрозы ў свой адрас і папрасіў закрыць суд.
Хадайніцтва пацярпелых падтрымаў пракурор Генадзь Буры, супраць выступіў абвінавачаны Кардзюкоў і дачка абвінавачанага Генадзя Шутава Анастасія. Суддзя Святлана Крэмянеўская пасля кароткай нарады ў хадайніцтве адмовіла, суд працягваецца ў адкрытым рэжыме.
Загад вайскоўцам змяшацца з натоўпам: ісці ў натоўпе і пляскаць у ладкі
Як паведамляе "Радыё Свабода", першым на другі дзень суду дапыталі камандзіра зьвяна берасцейскага АМАПу Антона Пракурата. Ён у залю суду асабіста не з'явіўся, допыт праводзіўся па аўдыёсувязі.
Пракурат расказаў, што ўдзень 11 жніўня 2020 году атрымаў у сваё распараджэнне вайскоўцаў Гаўрылава і Галіцына. Іх накіравалі ў горад, дзе яны спачатку назіралі за падзеямі ў раёне вуліцы Савецкай, а потым накіраваліся на вуліцу Маскоўскую. Па Брэсту пераапранутыя вайскоўцы і амапаўцы перамяшчаліся на тралейбусах.
Па словах Пракурата, усе байцы АМАПу і вайскоўцы ў той дзень былі ўзброеныя агнястрэльнай зброяй, назіранне за падзеямі вялі ў цывільнай вопратцы. Пры гэтым Гаўрылаў і Галіцын атрымалі загад змяшацца з натоўпам, яны ішлі ў натоўпе і пляскалі ў ладкі.
Позна ўвечары 11 жніўня Пракурат атрымаў ад Гаўрылава і Галіцына званок на мабільны тэлефон, яны расказалі яму аб прымяненьні агнястрэльнай зброі. Пасля гэтага камандзір АМАП сам прыехаў на месца. Там ён пабачыў параненага і «хуткую».
На судзе таксама высветлілася, што камандзір АМАПу асабіста ведаў абвінавачаных Кардзюкова і Шутава.
«Мы далёкія знаёмыя з Шутавым і Кардзюковым, — паведаміў на допыце ў судзе Пракурат (гэтыя словы выклікалі рэакцыю ў залі сярод блізкіх абвінавачаных: яны сцвярджаюць, што камандзір АМАПу і Генадзь Шутаў былі вельмі блізка знаёмыя і неаднаразова адпачывалі разам). — Апошні раз я бачыў Генадзя Шутава ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, калі ў Брэст прыяжджала Святлана Ціханоўская. Ён быў загорнуты ў бела-чырвоны-белы сцяг. Падышоў да мяне пагаварыць».
Хто аддаў загад выкарыстаць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў
Як піша "Радыё Свабода", загад выкарыстаць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў аддаў камандуючы войскамі Сілаў спэцыяльных апэрацый Беларусі генэрал-маёр Вадзім Дзенісенка. Пра гэта стала вядома з паказанняў сведкі Лабковіча, маёра часткі № 89417 і непасрэднага кіраўніка Галіцына і Гаўрылава. Лабковіч на суд таксама не з'явіўся, бо захварэў. Яго паказанні зачытвалі паводле матэрыялаў справы.
З паказанняў вынікае, што ў Брэсце 11 жніўня ў падпарадкаванні камандзіраў АМАПу было каля 20 вайсковых спецназаўцаў. Яны былі падзеленыя на групы па 5-6 чалавек і дзейнічалі ў горадзе ў цывільным. Усе былі з агнястрэльнай зброяй, перамовы паміж імі і камандзірамі ажыццяўляліся праз мабільныя тэлефоны, сродкі спэцсувязі выкарыстоўваць было забаронена.
Лабковіч асабіста забіраў пісталеты Макарава ў Гаўрылава і Галіцына пасля інцыдэнту з Кардзюковым і Шутавым.
Паводле яго паказанняў, у абоймах адсутнічала па два патроны. Паводле паказанняў Лабковіча, вайсковыя спецназаўцы знаходзіліся ў Брэсце з чэрвеня 2020 году. Яны ўдзельнічалі ў вайсковых гульнях.
Генэрал-маёра Дзенісенку таксама мусілі дапытаць на судзе ў якасці сведкі, аднак у суд ён не прыехаў з прычыны хваробы. Суддзя паведаміла, што на бальнічным ён знаходзіцца з 6 па 20 лютага.
У судзе зачыталі яго паказанні, дадзеыя следству 19 жніўня 2020.
«Магу патлумачыць, што непасрэдна падпарадкоўваюся па родзе службы міністру абароны Рэспублікі Беларусь, загады якога для мяне з'яўляюцца абавязковымі для выканання, — расказваў генэрал-маёр Вадзім Дзенісенка. — Сапраўды пацвярджаю, што менавіта мной у той дзень (11 жніўня 2020. — РС) была пастаўлена задача намесніку камандзіра атрада Лабковічу, каб ён разам з іншымі вайскоўцамі дадзенай часткі паступіў у распараджэнне камандзіра АМАП УУС Брэсцкага аблвыканкама для нясення службы па ахове грамадскага парадку, — гаворыцца ў паказаннях Дзенісенка. Такое рашэнне было прынята ў сувязі з «абвастрэннем сітуацыі... Рашэнне аб узбраенні абумоўлена тым, што немагчыма было пралічыць варыянты разьвіцця падзей на той момант часу».
«Ня бачыў, каб абвінавачаны біў мэталічнай трубой пацярпелага»
У другі дзень працэсу таксама дапыталі сведку Уладзіміра Лесіка. Гэта індывідуальны прадпрымальнік, які ўвечары 11 жніўня быў побач з месцам забойства Генадзя Шутава. Ён расказаў, што бачыў канфлікт паміж вайскоўцамі і Кардзюковым і Шутавым ускосна. Спачатку нават падумаў, што гэта кампанія знаёмых.
«Я быў каля гэтага дома, праходзіў каля парапэта, — расказаў Лесік. — Было ці то 22 гадзіны, ці то 23. Я прайшоў ля двух чалавек, якія сядзелі на лаве, пайшоў далей, там спыніўся. Заўважыў, як да тых дваіх падышлі яшчэ двое. Затым адзін з іх упаў. Я адвярнуўся і пабачыў, што той, хто ўпаў, падымаецца, і ў ягонай руцэ прадмет з мэталічным бляскам. Я не бачыў, каб ён наносіў ім нейкія ўдары. Затым пачуліся стрэлы, адзін з людзей каля лавачкі пачаў уцякаць. Той, хто гнаўся за ім, страляў услед».
Па словах сведкі, ён ня можа прыгадаць, каб чуў крыкі «Стой, страляць буду!». Чуў толькі лаянку з боку ўзброеных людзей. Яго словы пацвердзілі прадэманстраваныя ў судзе відэазапісы, зробленыя іншым відавочцам. На іх чуваць крыкі «Ляжаць! Мордай у дол, урод!» Пацярпелы спецназавец Галіцын прызнаў, што гэта крычыць ён.
Частка працэсу пройдзе ў закрытым рэжыме
На працэсе пачалося вывучэньне матэрыялаў справы. Пракурор і пацярпелыя вайскоўцы падалі хадайніцтва аб вывучэнні іх у закрытым рэжыме. Суддзя хадайніцтва задаволіла часткова. Закрытым будзе толькі тая частка працэсу, дзе будуць вывучаць «сакрэтны» том матэрыялаў справы. Што ў ім знаходзіцца, невядома.