viasna on patreon

"Хацеў стрэліць Шутаву ў плячо, але трапіў у патыліцу". Вайсковец на судзе распавёў, як забіў Генадзя Шутава Дапоўнена

2021 2021-02-16T16:00:00+0300 2021-02-17T15:17:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kardzukou_80.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Брэсцкі абласны суд 16 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы супраць берасцейца Аляксандра Кардзюкова, які 11 жніўня мінулага года быў побач з Генадзем Шутавым, калі таго смяротна паранілі ў галаву. Першапачаткова Кардзюкова абвінавачвалі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў. (ч. 2 арт. 363 КК). Па гэтым артыкуле яму пагражала да пяці гадоў пазбаўлення волі. Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі ў замах на забойства —  паводле ч.2 арт. Цяпер Аляксандру пагражае ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне. Справу разглядае суддзя Святлана Крамянёўская, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Геннадзь Буры.

Згодна абвінавачванням, "падчас нападу мужчыны наносілі ўдары, выкарыстаўшы металічную трубу, а таксама распачалі спробу завалодання агнястрэльнай зброяй, што пацвярджаецца матэрыяламі, якія ёсць у следства. Папярэдне ўстаноўлена, што, перарываючы супрацьпраўныя дзеянні тых, хто нападаў, праваахоўнікі ўжылі фізічную сілу. Адзін з іх, успрымаючы дзеянні падазраваных як рэальную пагрозу жыццю і здароўю і спыняючы спробы завалодаць табельнай зброяй, ужыў у дачыненні да нападніка зброю, стрэліўшы ў кірунку пляча. Аднак, з прычыны працяглага актыўнага супраціву мужчыны, ненаўмысна параніў яго ў вобласць галавы".

Як піша "Брэсцкая газета", Геннадзь Шутаў, які памёр 19 жніўня, таксама з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса "Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў".

Пацярпелымі па справе выступаюць двое вайскоўцаў: прапаршчык Галіцын і капітан Гаўрылаў, якія ўвечары 11 жніўня неслі службу па ахове грамадскага парадку. Яны былі ў грамадзянскай вопратцы і са зброяй. У іх былі з сабой ПМ дзевятага калібра.

Прадстаўнік памерлага Генадзя Шутава на судзе — яго дачка Анастасія.

Аляксандр Кардзюкоў не згодны з абвінавачваннем. Мужчына на судзе кажа, што не ведаў, што гэта —вайскоўцы, яны не паказвалі дакументаў, не прадстаўляліся. Сказаў, што адчувае віну за смерць Шутава, бо без Кардзюкова не пайшоў бы глядзець, што адбываецца ў горадзе: "Калі б я не пайшоў, саблазнаў бы таксама не пайшоў".

Не адмаўляе, што выпілі з Шутавым ў гаражы перад гэтым настойку. Адрэзак трубы быў з сабой для самаабароны — на ўсялякі выпадак, яны сядзелі на парапеце І назіралі за тым, што адбываецца.

«Я нічога не падумаў аб тым, хто яны, я спалохаўся, баяўся за сваё жыццё, таму і ўцёк».

Крыху пазней Кардзюкоў у судзе сказаў, што ўдарыў Гаўрылава трубой па сцягне, Галіцына, па яго словах, ён не чапаў.

Допыт дачкі Генадзя Шутава

Як піша "Брэсцкая газета", дапыталі ў судзе дачку Генадзя Шутава Анастасію. Яна сказала, што ў палітычных дзеяннях бацька не ўдзельнічаў, таму што заўсёды быў у раз'ездах — Генадзь быў дальнабойнікам. У той перыяд у яго скончылася віза, таму ён быў У Брэсце. Займаўся ўсталяваннем помніка бацьку, які памёр незадоўга да гэтага: "А цяпер помнік трэба ставіць яму самому".

Дачка характарызуе Генадзя як спакойнага, мірнага чалавека. Расказвае, што ў яго – пяцёра дзяцей: трое дзяцей ад першага шлюбу, яшчэ двое непаўналетніх ад іншай жанчыны.

Аляксандар Кардзюкоў падчас суду. Брэсце, 16 лютага. Фота:
Аляксандар Кардзюкоў падчас суду. Брэсце, 16 лютага. Фота: "Радыё Свабода"

"Хацеў стрэліць Шутаву ў плячо, але трапіў у патыліцу". Допыт пацярпелых

Паказанні даюць пацярпелыя. Раман Гаўрылаў распавядае, што яны прыехалі ў Берасце да выбараў для ўдзелу ў спаборніцтвах на берасцейскім палігоне з вайсковай часткі ў Мар'інай горцы. Пасля выбараў іх падраздзяленне выклікалі ў АМАП і паставілі задачы выяўляць небяспечных пратэстоўцаў, далі зброю. 11 жніўня іх з цэнтра адправілі на ўсход, таму што была інфармацыя, што там збіраюцца пратэстоўцы. Яны паехалі на тралейбусе. Кардзюкоў і Блазнаў падаліся ім падазронымі.

"Мы страцілі іх з-пад увагі, а яны потым са спіны падышлі і спыталі "ўсіх агледзелі?" Я павярнуўся і атрымаў па галаве", – распавядае пацярпелы.

Гаўрылаў заявіў на судзе, што Шутаў і Кардзюкоў змагаліся з імі. Ён зрабіў папераджальны стрэл, потым хацеў стрэліць Шутаву ў плячо, але трапіў у патыліцу, потым аказаў першую дапамогу.

Суддзя спытала ў Гаўрылава, чаму ён цэліўся не ў нагу Шутаву. Пацярпелы адказаў, што баяўся трапіць у сябе.

На пытанне, ці мог Гаўрылаў пазбегнуць стрэлу ў патыліцу Шутаву і захаваць яму жыццё, той адказаў: "Я зрабіў, усё, што мог. Я дрэнна сябе адчуваў".

Пазней Гаўрылаву стала дрэнна, медыкі дыягнаставалі ў яго чэрапна-мазгавую траўму. Адвакат Кардзюкова звярнуў увагу на тое, што ў выпісках з некалькіх медустаноў, якія ўтрымліваюцца ў матэрыялах справы, тры розныя тлумачэнні наконт таго, якім чынам ён атрымаў траўмы. Гаўрылаў патлумачыў гэта тым, што не хацеў раскрываць абставіны атрымання цялесных пашкоджанняў таму як баяўся помсты і пагроз.

Паказанні дае прапаршчык Арсень Галіцын. Гэта ён выклікаў хуткую параненаму Шутаву пасля таго, як патэлефанаваў начальніку.

У судовым пасяджэнні абвешчаны перапынак да 17 лютага.


Нагадаем, 11 жніўня мінулага года падчас акцый пратэсту ў Берасці Генадзь Шутаў атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву. Ён памёр праз 8 дзён у менскім вайсковым шпіталі. Увечары таго ж дня СК пракаментаваў смерць 44-гадовага берасцейца. Па версіі следства, 11 жніўня ў Брэсце двое мужчын здзейснілі напад на асоб, якія выконвалі задачы па ахове грамадскага парадку пры правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

23 жніўня цела загінулага аддалі яго сваякам. У даведцы аб смерці Шутава сказана, што яе непасрэднай прычынай стаў траўматычны ацёк галаўнога мозгу. Гэта было ўстаноўлена судмедэкспертаў падчас выкрыцця.

Сваякі Шутава дамагаліся ўзбуджэння крымінальнай справы па артыкуле "Забойства", аднак СК адказаў, што дастатковых падстаў для гэтага няма.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства