Павел Сапелка: “Пераслед адвакатаў па справакаваных або інсцэніраваных падставах – з’ява амаральная”
Як стала вядома праваабаронцам, на 19 лютага прызначана паседжанне Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці, на якім запланаваны разгляд пытання аб спыненні дзеяння ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці некаторых адвакатаў. Па стане на 15 лютага вядомыя, прынамсі, чатыры прозвішчы адвакатаў, якім пагражае страта ліцэнзіі.
Людміла Казак
24 верасня мінулага года супрацоўнікі міліцыі выкралі ў цэнтры Мінска Людмілу Казак. Пасля ночы, праведзенай ёю ў ізалятары, суддзя Кастрычніцкага раёна Менска Аляксандр Рудэнка вынес рашэнне, якім прызнаў Казак вінаватай у непадпарадкаванні выкрадальнікам і аштрафаваў адваката на 25 базавых велічыняў.
Праваабарончая супольнасць звязвае ціск на Людмілу Казак выключна з ажыццяўленнем ёй абароны Марыі Калеснікавай. Умяшальніцтва ў дзейнасць адвакатаў з боку Міністэрства юстыцыі і супрацьдзеянне аказанню юрыдычнай дапамогі палітвязням і ахвярам рэпрэсій з’яўляецца недапушчальным.
Максім Конан
Адваката Максіма Конана таксама хочуць пазбавіць ліцэнзіі. Пра гэта ён даведаўся з ліста ад Мінюста, піша TUT.by.
Конану паведамілі, што на 19 лютага прызначанае пасяджэнне Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці. Там будзе разглядацца спыненне яго адвакацкай ліцэнзіі.
Максім Конан не ведае, якія прэтэнзіі да яго мае Мінюст.
"Мяркую, што гэта можа быць звязана з дапамогай людзям, якія пацярпелі 9-12 жніўня, абаронай іх у судах, абаронай журналістаў па рэзанансных справах, актыўнай пазіцыяй наконт адсутнасці рэакцыі з боку следчых органаў з нагоды збіцця і катаванняў адвольна затрыманых грамадзян", — расказаў ён журналістам.
У кастрычніку суд Кастрычніцкага раёна прысудзіў яму 12 сутак арышту — нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ў Браславе.
Конан тады напісаў тлумачальную ў Мінскую калегію адвакатаў. Ён патлумачыў, што ў Браслаў едзіў па даручэнні кліента, а ў мітынгу не ўдзельнічаў. Аднак у лістападзе прысуджаныя 12 сутак адвакат адседзеў.
Міхаіл Кірылюк
Адваката Міхаіла Кірылюка пагражаюць пазбавіць ліцэнзіі за "некарэктныя выказванні ў дачыненні да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў”, што з'яўляецца ўчынкам, на думку Міністэрства юстыцыі, “несумяшчальным са званнем адваката".
Па інфармацыі TUT.BY, 11 лютага Міхаіл Кірылюк атрымаў апавяшчэнне "Аб разглядзе пытання аб спыненні дзеяння ліцэнзіі".
"Атрыманае апавяшчэнне не адпавядае ў поўнай меры арт.34 Канстытуцыі. Азначанае апавяшчэнне не паказвае, якія менавіта з маіх заяў у глабальнай сетцы Інтэрнэт (на думку Міністэрства юстыцыі) утрымліваюць "некарэктныя выразы ў дачыненні да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў „і з'яўляюцца ўчынкам, на думку Міністэрства юстыцыі,“несумяшчальным са званнем адваката". Не паказаная дата публікацыі, не паказаны крыніца публікацыі, не прыведзена спасылка на адрас публікацыі ў сетцы Інтэрнэт, не прыведзена дакладная цытата заявы», — падкрэслівае адвакат.
Прозвішча чацвёртага адваката, лёс якога будзе вырашацца 19 лютага Кваліфікацыйнай камісіяй праваабаронцам вядомае таксама, аднак пакуль яшчэ заўчасна яго агалошваць.
Нагадаем, кастрычніку адвакацкай ліцэнзіі быў пазбаўлены Аляксандр Пыльчанка, які абараняў інтарэсы Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі.
Што на гэты конт кажуць юрысты-праваабаронцы?
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка, які ў свой час (травень 2011 года) таксама быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі за абарону кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, лічыць, што пераслед юрыстаў у сувязі з іх грамадскай і палітычнай дзейнасцю, ажыццяўленнем сваіх асноўных правоў і свабод, пазбаўленне іх права працаваць па прафесіі з-за гэтага – гэта парушэнне правоў чалавека.
“Асноўныя прынцыпы, якія тычацца ролі юрыстаў нагадваюць нам і ўладам, што юрысты, як і іншыя грамадзяне, маюць права на свабоду выказвання меркавання, перакананняў і сходаў. У прыватнасці, яны маюць права прымаць удзел у грамадскіх дыскусіях па пытаннях, што тычацца права, адпраўлення правасуддзя і заахвочвання і абароны правоў чалавека, і быць членамі мясцовых, нацыянальных або міжнародных арганізацый або ствараць іх і прымаць удзел у іх пасяджэннях, не падвяргаючыся абмежавання сваёй прафесійнай дзейнасці з прычыны сваіх законных дзеянняў або сяброўства ў законнай арганізацыі. Ажыццяўляючы гэтыя правы, юрысты ў сваіх дзеяннях заўсёды кіруюцца правам і прызнанымі нормамі і прафесійнай этыкай юрыста,” - мяркуе Павел Сапелка.
Ён перакананы, што пераследваць адвакатаў па справакаваных або інсцэнаваных падставах - гэта яшчэ і амаральна. Мяркуючы, што ў дачыненні да адвакатаў, якія нярэдка выступаюць з крытыкай дзяржаўных інстытутаў, могуць быць ажыццёўлены правакацыі і адвольныя дзеянні, заканадаўства дэмакратычных дзяржаў прадугледжвае выключнае права прафесійных супольнасцяў адвакатаў і юрыстаў разглядаць дысцыплінарныя справы сваіх членаў: «дысцыплінарныя меры ў дачыненні да юрыстаў разглядаюцца бесстароннім дысцыплінарным камітэтам, ствараным юрыстамі, у незалежным органе, прадугледжаным законам, або ў судзе і падлягаюць незалежнаму судоваму кантролю " (асноўныя прынцыпы, якія тычацца ролі юрыстаў).
Хто вяршыцель лёсаў адвакатаў?
Павел Сапелка тлумачыць, штоКваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, якая ствараецца пры Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь (Кваліфікацыйная камісія) – гэта, безумоўна, не той орган, які адказвае вызначэнням «бесстаронні» і «незалежны»: пяць супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі, прадстаўнік Вярхоўнага Суда, Генеральнай пракуратуры і «іншых дзяржаўных органаў», адабраныя і дапушчаныя Мінюстам сем адвакатаў - прадстаўнікоў тэрытарыяльных калегій, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, два прадстаўнікі навукі – уся кампанія на чале з намеснікам міністра юстыцыі ўжо зарэкамендавала сябе не раз з 2010 года. Персанальны склад камісіі за гэты час, вядома, змяніўся: хтосьці страціў высокую пасаду, кагосьці асудзілі за хабар, хтосьці наадварот уліўся ў калектыў (старшыня БРКА Віктар Чайчыц і былы намеснік пракурора г. Мінска Мікалай Старавойтаў, які стаў намеснікам міністра юстыцыі, напрыклад; Імёны астатніх-практычна таямніца, у вольным доступе іх не знайсці), але сутнасць засталася ранейшай.
"Па-ранейшаму, нягледзячы на ўздым актыўнасці адвакатаў пасля жніўня 2020 года, не варта спадзявацца на актыўную барацьбу адвакацкай супольнасці за правы сваіх сябраў: магчымасці па татальным кантролі Мінюста за адвакатамі і калегіямі дазваляюць здушыць і салідарнасць, і абурэнне калег," - канстатуе Павел Сапелка.