viasna on patreon

Валанцёра штаба Віктара Бабарыкі судзяць у Мінску Дапоўнена

2021 2021-02-15T12:50:20+0300 2021-02-17T14:19:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialenski_anton_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Антон Бяленскі ў судзе. Фота Белсат

Антон Бяленскі ў судзе. Фота Белсат

У Мінску пачаўся суд над палітвязнем Антонам Бяленскім, якога вінавацяць па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса – “Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскій парадак”.

Справу разглядае суддзя суда Маскоўскага раёна Святлана Бандарэнка. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Маскоўскага раёна Раман Бізюк.

bliznuk_prokuror.jpg
Раман Бізюк у судзе

Нагадаем, суд павінен быў распачацца яшчэ 11 лютага, але быў адкладзены нібыта праз недастаўленне абвінавачанага ў працэс. 

Нагадаем, Антон Бяленскі быў затрыманы 10 жніўня першапачаткова ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 293 КК ("Арганізацыя масавых беспарадкаў"). Тады ён знаходзіўся ў гасцініцы "Беларусь" на 17-м паверсе, куды і ўварваліся сілавікі. Антон Бяленскі з’яўляўся валанцёрам выбарчага штаба Віктара Бабарыкі.

Сёння на пачатку працэса абаронца Антона Бяленскага заявіў шэраг хадайніцтваў:

  • аб змене меры стрымання, бо Бяленскі ўтрымліваецца пад вартай у межах крымінальнай справы з 13 жніўня, - адхілена;
  • запрасіць і апытаць у якасці сведак некалькіх грамадзянаў - адхілена, бо не забяспечана яўка;
  • далучыць да матэрыялаў справы копію пастановы аб прыцягненні падсуднага да адміністрацыйнай адказнасці за 10 жніўня - адхілена.

Згодна з абвінавачваннем, Антон Бяленскі, будучы дасведчаным аб плануемым 9 жніўня несанкцыянавым масавым мерапрыемстве і ў мэтах перашкоды супрацоўнікам праваахоўных органам у выкананні іх службовых абавязкаў, не пазней за 23 гадзіны па пр. Машэрава далучыўся да групы грамадзянаў, якія груба парушалі грамадскі парадак, што выявілася ў публічным выкрыкванні лозунгаў, знаходжанні ў счэпцы рукамі, блакаванні руху грамадскага транспарту, у тым ліку гучна пляскаў у далоні, неаднаразова адмовіўся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі і наўмысна перашкаджаў руху транспарту, а таксама ўгаворамі прыцягваў іншых людзей да супрацьпраўных дзеянняў.   

У выніку быў спынены рух як мінімум пяці аўтобусных марштрутаў, чатырох - тралейбусных і двух - трамвайных. 

Антон Бяленскі прызнае віну часткова. 

Так палітвязень прызнае, што 9 жніўня выйшаў на мірную акцыю, дзе выкрыкваў лозунгі і пляскаў у далоні, выходзіў на праездную частку дарогі. Але не адмаўляўся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі і не ўгаворваў людзей далучацца. 

У далейшым Антон Бяленскі адмовіўся ад дачы паказанняў. 

Суд агучыў пісьмовыя паказанні палітвязня, дадзеныя падчас следства 15 жніўя, нібыта праз значныя супярэчнасці.

Тады Антон Бяленскі адзначаў, што выйшаў у цэнтр горада 9 жніўня каля 20 гадзін: бачыў, што мост на пр. Машэрава перакрыты сілавікамі ў шлемах. Людзі час ад часу набліжаліся да міліцыянераў, кідалі петарды, у адказ тыя – кідалі светла-шумавыя гранаты. Бачыў, як некаторыя людзі разбіралі плітку, падыйшоў да іх і папрасіў так не рабіць, людзі перасталі.

У нейкі момант усе пачалі разбягацца, Антон збягаў дварамі. У 2 гадзіны 30 хвілін ночы зайшоў у бар, потым пайшоў у гасцініцу “Беларусь”, дзе пражываў са сваёй дзяўчынай Марыяй.

На наступны дзень сустрэўся са сваёй маці, каб абмеркаваць тое, што адбывалася. Маці распавяла, што дапамагала хлопцу, каля якога ўзарвалася граната і яго кантузіла.

Калі вяртаўся ў гасцініцу, бачыў, як сілавікі затрымлівалі людзей, спужаўся і вырашыў выехаць з гасцініцы, але чакаў дзяўчыну з працы. Марыя вярнулася каля 18 гадзін, а ў 18.30 дзверы ў нумар адчыніліся і ўвайшлі супрацоўнікі міліцыі. Яны пасвяцілі Антону ліхтарыкам у вочы і прыказалі легчы на падлогу, надзелі кайданкі і вывелі.

У мужчыны было з сабой некалькі тысячаў долараў пасля продажы аўтамабіля.

Яшчэ да гэтага – 5 жніўня Антона Бяленскага затрымлівалі супрацоўнікі ДАІ, нібыта за тое, што машына, на якой ён ехаў, лічылася ва ўгоне. Тады мужчыну даставілі ў Ленінскае РУУС, а чалавека, які быў з ім, – арыштавалі на 12 сутак. Пасля гэтага Антон з дзяўчынай вырашылі здымаць нумар у гатэлі.

На пытанне следчага пра акцыю, Антон Бяленскі адказваў, што пратэст быў мірны, а мэта яго ўдзелу ў ім – паказаць, што на выбрачых участках не былі вывешаныя вынікі выбараў, а незалежныя назіральнікі не былі дапушчаныя.

Таксама адзначаецца, што з Лявонам Халатранам падсудны пазнаёміўся ў штабе Віктара Бабарыкі падчас сбору подпісаў.

У судзе аб’яўлены перапынак да 14.15.

Пасля перапынку агучылі яшчэ адзін пратакол допыту Антона Бяленскага, дзе ён адмовіўся даваць паказанні супраць самога сябе. У той дзень – 15 снежня на допыце палітвязню далі праслухаць аўдыёзапісы ягонай тэлефоннай размовы, дзе Лявон Халатран распавядае яму пра барыкады, якія ён бачыў 9 жніўня. Антон у адказ пераказвае, што бачыў ён, кажа фразу "нашых б'юць, нічога ніяк не каардынуецца". Антон Бяленскі растлумачыў, што гэта было эмацыйна, і ён апісаў, што бачыў.

А таксама тэлефонная размова з Андрэем Пазняком - сябра Антона Бяленскага, які быў затрыманы 11 жніўня, дзе абмяркоўваюцца "няўдачы, якія напаткалі нас з Пазняком".

А ўжо 18 снежня Антон Бяленскі быў апытаны ў якасці абвінавачанага, ён таксама адмовіўся даваць паказанні.

Што маецца ў матэрыялах справы?

Так як пацярпелыя не з'явіліся на пасяджэнне, суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы.

У матэрыялах справы маецца два пратаколы затрымання: адзін датаваны 13 жніўня 22.48 гадзін, а другі - 14 жніўня, калі быў зроблены вопіс рэчаў Бяленскага, сярод якіх пазначаны канфіскаваныя 3300 даляраў, тэлефоны, ноўтбук.

Абарона звярнула ўвагу, што такім чынам палітвязня затрымлівалі двойчы.

Судом была агучаная перапіска ў тэлеграме з Андрэем Пазняком, Лявонам Халатранам, бацькам Антона - Ігарам Бяленскім, які таксама быў затрыманы 11 жніўня і змешчаны ў СІЗА КДБ, а пазней вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.

Абарона адзначае: ні падсудны, ні сведкі не дапытаныя па гэтых перапісках, таму, зыходзячы з прэзумпцыі невінаватасці, іх не варта ўлічваць.

У матэрыялах справы маюцца відэазапісы з вул. Старажоўская і пр. Машэрава, дзе зафіксаваныя фразы "граната, страляюць", чутныя крыкі, свіст, гукавыя сігналы аўтамабіляў. Гэты запіс з прылады Савіцкага. Абарона звяртае ўвагу на той факт, што да справы Бяленскага яна не мае дачынення.

З Савіцкім абвінавачаны стэлефаноўваўся 9 жніўня ўвечары некалькі разоў і планаваў сустрэцца. Аўдыё іх размовы таксама маецца ў матэрыялах справы: мужчыны абмяркоўвалі, як сілавікі кідалі гранаты, як Савіцкі бегаў ад АМАПу, ацэньвалі, колькі людзей там было (5-10 тысяч), абменьваліся інфармацыяй аб сітуацыі. Напрыклад, Савіцкі кажа Бяленскаму:

"Ідзі сюды, а то на стэле слёзатачывы газ пусцілі".

Таксама ў матэрыялах справы расшыфроўка некалькіх тэлефонных размоў з Лявонам Халатранам прыкладна ў 22 гадзіны. Яму Антон Бяленскі распавядае, што вакол яго людзей разбілі на купкі, усе крычаць.

Каля 23 гадзін падсудны размаўляў з Андрэем Пазняком. Таксама мужчыны стэлефаноўваліся днём 10 жніўня: абмяркоўвалі папярэдні пратэст.

Абарона заявіла некалькі хадайніцтваў: зноў запатрабаваць з суда Цэнтральнага раёна пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці Бяленскага за 10 жніўня; запатрабаваць у ГУБАЗіК справу Бяленскага і праверыць, ці меліся падставы для правядзення ў дачыненні да яго аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў 9 жніўня? Якія менавіта АВМ у дачыненні да яго праводзіліся? Па якой прычыне яны праводзіліся без санкцыі пракурора?

Суд адхіліў гэтыя хадайніцтвы.

У матэрыялах справы таксама маюцца звесткі ад Мінсктранса аб памеры нанесенай шкоды:

  • 3689 рублёў за пашкоджанне дзевяці транспартных сродкаў:
  • больш за 6 000 рублёў за страту транспартнай працы праз прастой;
  • 346 рублёў 92 капейкі з-за не працы транспарту на скрыжаванні Машэрава (менавіта гэтая сума была сплачана Антонам Бяленскім).

Пасля суд заслухаў тэлефонныя размовы Бяленскага – аўдыёзапісы ўключаныя ў рэчавыя доказы па справе.

Адвакат звярнула ўвагу, што гэтыя званкі проста пра тое, што Антон Бяленскі, не ведаючы, куды ісці, проста размаўляе з таварышамі.

Судовае пасяджэнне працягнецца 16 лютага ў 10.00.

Інфармацыя будзе дапоўненая

Гісторыя пераследу 29-гадовага прадпрымальніка Антона Бяленскага

Антон Бяленскі быў затрыманы 10 жніўня ў гасцініцы "Беларусь" на 17-м паверсе. Сілавікі ўварваліся ў нумар каля 19.00, калі той быў з дзяўчынай. Маладыя людзі знаходзіліся ў вокна, Антон гаварыў па тэлефоне з сябрам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства