"Следчы эксперымент праводзіўся з парушэннямі". У Гомелі працягваецца суд за БЧБ-сцягі, "выбухоўку" і карыкатуру
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 11 лютага працягваўся разгляд крымінальнай справы пра “выбухоўку”. На лаве падсудных – 31-гадовы Яўген Зялкоўскі. Яго вінавацяць у асабліва злосным хуліганстве па ч.3 артыкула 339 КК РБ, за што прадугледжаная крымінальная адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі аж да 10 год.
Суд адбываецца ў закрытым рэжыме. Справу разглядае суддзя Алеся Осіпава.
32-гадовы Яўген Зялкоўскі абвінавачваецца ў тым, што па «матывах палітычнай варожасці і з хуліганскіх меркаванняў» вырабіў БЧБ-палотнішча, замацаваў яго на дрэўцы і 25 кастрычніка ўсталяваў у раёне вуліцы Хатаевіча. Па версіі следства, у паглыбленне ў зямлі ён змясціў самаробную прылада, падобную на выбухоўку, каб падчас дэмантажу сцяга адбыўся накіраваны выбух, паведамляюць "Моцныя навіны".
Як мяркуе следства, у лістападзе Яўген Зялкоўскі ўсталяваў яшчэ адзін падобны сцяг на вуліцы Бранскай. На гэты раз ён размясціў побач скрынку, у якой знаходзіліся два падшыпнікі і карыкатура на АМАП.
Пракурор заявіў, што дзеянні Яўгена былі накіраваныя на дэзарганізацыю працы сілавых і іншых дзяржаўных структур, мелі на мэце дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне і груба парушылі грамадскія асновы і спакой грамадзян.
Аднак Яўген Зялкоўскі не прызнаў падобную кваліфікацыю сваіх дзеянняў. Ён растлумачыў, што хацеў адцягнуць увагу сілавікоў ад пратэстных акцый у горадзе, бо ад дзеянняў праваахоўнікаў ужо пацярпела шмат мірных грамадзян, у тым ліку — яго знаёмых.
Мужчына заявіў, што пры затрыманні не аказваў супраціву, але тым не менш да яго ўжываліся спецсродкі: пярцовы балончык, змесцівам якога яму залілі твар і вочы. Па словах Яўгена, па дарозе яму наносілі ўдары дубінкай, у АУС цягалі за ногі па калідоры і лесвіцы, ставілі ногі, абутыя ў берцы, на галаву, білі нагамі, патрабуючы назваць паролі ад тэлефона і месенджараў.
На сённяшнім пасяджэнні 11 лютага суд разгледзеў канфіскаваныя пры ператрусах запісы, на думку следства, якія сведчаць аб тым,што менавіта Яўген вырабіў прыладу, падобную да выбуховых. У запісах пералічаныя прадметы, неабходныя для гэтага, такія, як прыпой, джала паяльніка.
"Рабіў інсталяцыі з б-ч-б сцягамі і муляжамі выбуховак". Пачаўся суд над Яўгенам Зялкоўскім
Акрамя таго, быў прадстаўлены відэазапіс следчага эксперыменту: выпрабаванне мадэлі прылады, якая была вырабленая і выкарыстаная Зялкоўскім пры ўсталёўцы сцяга ў раёне вуліцы Хатаевіча. На мінулым судовым пасяджэнні Яўген падкрэсліваў, што ён не толькі не выкарыстаў ніякіх выбуховых рэчываў, але і высыпаў змесціва з петарды, якая з'яўляецца часткай прылады.
Адвакат адзначыла, што следчы эксперымент праводзіўся з парушэннямі - не адпавядаў тым умовам, якія мелі месца ў рэальнасці.
"Я хачу звярнуць увагу Высокага суда на тое, што мой падабаронны імкнуўся максімальна мінімізаваць магчымыя наступствы ад дзеяння прылады, — падкрэсліла адвакат. - Менавіта таму ён высыпаў змесціва з петарды, менавіта таму закапаў прыладу ў зямлю".
На думку адваката, пласт зямлі заглушыў бы нават хлапок пасля спрацоўвання прылады. Падчас следчага эксперыменту прылада выпрабоўвалася на паверхні зямлі.
Адвакат хадайнічала аб запрашэнні на наступнае пасяджэнне суда эксперта ў галіне піратэхнічных прылад, які можа патлумачыць адрозненні ў дзеянні прылады ў розных умовах. Суддзя Осіпава па патрабаванні пракурора адхіліла гэтае хадайніцтва.
Адвакат паведаміла суду, што бокам абароны пададзеныя скаргі ў тры праваахоўных органа па факце нанясення цялесных пашкоджанняў Зялкоўскаму прадстаўнікамі сілавых структур.