viasna on patreon

Крытыка — гэта экстрэмізм? Справа блогера Паўла Спірына: судовае следства і апошняе слова Аўдыё

2021 2021-02-01T23:03:26+0300 2021-02-02T17:39:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pavel-spirin_sud_2021-02-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 1 лютага скончыліся спрэчкі бакоў па крымінальнай справе ў дачыненні да блогера Паўла Спірына. Дзяржабвінаваўца Антон Цюменцаў запрасіў 4 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Дзіна Кучук вынесе сваё рашэнне пятага лютага.

Як праходзіў судовы працэс і што гаварылася на спрэчках бакоў? Чытайце ў нашым матэрыяле.

Блогер Павел Спірын пасля судовага паседжання 1 лютага
Блогер Павел Спірын пасля судовага паседжання 1 лютага

Судовы працэс у дачыненні да Паўла Спірына пачаўся 25 студзеня. Разбіральніцтва па справе ішло да 29 студзеня кожны дзень. Пра першы дзень можна прачытаць тут:

"Чаму вы так абражаеце АМАП?" — суд над Паўлам Спірыным, на які не трапіла каля 70 чалавек

У Мінскім гарадскім судзе 25 студзеня ў 10.00 пачаўся суд па крымінальнай справе ў дачыненні да Паўла Спірына. Не ўсе жадаючыя змаглі трапіць туды—каля 70 чалавек засталося стаяць па-за заляй судовых паседжанняў, бо ім не хапіла месца. Дзверы залі зачынілі.

Сацыяльная варожасць па прыкмеце прыналежнасці да прафесіі

Абвінавачваюць Паўла Спірына ў частцы 1 артыкула 130 КК РБ — "Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці". Прычынай гэтаму абвінавачванню сталі два відэароліка на youtube-канале Паўла Спірына: "Грань", прысвечаны антынаркатычнаму заканадаўству ў Беларусі (размешчаны 14 чэрвеня 2019 года), а таксама ”Жуткая тайна генпрокурора Беларуси: карт-бланш на садизм" (размешчаны 22 жніўня 2020 года і прысвечаны падзеям 9 жніўня ў Беларусі, дзе Павел Спірын выказаў сваё меркаванне аб тым, "што адбываецца, чаму гэта адбываецца і дзе рэакцыя Генеральнай пракуратуры?"). У іх абвінавачваннем угледжваецца "распальванне іншай сацыяльнай варожасці,  якая выявіліся ў размяшчэнні [гэтых двух відэаролікаў]". Сацыяльная група тут угледжваецца па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці, а менавіта: работнікі пракуратуры, суддзі, дэпутаты, вышэйшыя службовыя асобы РБ, супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку спецыяльнага падраздзялення АМАП.

Сам Павел Спірын падкрэсліваў падчас судовага следства і спрэчак, што яго відэаролікі былі накіраваныя на крытыку праваахоўнай сістэмы і органаў дзяржаўнай улады.

Але з такой крытыкай дзяржабвінавачанне не згодна:

"Безумоўна, крытыка сама па сабе не можа разглядацца як праява экстрэмізму, калі толькі яна не пераходзіць мяжу, якая аддзяляе гарантуемае кожнаму свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне ад здзяйснення злачынных дзеянняў, прадугледжаных законам", — адзначыў дзяржабвінаваўца Антон Цюменцаў падчас судовых спрэчак 1 лютага.

Дзяржабвінаваўца Антон Цюменцаў. Фота: naviny.by
Дзяржабвінаваўца Антон Цюменцаў. Фота: naviny.by

Калі б факты, прадстаўленыя ў відэароліках, былі б дакладнымі, то тады гэта было б крытыкай. Аднак факты ў гэтых відэа "не паддаюцца ніякай крытыцы з пункту гледжання дакладнасці", а значыць у роліках ёсць узбуджэнне варожасці і нянавісці — такая логіка дзяржабвінаваўцы, які спасылаецца на праведзеныя судовыя экспертызы.

Дзяржаўная і незалежная экспертызы: у чым адрозненні?

Па кожным з відэаролікаў Паўла Спірына дзяржаўнымі прадстаўнікамі былі праведзены лінгвістычная і сацыяльна-псіхалагічная экспертызы.

Згодна з лінгвістычнай экспертызай, праведзенай Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз, у фільме «Грань» «маюцца выказванні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў, накіраваных на прычынення шкоды адной групы асоб іншай групе асоб, аб'яднанай па прыкметах «работнікі пракуратуры, суддзі (якія выносяць прысуды па наркатычных артыкулах-заўв.), дэпутаты, вышэйшыя службовыя асобы рэспублікі БЕЛАРУСЬ, а таксама па прыкмеце супрацоўнікі міліцыі».

"Я ваш ролік успрымаю як пабуджэнне да гвалтоўных дзеянняў", — сказала Паўлу Спірыну эксперт Таццяна Лаўрэнцьева на судовым пасяджэнні 28 студзеня.

"Вы мяркуеце, які менавіта гвалт у адносінах да суддзяў і пракурораў я маю на ўвазе ў роліку?", — удакладніў Павел Спірын. 

"Забойства", — адказала эксперт.

Для выражэння негатыўнай ацэнкі ў відэа, згодна з экспертам, выкарыстоўваліся розныя маўленчыя сродкі — негатыўна-лексічныя лексемы і стылістычныя прыёмы, аднак "пабуджэнні, якія заклікаюць" у роліку Спірына былі не прамымі, а завуаляванымі.

Падчас судовых спрэчак 1 лютага Спірын падкрэсліў:

"Прысуд не можа быць заснаваны на здагадках. А раз прамога прызыву [у відэароліку — Заўв.] не, значыць усё астатняе — гэта ўсяго толькі здагадкі".

Відэаролік "Жуткая тайна генпрокурора Беларуси: карт-бланш на садизм" таксама, згодна з лінгвістычнай экспертызай, мае "выказванні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да прадстаўнікоў асобных груп: вышэйшыя службовыя асобы, пракуроры, дэпутаты Парламента, намесніка старшыні Вярхоўнага суда і іншых асоб, а таксама канкрэтных асоб" — сярод іх не менш за 15 чалавек, уключаючы міністра МУС Ігара Шуневіча (цяпер — экс-міністра).

Сацыяльна-псіхалагічная ж экспертыза, праведзеная Упраўленнем судова-псіхіятрычных экспертыз па Мінскай вобласці, устанавіла: відэаролік  "Жуткая тайна генпрокурора Беларуси: карт-бланш на садизм" фарміруе ў карыстальніка сеткі Інтэрнэт варожай сацыяльна-псіхалагічнай устаноўкі, выяўленай у негатыўным стаўленні, прызнанні правільнасці і прымальнасці здзяйснення гвалтоўна-агрэсіўных дзеянняў з дапамогай іх апраўдання і адабрэння ў дачыненні да прадстаўніка групы асоб, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці — супрацоўнікі АМАП. Падобная выснова прысутнічае і ў экспертызе відэароліка "Грань", аднак падкрэсліваецца варожае стаўленне да канкрэтных службовых асоб, напрыклад да экс-міністру МУС Ігара Шуневіча.

"Вы ацэньваеце дзейнасць супрацоўнікаў АМАП, звязаную з тым, што адбывалася пасля выбараў, як негатыўную, — сказаў Паўлу Спірыну эксперт-псіхолаг Дзмітрый Акаловіч падчас судовага пасяджэння 28 студзеня. — Вы [у відэа] кажаце:  "збівалі ... " і іншае — гэта негатыўная ацэнка іх прафесійнай дзейнасці, якая звязаная з выкананнем імі прафесійных абавязкаў. А паколькі яна прад'яўлена публічна, то яна перастае быць вашай асабістай [ацэнкай]".

Павел Спірын хадайнічаў аб тым, каб суд разгледзеў сацыяльна-гуманітарнае даследаванне, якое па двух відэароліках даў Дзмітрый Дуброўскі. Ён з'яўляецца спецыялістам па правядзенні спецыяльных судовых экспертыз у галіне мовы варожасці і злачынстваў на глебе нянавісці з Цэнтра незалежных сацыяльных даследаванняў (Санкт-Пецярбург). Высновы экспертызы такія:

  • Пытанне: Ці маюцца ў абодвух фільмах выказванні, якія змяшчаюць лінгвістычныя прыкметы пабуджэння да формы заклікаў да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да групы асоб або якой-небудзь сацыяльнай групы?
  • Адказ: Няма.
  • Пытанне: Ці ўтрымліваюць абодва фільма прыкметы апраўдання прымянення супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да групы асоб або якой-небудзь сацыяльнай групы?
  • Адказ: Не.
  • Пытанне: Ці маюцца ў фільме "Грань" выказванні, у якіх негатыўна ацэньваецца чалавек ці група асоб, аб'яднаных па якой-небудзь прыкмеце?
  • Адказ: Так, ёсць негатыўныя ацэнкі людзей па прыкмеце фальсіфікацыі імі наркатычных спраў. Гэтыя супольнасці не складаюць сацыяльных груп, якія павінны абараняцца законам.
  • Пытанне: Ці маюцца ў фільме "Жуткая тайна генпрокурора Беларуси: карт-бланш на садизм" выказванні, у якіх негатыўна ацэньваецца група асоб або чалавек, аб'яднаных па якой-небудзь прыкмеце?
  • Адказ: Так, ёсць негатыўныя ацэнкі людзей па прыкмеце імі неправавога гвалту і катаванняў у дачыненні да мірных грамадзян: гаворка ідзе пра генералах, а таксама амапаўцаў, якія катавалі людзей.

Гэтая экспертыза была далучаная да матэрыялаў справы. Аднак дзяржабвінаваўца падчас судовых спрэчак заклікаў не звяртаць на яе ўвагі, паколькі эксперт Дуброўскі мае гістарычную, а не лінгвістычную альбо псіхалагічную адукацыю, і таму не з'яўляецца кампетэнтным у такіх пытаннях. Што ж тычыцца дзяржаўнай экспертызы, то падстаў не давяраць яе высновам не маецца, лічыць дзяржабвінаваўца. А яе высновы аб'ектыўна пацвярджаюцца каментарамі тых, хто глядзеў ролік.

Людзі, якія паглядзелі ролік, Або ўплыў Спірына на інтэрнэт-карыстальнікаў

Некаторыя з тых, хто пакідаў каментары пад відэа-ролікамі Паўла Спірына на youtube, выступілі на судовым пасяджэнні ў якасці сведкі.

"Маладым людзям, асуджаным па артыкуле 328 ["наркатычны" артыкул у Крымінальным кодэксе РБ — Заўв.] даюць занадта вялікія тэрміны пакарання, а можна даць іншыя. У гэтым кантэксце крытыкавалася і МУС", — распавёў свае ўражанні аб фільме сведка Ігар Блудаў. Сам ён відэаролік "Грань" паглядзеў не цалкам.

"Негатыву ад мяне ў адносінах да МУС вы не ўлавілі?",— спытаў у яго Павел Спірын.

"У той частцы, якую я бачыў, не ўлавіў",— сказаў сведка.

Сведка ж Палянін на судовы працэс не з'явіўся, аднак яго паказанні былі абвешчаныя падчас судовага следства і паўтораны дзяржабвінаваўцам падчас спрэчкі бакоў: "пасля роліка "Грань" ён зрабіў выснову, што ў ім маецца заклік да гвалтоўных дзеянняў, [ ... ] што стала прычынай яго звароту ў праваахоўныя органы".

Каментары пад відэаролікамі Спірына былі агледжаныя (а ў матэрыялах крымінальнай справы ёсць скрыншот гэтых каментароў на 20 старонак).

"Да відэароліка "Жуткая тайна генпрокурора Беларуси: карт-бланш на садизм" маюцца розныя па сваім характары каментары, у тым ліку звязаныя з намерамі прымяніць гвалт да супрацоўнікаў АМАП", — адзначыў дзяржабвінаваўца падчас спрэчкі бакоў.

"Абвінавачванне прыводзіць толькі падборку з некалькіх дзесяткаў каментарыяў, а пад відэа — больш трох тысяч каментароў пад кожным. Гэта значыць абвінавачванне ўзяло 1-2% каментароў і хоча выдаць іх за меркаванне большасці", — сказаў на гэта Павел Спірын падчас спрэчкі бакоў.

Апошняе слова Паўла Спірына

"Што сказаць? Я заўсёды хацеў і хачу для сваёй краіны толькі дабра. [ ... ] Мае відэа — гэта проста крытыка. Жорсткая, але крытыка. Напрыклад, газета адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі 300-тысячным накладам распаўсюджвае яшчэ большую крытыку, чым я. Заклікаючы адбіраць з сем'яў пратэстоўцаў іх дзяцей. Параўноўваючы пратэстоўцаў з фашыстамі. І ніхто гэтых журналістаў і рэдактараў у распальванні сацыяльнай варожасці не абвінавачвае. […]

Гэта [1 лютага — Заўв.] ужо маё пятае судовае пасяджэнне па гэтай справу. Ужо пяты раз мне даводзіцца распранацца дагала, паварочвацца і прысядаць, каб пераканаць МУС, што ўнутры майго задняга праходу няма нічога супрацьзаконнага. Асабліва брыдка, што гэта ўсё здымаецца на відэакамеру. Такая працэдура дастаўлення ў суд. […]

У нас у камеры ёсць тэлевізар, і кожны вечар там гаворыцца пра неабходнасць дыялогу. Народ Беларусі хоча дыялогу. [ ... ] Я прашу Высокі суд сваім прысудам прадэманстраваць, што дзяржава ўкладвае ў паняцце дыялогу, і які лёс чакае такіх людзей, якія вырашылі выкарыстаць шанец на мір для краіны. Пакажыце прысудам, што будзе з нашымі малалетнімі дзецьмі і бацькамі-пенсіянерамі. У мяне ўсе".

Viasna96 · Реакция слушателей на последнее слово Павла Спирина

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства