viasna on patreon

Пачалі судзіць палітвязняў Соф'ю Малашэвіч і Ціхана Клюкача за надпісы на шчытах спецтэхнікі

2021 2021-01-14T18:22:00+0300 2021-01-15T09:24:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/klukach_tihan1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ціхан Клюкач на першым пасяджэнні

Ціхан Клюкач на першым пасяджэнні

У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 14 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітвязняў Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача. Іх абвінавачваюць у тым, што яны распісалі балончыкамі шчыты спецсродкаў загароды на акцыі пратэсту 6 верасня (ч.2 арт. 339 КК РБ), а таксама ўдзельнічалі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Акрамя таго, Сафіі Малашэвіч прад'яўленае абвінавачаньне ў публічнай абразе прэзыдэнта (арт. 368 КК РБ).

Працэс вядзе суддзя суда Кастрычніцкага раёна Вольга Няборская. Дзяржабвінаваўца - Рудніцкая.

Ціхан Клюкач прызнаў віну часткова - толькі паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. Пры гэтым лічыць сябе невінаватым па ч. 2 арт. 339 КК, бо сам не наносіў надпісы, а толькі здымаў на тэлефон, як гэта рабіла Соф'я. Рабіў ён гэта па яе просьбе. Пасля таго, як Соф'я скончыла маляваць, ён здымаў, як яна танчыць. Ціхан кажа, што ў іх з Соф'яй - рамантычныя адносіны.

Пры гэтым, падчас следства Ціхан казаў, што сам рабіў надпісы на шчытах. У судзе ён адмовіўся ад папярэдніх паказанняў, тлумачачы гэта тым, што тады ён хацеў "выгарадзіць" Соф'ю, але гэта ёй не дапамагло. Акрамя таго, у яго захварэла мама, што таксама стала прычынай для змены паказанняў.

Соф'я Малашэвіч таксама прызнала віну часткова: па ч. 1 арт. 342, але не прызнала па ч. 2 арт. 339, так як наносіла надпісы адна, а не ў групе. Тым самым пацвердзіўшы, што Ціхан надпісы не рабіў. Таксама яна прызнала, што абразіла прэзыдэнта, намаляваўшы нецэнзурнай плакат і выйшаўшы з ім на адзін з ланцугоў салідарнасці.

Соф'я Малашэвіч у судзе. Фота
Соф'я Малашэвіч у судзе. Фота "Нашай Нівы"

На судзе Соф'я неаднаразова паўтарала, што ўсё, што яна зрабіла, было зроблена для прыцягнення ўвагі да "сацыяльнай несправядлівасці ў грамадстве" і да неабароненасці пенсіянераў. Яна распавяла пра сваю бабулю-інваліда з Баранавічаў, якая мае 40 гадоў працоўнага стажу, а атрымлівае пенсію 400 рублёў. За такія грошы немагчыма наняць сядзелку.

Новыя "крыміналкі": дзяўчат вінавацяць у зрыванні маскі з міліцыянта і за малюнак на спецтэхніцы "Рубеж"

Соню затрымалі 6 верасьня. Расказвае, што яе авінавачваюць па двух артыкулах КК — 339 «Хуліганства» і 342 «Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Соня прызнае, што ўжывала ў выказваньні і нецэнзурныя словы.

У якасці рэчыўных доказаў у справе фігуруюць балончыкі з белай і чырвонай фарбай, на якіх адбіткі і біялагічныя сляды не былі ідэнтыфікаваныя. І Ціхан, і Сафія пацвердзілі, што ў той дзень мелі іх пры сабе.

Таксама ў судзе заслухалі станоўчую характарыстыку з працы Соф'і - з рэстарана KFC. Пасля таго, як яна восенню адбыла 15 сутак арышту, яе адлічылі з брэсцкага каледжа, дзе таксама вучыўся Ціхан, яна вярнулася ў Мінск і з лістапада ўладкавалася туды на працу.

Пасля допыту абвінавачаных і абвяшчэння іх паказанняў суддзя абвясціла перапынак да 21 студзеня, 10.00.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства