viasna on patreon

#WeStandBYyou: Новыя хросныя для палітвязняў у Беларусі

2020 2020-12-29T16:34:20+0300 2020-12-30T18:25:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ingmar-jung.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou Грэгар Гізі (Левыя), Габрыэла Хайнрых (SPD), Бэціна Штарк-Ватцынгер (FDP), Томаш Франкоўскі (PO), Фрэнк Юнге (SPD), Інгмар Юнг (CDU), Норберт Альтэнкамп (ХДС), Яханэс Фогель (FDP) і Сільвія Леман (SPD) сталі “хроснымі” беларускіх палітвязняў Яўгена Каханоўскага, Ягора Сугойдзя, Аляксандра Кісялёва, Марыі Каленік, Ігара Пражэннікава, Паўла Нядбайлы, Віктара Панцялеева, Уладзіміра Гароха і Дзмітрыя Ластоўскага.

gregor-gysi.jpg

Дэпутат Бундэстага Грэгар Гізі стаў “хросным” Яўгена Каханоўскага. Ён заявіў:

“Палітычныя зняволеныя, такія як Яўген Каханоўскі, павінны быць вызвалены. Час улады аўтарытарнага прэзідэнта скончыўся”.

gabriela_heinrich.jpg

Дэпутатка Бундэстага Габрыэла Хайнрых, якая працуе ў Камітэце па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе, стала “хроснай” Ягора Сугойдзя. Яна заявіла:

“Замест размовы з дэманстрантамі Лукашэнка адказвае рэпрэсіямі і гвалтам. Тысячы апазіцыйных актывістаў па-ранейшаму несправядліва зняволеныя. Сярод іх — Ягор Сугойдзь, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Я выказваю поўную салідарнасць з ім і ўсімі палітвязнямі і актывістамі апазіцыі. Я заклікаю Аляксандра Лукашэнку неадкладна вызваліць Ягора Сугойдзя і ўсіх астатніх палітвязняў! Беларусі патрэбны новы пачатак. І гэты шлях — не шлях рэпрэсій, але дыялогу”.

bettina_stark-watzinger.jpg

Дэпутатка Бундэстага Бэціна Штарк-Ватцынгер стала “хроснай” Аляксандра Кісялёва. З гэтай нагоды спадарыня Штарк-Ватцынгер заявіла:

“Падзеі ў Беларусі паказваюць, што правы чалавека нельга недаацэньваць нават у Еўропе. Мужнасць мірных дэманстрантаў, якія выступаюць за свабоду і дэмакратыю, выклікае захапленне. Тым больш, таму што яны могуць у любы момант быць арыштаваныя і зняволеныя. Адзін з іх — 18-гадовы Аляксандр Кісялёў са Жлобіна. Мы звяртаемся да яго і ўсіх прыхільнікаў руху: “Вы не самотныя — Еўропа глядзіць на Беларусь”. Я патрабую неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў!”

tomasz-frankowski_2.jpg

Дэпутат Еўрапарламента Томаш Франкоўскі, які ўваходзіць у склад дэлегацыі па сувязях з Беларуссю, стаў “хросным” Марыі Каленік. Ён заявіў:

“Як сябра Камітэта па культуры і адукацыі ў Еўрапейскім парламенце я асабліва занепакоены становішчам моладзі ў Беларусі, у тым ліку вялікая колькасць затрыманых студэнтаў. Я заклікаю да неадкладнага і безумоўнага вызвалення і зняцця абвінавачванняў супраць усіх арыштаваных студэнтаў, уключаючы Марыю Каленік”.

frank-junge.jpg

Дэпутат Бундэстага Франк Юнге стаў “хросным” Ігара Пражэннікава. Ён заявіў:

“Я асабіста стаў “хросным” Ігара Пражэннікава, які быў зняволены 4 кастрычніка. Ён палітвязень, толькі таму, што выступаў за свабодныя і сумленныя выбары ў Беларусі. Я патрабую, каб урад Беларусі неадкладна вызваліў Ігара і ўсіх астатніх палітвязняў. Еўрапейскія каштоўнасці заснаваныя на свабодзе слова, сумленных выбарах і вяршэнстве закона”.

Дэпутат Бундэстага Інгмар Юнг стаў “хросным” Паўла Нядбайлы. З гэтай нагоды спадар Юнг заявіў:

“Справядлівасць і законнасць — гэта каштоўнасці, якія заўсёды былі для мяне вельмі важнымі і рухалі мной ў маёй палітычнай працы. Я захапляюся мужнасцю і воляй людзей у Беларусі ў іх патрабаваннях свабодных і сумленных выбараў, а таксама ў супрацьстаянні рэжыму, нягледзячы на тое, што ім пагражаюць пазбаўленне волі і працяглыя тэрміны зняволення. Я хачу запэўніць жыхароў Беларусі, што яны не самотныя. Мы, дэпутаты нямецкага Бундэстага, сочым за іх мужным пратэстам і не можам не рэагаваць, калі ў дачыненні да іх робіцца несправядлівасць. Таму я ўзяў на сябе абавязак “хроснага” палітвязня Паўла Нядбайлы і буду дамагацца яго вызвалення”.

norbert_altenkamp.jpg

Норберт Альтэнкамп, сябра Камітэта па правах чалавека Бундэстага Германіі, стаў “хросным” Віктара Панцялеева. Ён заявіў:

“Я рашуча пратэстую супраць зняволення Віктара Панцялеева і патрабую яго неадкладнага вызвалення. Адзіная ягоная “правіна” ў тым, што ён удзельнічаў у мірнай дэманстрацыі супраць урада Лукашэнкі і разам з многімі іншымі нявіннымі грамадзянамі патрабаваў свабоды, дэмакратыі і новых сумленных выбараў. Сваім рашэннем стаць для яго “хросным бацькам” я хачу паказаць яму: я побач з ім і захапляюся яго мужным і ўзорным пратэстам супраць самавольнай дзяржаўнай улады. Неабходна спыніць гвалтоўныя і незаконныя дзеянні рэжыму супраць мірных дэманстрантаў. Не толькі Віктар Панцялееў — усе палітвязні павінны быць неадкладна вызваленыя”.

johannes_vogel.jpeg

Дэпутат Бундэстага Яханэс Фогель стаў “хросным” Уладзіміра Гароха. Ён заявіў:

“Мінск больш чым ў два разы бліжэйшы да Берліна, чым Лісабон. Той факт, што выказванне ўласнага меркавання і мірная дэманстрацыя ўласных перакананняў немагчымыя без наступстваў так блізка ад нашай сталіцы, не павінен пакінуць нас абыякавымі. Я патрабую вызвалення Уладзіміра Гароха і іншых палітвязняў!”

Дэпутатка Бундэстага Сільвія Леман стала “хроснай” Дзмітрыя Ластоўскага. Яна заявіла:

“З вялікім захапленнем я сачу за імкненнем беларускай апазіцыі і грамадзянаў да дэмакратыі, якое доўжыцца ўжо некалькі месяцаў. Я дзякую ўсім, хто ўдзельнічае ў гэтым, за тое, што не дазволілі жудасным парушэнням правоў чалавека, самаўпраўству і катаванням скінуць іх з свайго шляху. Беларускія ўлады, неадкладна вызваліце Дзмітрыя Ластоўскага і іншых затрыманых разам з ім па палітычных матывах, а таксама забяспечце фізічную і псіхічную недатыкальнасць зняволеных!”

Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Усё больш еўрапейскіх дэпутатаў становяцца "хроснымі" для беларусіх палітвязняў

Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся новыя дэпутаты нямецкага парламента.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства