За 5 хвілін у счэпцы і два штуршкі ў спіну - 4 гады пазбаўлення волі
23 і 24 снежня прадоўжыўся судовы працэс над Іллёй Турковым, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, і гвалце ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных спраў.
КАРТКА ПРАЦЭСУ
Суд: Першамайскага раёна г. Мінска Артыкулы: ч.1 арт. 342, арт. 364 Крымінальнага кодэкса Абвінавачаны: Ілля Туркоў Пацярпелы: супрацоўнік АМАП Ігар Астапук Суддзя: Таццяна Ліннік Дзяржаўны абвінаваўца: Зубко Пакаранне, запрошанае дзяржабвінавачаннем: 4 гады пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову агульнага рэжыму |
Суд пачаў разгляд крымінальнай справы Іллі Туркова па падзеях 14 ліпеня
На другім судовым пасяджэнні, 23 снежня, дзяржабвінаваўца задавала дадатковыя пытанні Іллі Туркову. Падсудны яшчэ раз растлумачыў, што знаходзіўся ў счэпцы з людзьмі не больш за 5-10 хвілін, бачыў супрацоўнікаў з нашыўкамі АМАП на адлегласці ад сябе 10-15 метраў, ніякіх заклікаў разысціся ад іх не чуў.
"Падзеі праходзілі інтэнсіўна, я не ўсе змог запомніць: прыехалі супрацоўнікі ці яны ўжо былі на месцы, людзей хапалі і было незразумела - супрацоўнікі хапалі ці не. Калі мяне ўзялі ў счэпку, я ўжо бачыў супрацоўнікаў, адзін з іх размаўляў па рацыі, я бачыў, што білі людзей, было абгрунтаванае пачуццё страху, але я не разумеў, што адбываецца.
Я не ведаю ў сувязі з чым людзі сталі ў счэпку, мяне падхапілі проста пад рукі іншыя ўдзельнікі. Чуў толькі лозунг "Міліцыя з народам!", сам не выкрыкваў лозунгаў, не пляскаў у далоні", - сказаў Ігар Туркоў.
Пракурор хадайнічала аб выкліку ў якасці сведкі напарніка пацярпелага - супрацоўніка АМАП Віталя Самалётава, а таксама аб паўторным допыце Ігара Астапука. Абаронца запярэчыла, што ўсе ўдзельнікі працэсу мелі звесткі аб тым, якімі паказаннямі сведкі валодае Самалётаў, палічыла, што заяўленае хадайніцтва - зацягванне працэсу. Аднак суд задаволіў хадайніцтва пракурора.
Віталь Самалётаў у судовым пасяджэнні распавёў, што яны паехалі ў цэнтр, дзе была вялікая колькасць людзей. У працэсе нясення службы ён асабіста і Астапук казалі прысутным, што іх дзеянні незаконныя, патрабавалі разысціся, але людзі не адказвалі і не рэагавалі, працягвалі стаяць.
Аднак ён указаў, што Туркова ў ліку "завадатараў" не бачыў, было прынята рашэнне затрымліваць тых грамадзянаў, якія найбольш актыўна сябе паводзілі – размахвалі рукамі, крычалі лозунгі.
Пасля ў судзе прагледзелі відэазапіс, дзе Астапук пазнаў сябе, акцэнтаваў увагу на тым, калі з яго былі сарваныя бярэт і медыцынская маска.
Суд скончыў судовае следства. Спрэчкі бакоў былі прызначаныя на 14.30 гадзін 24 снежня.
Сёння падчас спрэчак бакоў дзяржабвінаваўца заявіла, што паказанні пацярпелага і сведкі супадаюць паміж сабой, з'яўляюцца паслядоўнымі, не супярэчлівымі, пацвярджаюцца прагледжаным відэазапісам і пісьмовымі матэрыяламі справы. Яна мяркуе, што вінаватасць Ігара Туркова ў тым, што ён прыняў удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, устаноўлена, правільна кваліфікавана па ч. 1 арт. 342 КК. Пазіцыю падсуднага аб тым, што ён не чуў патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, неабходна расцэньваць як спосаб пазбегнуць крымінальнай адказнасці. З абвінавачвання неабходна выключыць указанне аб тым, што абвінавачаны выкрыкваў лозунгі і пляскаў у далоні.
У ходзе судовага следства Туркаў прызнаў віну ў здзяйсненні злачынства па арт. 364 КК. Таксама віна пацвярджаецца сабранымі па справе доказамі, што з'яўляюцца ў сукупнасці дастатковымі для прызнання Туркова вінаватым ва ўказаным злачынстве. З абвінавачвання неабходна выключыць указанне на здзяйсненне злачынства з помсты, бо дадзены матыў не быў устаноўлены.
Змякчальнай акалічнасцю, на думку пракурора, з'яўляецца наяўнасць на ўтрыманні малалетняга дзіцяці, абцяжваючай – совешение злачынства асобай, якая раней здзейсніла злачынства, за якое не скончыліся тэрміны даўнасці.
Дзяржабвінаваўца прасіў прызнаць Іллю Туркова вінаватым у здзяйсненні названых злачынстваў і пакараць па ч. 1 арт. 342 КК пазбаўленнем волі тэрмінам на 1 год, а па арт. 364 КК – пазбаўленнем волі тэрмінам на 4 гады. На падставе ч. 2 арт. 72 КК прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 4 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
Акрамя таго, заяўлены па справе грамадзянскі пазоў пацярпелага аб кампенсацыі маральнай шкоды задаволіць у поўным аб'ёме ў памеры 1000 рублёў.
Абаронца абвінавачанага ўказала, што катэгорыям спраў, па якіх прад'яўленыя абвінавачванні яе падабароннаму, у цяперашні час стала надавацца асаблівая ўвага. Яна падкрэсліла, што падрабязна вывучыўшы і даследаваўшы ў судовым пасяджэнні ўсе матэрыялы справы можна з поўнай упэўненасцю сказаць, што абвінавачваннем не ўстаноўлена, а суду не прадстаўлена бясспрэчных доказаў па інкрымінаванай Туркову ч.1 арт. 342 КК. Казала пра тое, што пацярпелы і сведка непасрэдна ў зоне меркаванага знаходжання абвінавачанага самі не знаходзіліся. Таксама яны не адзначаюць Туркова як "завадатара", актыўнага ўдзельніка, не пацвярджаюць, што ён выкрыкваў лозунгі. Нічым не пацвярджаюцца словы Астапука і Самалётава і пра тое, што яны казалі грамадзянам аб неабходнасці разысціся, і няма ніякіх доказаў таго, што Ілля Туркоў такія ўказанні супрацоўнікаў АМАП чуў.
Што тычыцца арт. 364 КК, то абаронца падкрэсліла, што злачынства па гэтым артыкуле характарызуецца наўмыснай формай віны. Па справе ўстаноўлена, што Ілля Туркоў бачыў як двое людзей у чорнай вопратцы і балаклавах б'юць аднаго безабароннага хлопца. Менавіта ў гэты момант абвінавачанаму здалося неабходным абараніць хлопца. Адвакат яшчэ раз указала на паказанні Астапука аб тым, што "дзеяннямі Туркова ніякіх цялесных пашкоджанняў, апісаных у заключэнні судмедэксперта яму нанесена не было, ніякая маёмасць не пашкоджаная".
"Фактычна дзеянні Туркова былі накіраваныя на спыненне ўзніклага канфлікту і не могуць расцэньвацца як дзеянні, накіраваныя на перашкоду законнай дзейнасці супрацоўнікаў АМАПу або прымусу да змены характару гэтай дзейнасці, альбо з помсты за выкананне службовай дзейнасці", - падкрэсліла адвакат.
Яна прасіла суд апраўдаць Іллю Туркова як па ч. 1 арт. 342, так і па арт. 364 Крымінальнага кодэкса, а таксама зняць накладзены арышт з маёмасці. Пазоў, пададзены пацярпелым, на думку абароны, неабходна вылучыць у асобнае грамадзянскае судаводства, бо Ігар Астапук не прадставіў ніякіх доказаў таго, якія маральныя пакуты яму былі прычыненыя непасрэдна дзеяннямі абвінавачанага.
У судзе абвешчаны перапынак да 10.30 раніцы 30 снежня.