Наваградак: пракурор запрасіў восем гадоў пазбаўлення волі для палітвязня Гароха Дапоўнена
16-18 снежня ў судзе Наваградскага раёна працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў адносінах да палітвязняў Уладзіміра Гароха і Дзяніса Кірэшчанкі.
Справу разглядае суддзя Васіль Аляхновіч.
Уладзіміра Гароха абвінавачваюць па ч.1 арт. 13, ч.1 арт. 293, ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Яго затрымалі 18 жніўня. Яго абвінавачваюць у тым, што гэтым летам ён наўмысна рыхтаваўся да масавых беспарадкаў у Навагрудку і некаторых іншых населеных пунктах і намагаўся прыцягнуць да іх вялікую колькасць людзей. Для гэтага ён, згодна з абвінавачваннем, планаваў і праводзіў сустрэчы с людзьмі ў Навагрудку і Карэлічах. Згодна з афіцыйнай версіяй, Гарох падчас сустрэч казаў, што 10 жніўня плануе падпальваць будынкі, супраціўляцца ўладам і блакаваць дарогі спілаванымі дрэвамі. Аднак ён не паспеў нічога зрабіць, бо сёмага жніўня яго дзейнасць выкрылі і спынілі праваахоўнікі.
Таксама яго абвінавачваюць ў публічнай абразе Лукашэнкі: 14 жніўня ён размясціў у чаце “Наваградак для жыцця” з “непрыстойныя па форме і прыніжальныя па накіраванасці выказванні…якія ўтрымліваюць негатыўную ацэнку А.Лукашэнкі”. У гэты час яго дзеці былі затрыманыя падчас мірных пратэстаў у Мінску.
Дзяніса Кірэшчанку затрымалі восьмага жніўня і абвінавацілі па ч.3 арт.293 Крымінальнага кодэксу. Ён абвінавачваецца ў тым, што пятага жніўня ў Карэлічах падчас сустрэчы з людзьмі паведаміў пра магчымасць выкарыстаць ў якасці зброі і аказання супраціву тэлескапічныя дручкі, а таксама прадэманстраваў, як з імі трэба абыходзіцца. Таксама, згодна з абвінавачваннем, ён паведміў пра асоб, якія гатовыя ўдзельнічаць у масавых беспарадках, а таксама пра магчымасць аплаты.
Наваградак: палітвязень кажа, што правяраў адэкватнасць сведак – сведкі палічылі гэта праверкай міліцыі
16 снежня суд працягнуў заслухваць сведак, а таксама зачытаў пратаколы вочных ставак. Паказанні прысутных на сустрэчах з Гарохам і Кірэшчанкам былі практычна ідэнтычныя тым, што іншыя сведкі давалі на мінулым паседжанні: некаторыя ўспаміналі згадкі мітынга, супраціву міліцыі, кактэйля Молатава, паваленых дрэваў і падпала будынку РАУС у размовах з Гарохам, але таксама казалі, што не былі гатовыя да такіх дзеянняў і наогул не ўспрымалі гэтыя размовы сур'ёзна. Некаторыя адмаўлялі згадкі кактэйля Молатава ў размовах, кажучы, што Гарох казаў пра тое, што "усё гатова", але не ўдакладняў, што. Сведкі таксама ўзгадвалі дэманстрацыю Кірэшчанкам тэлескапічнага дручка. Некаторыя сведкі падчас паседжання знаходзіліся па-за межамі краіны, таму іх ранейшыя паказанні былі зачытаныя ў іх адсутнасць.
Таксама 16 снежня былі разгледжаныя матэрыялы справы: у прыватнасці, фотаздымкі з сустрэч Гароха і Кірэшчанкі са сведкамі, раздрукоўкі паведамленняў, характарыстыкі палітвязняў з месцаў працы, вынікі псіхалагічных экспертыз.
17 снежня суд праглядзеў фота- і відэаматэрыялы, разгледзеў рэчавыя доказы: афіцыйныя ўлёткі для агітацыі з выявамі Святланы Ціханоўскай, тэлефоны. Таксама быў заслуханы запіс з матным выказваннем аднаго са сведак, на якім ён сказаў, што Гарох “альбо дэбіл, альбо супрацоўнік...”. Таксама на запісе ён адзначыў, што трэба адмовіцца ад прапановы ўдзельнічаць у чым бы то ні было, каб потым не было за гэта адказнасці.
18 снежня пракурор запрасіў два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму для Дзяніса Кірэшчанкі і восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму — для Уладзіміра Гароха.
Абвінавачаныя віну да гэтага часу не прызнаюць. Адвакат Гароха лічыць, што артыкул занадта сур'ёзны пры наяўных доказах: паказаннях сведак і скрыншоце паведамлення аб абразе Лукашэнкі, напісанае пад эмоцыямі ад таго, што здарылася з яго дзецьмі. Адвакат Кірэшчанкі таксама лічыць, што падстаў для абвінавачвання няма, і просіць апраўдаць падсуднага. У апошнім слове Гарох сказаў пра тое, што хацеў бы цяпер быць з дачкой, якая цяжка хворая. Ён спадзяецца, што высокі суд, маючы жыццёвы і прафесійны досвед, і цяпер зможа прыняць слушнае рашэнне.
Разгляд справы працягнецца 29 снежня ў 10.00.