viasna on patreon

Наваградак: палітвязень кажа, што правяраў адэкватнасць сведак – сведкі палічылі гэта праверкай міліцыі Дапоўнена

2020 2020-12-15T18:18:16+0300 2020-12-15T21:12:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/haroh_kireshchanka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзяніс Кірэшчанка і Уладзімір Гарох. Фота: TUT.BY

Дзяніс Кірэшчанка і Уладзімір Гарох. Фота: TUT.BY

15 снежня ў судзе Наваградскага раёна пачаўся разгляд крымінальнай справы ў адносінах да палітвязняў Уладзіміра Гароха і Дзяніса Кірэшчанкі. Заслуханыя матэрыялы справы, палітвязні і сведкі.

Справу разглядае суддзя Васіль Аляхновіч.

Уладзіміра Гароха абвінавачваюць па ч.1 арт. 13, ч.1 арт. 293, ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Яго затрымалі 18 жніўня. Яго абвінавачваюць у тым, што гэтым летам ён наўмысна рыхтаваўся да масавых беспарадкаў у Навагрудку і некаторых іншых населеных пунктах і намагаўся прыцягнуць да іх вялікую колькасць людзей. Для гэтага ён, згодна з абвінавачваннем, планаваў і праводзіў сустрэчы с людзьмі ў Навагрудку і Карэлічах. Згодна з афіцыйнай версіяй, Гарох падчас сустрэч казаў, што 10 жніўня плануе падпальваць будынкі, супраціўляцца ўладам і блакаваць дарогі спілаванымі дрэвамі. Аднак ён не паспеў нічога зрабіць, бо сёмага жніўня яго дзейнасць выкрылі і спынілі праваахоўнікі.

Таксама яго абвінавачваюць ў публічнай абразе Лукашэнкі: 14 жніўня ён размясціў у чаце “Наваградак для жыцця” з “непрыстойныя па форме і прыніжальныя па накіраванасці выказванні…якія ўтрымліваюць негатыўную ацэнку А.Лукашэнкі”. У гэты час яго дзеці былі затрыманыя падчас мірных пратэстаў у Мінску.

Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 20 новых палітычных зняволеных

Сярод іх – Уладзімір Гарох

Дзяніса Кірэшчанку затрымалі восьмага жніўнся і абвінавацілі па ч.3 арт.293 Крымінальнага кодэксу. Ён абвінавачваецца ў тым, што пятага жніўня ў Карэлічах падчас сустрэчы з людзьмі паведаміў пра магчымасць выкарыстаць ў якасці зброі і аказання супраціву тэлескапічныя дручкі, а таксама прадэманстраваў, як з імі трэба абыходзіцца. Таксама, згодна з абвінавачваннем, ён паведміў пра асоб, якія гатовыя ўдзельнічаць у масавых беспарадках, а таксама пра магчымасць аплаты.

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў, затрыманых у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках

Сярод іх – Дзяніс Кірэшчанка

Абвінавачаныя віну не прызналі.

Уладзімір Гарох. Фота: TUT.BY
Уладзімір Гарох. Фота: TUT.BY

Падчас судовага пасяджэння было адзначана, што віна Гароха падцвярджаецца паказаннямі сведак, а таксама відэазапісамі з камер відэаназірання, звесткамі злучэння абаненцкіх нумароў, інфармацыяй з тэлефона, карэспандэнцыяй Гароха, звесткамі мабільнага аператара, лістоўкамі, вынутымі па месцы жыхарства Гароха. А таксама балаклавай і пальчаткамі – падчас папярэдняга следства гэтыя рэчы прызнаныя рэчыўнымі довадамі. Віна пацвярджаецца заключэннямі экспертыз адносна паведамленняў і фізічнага стану абвінавачаных.

Гарох пацвердзіў, што быў зарэгістраваны ў мясцовым пратэставым чаце ў сацсетках, а таксама браў удзел у перадвыбарным мітынгу Святланы Ціханоўскай: пеў песню са сцэны. Ён сустракаўся з іншымі прыхільнікамі альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, бо хацеў стварыць каманду, якая яе падтрымае.   

Палітвязень таксама сказаў, што правяраў людзей выпадковымі правакуючымі пытаннямі, каб зразумець іх адэкватнасць. Пытаўся, напрыклад, ці маглі б яны кінуць арматуру на машыну. А пра намётавы гарадок сказаў “каб прыдаць фарбаў сваім прамовам”.  

“Я і не хацеў гэтага рабіць. Там узброеныя людзі, як можна ўявіць, што я з голым пальцам пайду штурмаваць РАУС?” – спытаў ён.

Гарох адзначыў, што ён чакаў, што яго затрымаюць, таму калі шостага жніўня ўбачыў пад домам міліцэйскую машыну, уцёк у лес: яго вывез Кірэшчанка. Яны пазнаёміліся ў жніўні, калі Гарох шукаў чалавека з машынай, каб ездзіць на сустрэчы са знаёмымі (па словах Гароха, Кірэшчанка быў кіроўцам і не ведаў мэт сустрэчы). Некаторы час Гарох хаваўся ў Лідзкім раёне да затрымання.

Размяшчэнне запісу ў чаце Гарох не адмаўляе: “Мае дзеці – медыкі, яны аказвалі дапамогу пацярпелым. І калі ад дачкі я даведаўся, што за гэта майго сына затрымалі і жорстка збілі, я быў не ў сабе. Зараз я гатовы выбачыцца за свае словы, я не хацеў абразіць прэзідэнта. Але чаму надрукаваў? Не дай вам Бог адчуць тое, што адчуў я. Калі вашае дзіця добра аддубасяць, я пагляджу, наколькі цвярозва вы будзеце цяміць. На гэтае пытанне я больш не буду адказваць”.

Дзяніс Кірэшчанка. Фота: TUT.BY
Дзяніс Кірэшчанка. Фота: TUT.BY

Дзяніс Кірэшчанка сказаў, што двойчы падвозіў Гароха на сустрэчы.

“Першапачаткова я пагаджаўся дапамагчы распаўсюдзіць ўлёткі пра кандыдатаў у прэзідэнты”, – сказаў ён. Аднак ўлётак Кірэшчанка не бачыў – толькі меркаваў, што яны змяшчаюцца ў заплечніку.

Падчас адной з сустрэч Гарох папярэдзіў Кірэшчанку, каб не успрымаў сур’ёзна тое, што ён будзе казаць: Кірэшчанка так і зрабіў.

Сведкі: "Падумалі, што гэта праверка праваахоўнікаў"

Сведка Дзяніс Сабалеўскі расказаў, што сустрэчу с людзьмі пятага жніўня Гарох пачаў са словаў: “Карацей, мужыкі, дзясятага жніўня бярэце бензапілы – валіце дрэвы ў накіраванні Навагрудка”, а перад гэтым – “закідаць кактэйлямі Молатава Карэліцкі РУУС”. А потым – рушыць у арганізаваны намёт у Наваградку.

“Гэта адразу прывяло ў шок, – кажа Сабалеўскі. – Спачатку я падумаў, што гэта супрацоўнікі праваахоўных органаў правяраюць нас на схільнасць да супрацьпраўных дзеянняў. Сяргей Уласевіч сказаў, што так рабіць нельга”. Сабалеўскі адзначыў, што Гарох сказаў, што на мітынгу міліцыя будзе прымяняць сілу ў адносінах да людзей, таму “нядрэнна было б абараняцца, каб з сабой была якая арматура”.

Пасля гэтага, па словах сведкі, Дзяніс Кірэшчанка паказаў тэлескапічную дручку, сказаўшы, што ў яго ёсць знаёмы, гатовы аддаць 150 такіх. Таксама ў Брэсце ён нядаўна сустракаўся са знаёмым, каторы гатовы аказаць фінансавую падтрымку. Сабалеўскі таксама адзначыў, што Гарох згадаў дваццаць чалавек, гатовых правакаваць супрацоўнікаў міліцыі. Але сур’ёзна інфармацыю не ўспрынялі: прысутныя прыйшлі да высноў, што гэта была праверка.

Згодна з матэрыяламі справы, сведка Камісараў пацвердзіў словы пра дрэвы, кактэйлі Молатава, намётавы лагер і супраціў міліцыі. Ён пацвердзіў, што ў яго таксама склалася ўражанне пра тое, што гэта праверка праваахоўнікаў.

Сведка Аляксандр Кляйкоцкі чацвёртага жніўня пад'ехаў да Уладзіміра Гароха "забраць улёткі", а на наступны дзень сустрэўся з ім і іншымі сведкамі:    

"Уладзімір казаў пра планы, магчыма, хацеў іх здзейсніць: казаў, што плануецца мітынг вечарам 9-10 жніўня, там міліцыя будзе затрымліваць людзей і трэба зрабіць так, каб гэта спыніць. Што для гэтага ёсць нейкія людзі і інструменты. Казаў, што ёсць план, але не хочацца гэтыя дзеянні рэалізоўваць. Памятаю, што казаў пра запас нейкага паліва. Не сказаць, што Гарох казаў рашуча і ўпэўнена... Не думаю, што ён нешта такое здзейсніў – як такое можна наогул здзейсніць чалавеку? Можна сказаць, што не прыйшлі да ніякага выніку".

Кляйкоцкі пацвердзіў словы астатніх сведкаў пра дэманстрацыю Кірэшчанкам дручка і яго выказванні пра знаёмага, які хоча дапамагчы. Згодна з папярэднімі паказаннямі Кляйкоцкага, Гарох сказаў, што "калі міліцыя будзе дзенічаць жорстка ў адносінах да людзей, ён будзе рабіць гэтаксама". Але ніякіх канкрэтных дзеянняў Гарох, па словах Кляйкоцкага, не прапаноўваў.

Сведка Аляксандр Нікіпорчык, сусед палітвязня Гароха, сказаў, што напярэдадні ён прапаноўваў яму проста "паўдзельнічаць і пахадзіць" 9-10 жніўня, але ў Нікіпорчыка не было часу. На папярэднім допыце ён таксама адзначаў, што Гарох заклікаў паўдзельнічаць у маршы, казаў, што на мітынгу трэба будзе супрацьстаяць міліцыі, прасіў аказаць фізічную падтрымку і ўзяць з сабой жадаючых паўдзельнічаць. Нікіпорчык патлумачыў разыходжанні тым, што прайшло шмат часу. Наконт падпалаў і кактэлей Молатава Нікіпорчык упэўнена сказаў, што такіх размоваў Гарох не вёў.

Сведка Алег Парашэнка – адміністратар чата "Навагрудак для жыцця", сочыць за парадкам у чаце. Казаў, што абмяркоўвалі з Гарохам палітыку, але размоваў, каб арганізоўваць масавыя мерапрыемствы і супраціў, ён не памятае. Парашэнка таксама адзначаў, што Гарох прыходзіў да яго і казаў, што яму патрэбныя моцныя мужчыны, каб вывесіць на палацы бел-чырвона-белы сцяг – але гэта абмяркоўвалася абстрактна, не агаворваючы канкрэтныя дзеянні. Удзельнічаць у знішчэнні маёмасці, выкарыстоўванні амаратуры, падпале будынкаў, валіць дрэвы Гарох Парашэнку не прапаноўваў.  

Разгляд справы працягнецца 16 снежня ў 14.00.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства