viasna on patreon

"Так выказваць сваю палітычную пазіцыю недапушчальна" — пацярпелы міліцыянт нарэшце прыйшоў на справу Гэсс Аўдыё

2020 2020-12-16T21:17:11+0300 2020-12-17T21:03:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paciarpely_kazhamiakin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Заводскага раёну горада Мінска 16 снежня працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да мінчанкі Алены Гэсс. Пацярпелы міліцыянт Кажамякін нарэшце прыйшоў на судовае пасяджэнне і заявіў аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды ў 1000 рублёў, а абвінавачванне Алены Гэсс раптам перакваліфікавалі з артыкула 364 КК РБ (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) на частку 2 артыкула 363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў).

Алена Гесс і яе муж падчас судовага пасяджэння
Алена Гесс і яе муж падчас судовага пасяджэння

Нагадаем, Алену Гэсс абвінавачваюць у нанясенні надпісу "Яна з намі " (прысвечаны Святлане Ціханоўскай) на будынак "Цепласеткі", а таксама — за распырскванне фарбы з балончыка ў бок Арсенія Кажамякіна (фарба трапіла на яго вопратку і валасы), які яе затрымліваў. Алена ўжо двойчы прыходзіла ў суд — на першым пасяджэнні яна дала свае паказанні, а другое не адбылося па прычыне таго, што пацярпелы Кажамякін зноў не з'явіўся, бо знаходзіўся на самаізаляцыі. Пра тое, як праходзіла першае пасяджэнне, чытайце тут:

"Чаму вы не выказалі грамадзянскую пазіцыю ў сябе дома?" Суд за надпіс "Яна з намі" і "гвалт" да ўчастковага

Суд Заводскага раёна горада Мінска першага снежня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Алены Гэсс. Абвінавачваюць яе пад двух артыкулах: за нанясенне "трох гербаў з выявай вершніка на кані", а таксама надпіса "Яна з намі"; і за "прычыненне збіцця" ўчастковаму, які яе пры гэтым затрымліваў.

Падрабязнасці судовага пасяджэння 16 снежня

Арсеній Кажамякін нарадзіўся ў 1996 годзе. Працуе ва КВІ Заводскага раёна горада Мінска з красавіка 2020 года. На судовым пасяджэнні ён адразу заявіў хадайніцтва аб кампенсацыі мартэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды памерам у 1000 беларускіх рублёў.

"Пасля таго, што здарылася, я пачаў адчуваць псіхічныя пакуты, праблемы са сном і трывожнасць. Я вельмі моцна спалохаўся за сваё здароўе, таму што мог пазбавіцца зроку і застацца інвалідам", — растлумачыў на судзе Кажамякін, а пазней удакладніў, што ўсвядоміў усё гэта на працягу некалькіх тыдняў пасля здарэння.

Суддзя Кацярына Мурашка хадайніцтва задаволіла.

Далей Кажамякін Арсеній растлумачыў, што яго працоўны дзень "як правіла, доўжыцца з 9 да 18 альбо з 15 да 23 гадзін". Алена Гэсс жа была затрыманая ў 00.28. У гэты час Кажамякін вяртаўся дадому пасля працоўнага дня.

"Я ўбачыў жанчыну з балончыкам з фарбай. Я паспрабаваў зафіксаваць [зняць на відэа мабільнага тэлефона — заўв.] яе дзеянні. Я павітаўся, яна пачала ўцякаць, я схапіў яе за руку і сказаў, што я з міліцыі. Яна цэлілася [пры распырскванні фарбы] мне ў вочы [ ... ]. Яна хапалася за мой плашч і адарвала гузік“.

Пацярпелы міліцыянт Арсеній Кажамякін
Пацярпелы міліцыянт Арсеній Кажамякін

Быў пры гэтым Кажамякін у грамадзянскай форме адзення. На ўдакладняючае пытанне абаронцы Алены аб тым, ці знаходзіўся Кажамякін падчас затрымання Гэсс пры выкананні службовых абавязкаў, той адказаў:

"Згодна з Законам Аб органах унутраных спраў, супрацоўнік органаў унутраных спраў абавязаны спыняць усе адміністрацыйныя правапарушэнні альбо злачынствы незалежна ад таго, знаходзіцца ён па месцы службы ці не.

Абарона: Па месцы службы?

Кажамякін: Ой, [выпраўляе — заўв.] ці знаходзіцца ён у грамадзянскай форме адзення альбо па форме.

Суддзя: Ці правільна я вас разумею, вы хацелі сказаць, што незалежна ад таго, знаходзіцеся вы пры выкананні ці не?

Кажамякін: Абсалютна правільна.

Суддзя: Пры выкананні вы знаходзіцеся ў момант працоўнага часу, [а калі] працоўны час скончана — вы…

Кажамякін: [працягвае словы суддзі — заўв.] ... проста грамадзянін.

Абарона: Проста грамадзянін?

Кажамякін: У любым выпадку я абавязаны спыняць усе правапарушэнні і злачынствы.

Абарона: Што перашкаджала вам, падыходзячы да Гесс, паказаць ёй пасведчанне?

Кажамякін: Я спрабаваў зафіксаваць яе дзеянні на мабільны тэлефон. Я сказаў: "Міліцыя".

Абарона: А чаму вы ўпэўненыя ў тым, што калі вы не ў форме і прамовілі "Міліцыя", то чалавек павінен паверыць вам?

Кажамякін: Таму што міліцыянты ў некаторых сітуацыях могуць несці сваю службу без формы адзення.

Абарона: Што супрацьпраўнага здзейсніла Гесс?

Кажамякін: Яна ўчыніла пашкоджанне маёмасці.

Абарона: Яна яго драпала, ламала?

Кажамякін: Яна наносіла туды надпісы, якія там знаходзіцца не павінны. Яна пісала "Яна з намі". Я мяркую, што гэта неяк звязана з палітычнай сітуацыяй.

Абарона: Вы лічыце, што гэта недапушчальна?

Кажамякін: Я лічу, што гэта недапушчальна.

Суддзя: Што менавіта недапушчальна: выказваць сваю пазіцыю ці маляваць на будынку?

Кажамякін: Я лічу, што такім чынам выказваць сваю пазіцыю недапушчальна.

Абарона: А іншым чынам дапушчальна?

Кажамякін: Безумоўна. Напрыклад стварыць палітычную партыю, [ўдзельнічаць] у нейкіх дазволеных мерапрыемствах.

Абарона: Скажыце, а калі б яна пісала на гэтай сцяне, напрыклад, "Я люблю цябе"?

Дзяржабвінаваўца: Пратэстую, бо гэта не адносіцца да прадмету даказвання.

Абарона: Гэта адносіцца да прадмета даказвання…

Суддзя: Спыніце сваркі! Скажыце, пацярпелы, а калі б абвінавачаная наносіла іншы надпіс?

Кажамякін: Я б яе ўсё роўна затрымаў".

На судовым пасяджэнні прагледзелі таксама відэа, які зняў Кажамякін на свой мабільны тэлефон падчас затрымання Алены Гэсс (доўжыцца яно 7 секунд і слова "Міліцыя" там не гучыць), а таксама – аўдыёзапіс свайго тэлефоннага званка ў дзяжурную частку (у той час, як ён працягваў утрымліваць Алену). Усё гэта сабрана ў нашым аўдыё:

Спрэчкі бакоў

Дзяржабвінаваўца перакваліфікавала абвінавачванне Алены Гэсс на частку 2 артыкула 363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні ёй абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучаны з ужываннем гвалту або пагрозай прымянення гвалту). Кваліфікацыя ж па артыкуле 341 КК РБ (Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) акладная, за адзіным выключэннем: "тры гербы з вершнікам" не знайшлі свайго пацверджання (першапачаткова Алену абвінавачвалі ў нанясенні "Яна з намі", а таксама трох малюнкаў Пагоні). Дзяржабвінаваўца просіць пакараць Алену па артыкуле 341 КК РБ грамадскімі працамі ў 120 гадзін, а па частцы 2 артыкула 363 — абмежаваннем волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу на 3 гады (улічваючы змякчальныя абставіны — у Алены ёсць двое малалетніх дзяцей). А пазоў аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды Кажамякіна ў 1000 рублёў задаволіць.

Абаронца Алены падкрэсліла, што Гэсс ужо была пакараная за нанясенне надпісаў на сцяну Цепласеткі адміністрацыйнай адказнасцю, а таксама выплаціла шкоду:

"Тры словы, восем літар ніяк не магчыма ацаніць як "псаванне маёмасці" — шкода склала 5 рублёў 80 капеек".

Таксама абаронца адзначыла, што правапрымяняльная практыка, якая склалася зараз, паказвае: пры сутыкненні грамадзянаў з міліцыяй іх дзеянні кваліфікуюцца па артыкуле 23.4 адміністрацыйнага кодэкса (Супраціў), але ніяк не крымінальнага.

"Некаторы час таму была сказаная фраза, якая мне ўрэзалася ў памяць: праваахоўныя органы прыстасаваліся да цяперашняй сітуацыі, — сказала абаронца. — Так, яны прыстасаваліся. Але прыстасаваліся такім чынам, што супрацоўнікі міліцыі, у форме або без, затрымліваюць грамадзян, якія малявалі розныя сімвалы і фразы, а затым самі аказваюцца ў якасці пацярпелых. І ў судзе заяўляюць аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры той сумы, якую сёння агучыў наш пацярпелы Кажамякін. Гэта ўсё прыстасаванне да сітуацыі, якая мала сувязі мае з законам".

Суд абвесціць свой прысуд 17 снежня ў 10.30

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства