Наталлю Раентаву, якую судзяць за ўкус сілавіка за сцягно, адправілі на псіхалагічную экспертызу
Суд Цэнтральнага раёна Мінска працягвае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Наталлі Раентавай, якая пры затрыманні 29 жніўня ў тралейбусе пасля Жаночага маршу салідарнасці ўкусіла супрацоўніка АМАПа за сцягно. Справу кваліфікавалі па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу — гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу. На трэці дзень судовага разгляду па хадайніцтве абароны Наталлі Раентавай дзяўчыну адправілі на судова-псіхалагічную экспертызу, каб устанавіць, ці не знаходзілася яна падчас укусу ў стане афекту і ці ўсведамляла яна свае дзеянні ў той момант у поўнай меры.
Пасля допыту сведак, вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы і прагляду відэа затрымання брата і сястры Раентавых адвакатка дзяўчыны заявіла хадайніцтва — прызначыць Наталлі Раентавай судова-псіхалагічную экспертызу. У якасці аргументаў таго, што дзяўчына ў момант укусу супрацоўніка АМАПу магла знаходзіцца ў стане афекту, было прыведзена тое, што дзяўчына пры затрыманні абмачылася і не памятала некаторыя моманты затрымання. Дзяржаўны абвінаваўца быў супраць прызначэння экспертызы, бо лічыў гэта зацягваннем працэсу. Пацярпелы супрацоўнік АМАПа Андрэй Хоміч пагадзіўся з пракурорам.
Аднак суддзя Таццяна Акавітая задаволіла хадайніцтва абароны і прыняла рашэнне прызначыць Наталлі Раентавай амбулаторную комплексную судова-псіхалагічную экспертызу. Суддзя абгрунтавала неабходнасць прызначэння па крымінальнай справе ў дачыненні да Раентавай наступным чынам:
"З абвешчаных тлумачэнняў і паказанняў Раентавай вынікае, што пры падыходзе да яе грамадзян у балаклавах і грамадзянскай форме адзення яна моцна спалохалася, у яе адбылося міжвольнае мачавыпусканне, а далейшыя дзеянні яна апісаць не змагла, паколькі не памятае. Ёй было вельмі балюча, яе прытрымлівалі і яна інстынктыўна ўкусіла за сцягно мужчыну, які быў бліжэй да яе.
З прагледжаных відэазапісаў вынікае, што ў момант затрымання Раентавай апошняя гучна крычыць, і, знаходзячыся ў напаўсагнутым становішчы, робіць укус за левае сцягно пацярпелага, які знаходзіцца ў яе ў непасрэднай блізкасці.
Адзначаныя паводзіны абвінавачванай, яе эмацыйны псіхічны стан да здзяйснення інкрымінуемай дзеянняў, так і падчас здзяйснення і пасля, патрабуе дадатковага даследавання для вырашэння пытання наяўнасці ў яе свядомасці, знаходжання ў стане афекту ці іншага эмацыйнага стану, патрэбнасці прымянення да яе прымусовых мер бяспекі лячэння патрабуецца спецыяльнае пазнанне".
Правядзенне экспертызы суд Цэнтральнага раёна даручыў Упраўленню судова-псіхіятрычных экспертыз УГКСЭ.
Суд паставіў наступныя пытанні на вырашэнне экспертаў:
|
Судовы разгляд крымінальнай справы адкладзена на тэрмін правядзення экспертызы.
Нагадаем, супрацоўнікі АМАПу затрымалі брата і сястру Наталлю і Аляксандра Раентавых 29 жніўня пасля Жаночага маршу салідарнасці наўпрост у тралейбусе. Момант жорсткага затрымання трапіў на відэа, рэзанансны ролік імгненна разышоўся па сацсетках і СМІ. Пасля гэтага іх пакаралі адміністрацыйным арыштам на 12 і 15 сутак. Аднак гісторыя пераследу для Наталлі на гэтым не скончылася — на Наталлю завялі крымінальную справу па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса. 29-гадовую Наталлю абвінавачваюць у тым, што яна 29 жніўня падчас жорсткага затрымання ўкусіла супрацоўніка АМАПа Андрэя Хоміча за левае сцягно. Гематомы, якія атрымаў АМАПавец падчас укусу, аднеслі да цялесных пашкоджанняў, якія не прывялі да кароткачасовай страты здароўя і працаздольнасці. Хоміч звяртаўся ў шпіталь МУС, дзе яму зрабілі перавязку і адпусцілі. Свае пакуты супрацоўнік АМАПа расцаніў у 2 тысячы рублёў. Са 2 кастрычніка Наталля Раентаву ўтрымліваюць пад вартай, да суда яна знаходзілася ў жодзінскім ізалятары.
"Відэа трапіла ў сацсеткі "Карнікі" і ад гэтага пацярпелі мае блізкія". Судзяць мінчанку, якая ўкусіла сілавіка за сцягно