viasna on patreon

Непаўналетніх студэнтаў-страйкоўцаў пасля затрымання збілі сілавікі. Вось, што яны распавядаюць Фота

2020 2020-10-29T17:24:21+0300 2020-10-29T20:06:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/student_90_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пяць 17-гадовых студэнтаў сталічнага ўніверсітэта былі затрыманыя 27 кастрычніка пасля акцыі салідарнасці са студэнтамі, якія страйкуюць у дворыку БДУ паміж юрфакам і хімфакам. Чацвёра з іх былі жорстка збітыя сілавікамі ў міліцэйскім аўтобусе, пасля чаго ў бальніцы ўсім дыягнаставалі страсенне галаўнога мозгу, а некаторым – чэрапна-мазгавыя траўмы, пералом носа і іншыя траўмы. На чатырох студэнтаў у Кастрычніцкім РУУСе былі складзеныя пратаколы па двух артыкулах КаАП: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Студэнт і студэнтка распавялі "Вясне", як яны сутыкнуліся з жорсткасцю сілавікоў.

Затрыманне Студэнткі трапіла ў кадр
Затрыманне студэнткі трапіла ў кадр "Белсата"

Яны распавядаюць, што студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у акцыі каля БДУ, чакалі чатыры бусы. Чатыры студэнты і студэнтка стаялі каля ўваходу ў гандлёвы цэнтр "Сталіца", калі ўбачылі, што да іх накіроўваецца супрацоўнік у цывільным. Калі яны спусціліся ў пераход, там студэнтаў ужо чакалі супрацоўнікі АМАПу. Іх затрымалі на плошчы Незалежнасці.

"Супрацоўнікі пачалі весяліцца і абліваць нас вадой"

"Калі я бег, мне падсеклі ногі і я ўпаў. Мяне адразу схапілі і панеслі ў бусік. Пры гэтым ударылі два разы па твары, таму што я спрабаваў падняць галаву. Мяне закінулі ў аўтобус, там ужо была мая аднакурсніца. З намі ехалі супрацоўнікі, якім па голасе гадоў 20. Яны білі мяне ўвесь час па галаве.

Потым нас перагрузілі ў іншы бусік. Там былі ўжо астатнія хлопцы, з якімі мы былі каля БДУ. Яны потым распавялі, што іх таксама моцна білі. Мы ўсе ехалі лежачы адзін на адным. На мне ляжалі два чалавекі, хоць вольныя месцы там былі.

З мяне сарвалі партфель. Тузанулі з шлейкамі, цяпер партфель цалкам парваны. Спрабавалі там нешта знайсці, але, акрамя вады, нічога не знайшлі. Потым супрацоўнікі пачалі весяліцца і абліваць нас вадой.

У гэтым бусіку нас таксама білі і прыніжалі. Нашаму аднакурсніку разбілі нос. Больш за ўсё збівалі хлопца, які быў у аранжавай кепцы. Напэўна, таму што яна яркая і ў вочы кідаецца. Мы пачулі шмат прыніжэнняў і пагроз тыпу "давайце іх пярцовым газам зальем". Білі кулакамі, прыніжалі ненарматыўнай лексікай, палохалі турмой, казалі што пазабіваюць нас.

Калі мяне адпусцілі з РУУС, я пайшоў у бальніцу, дзе мне дыягнаставалі страсенне мозгу. У мяне моцных пашкоджанняў няма, бо білі ў асноўным па галаве. Толькі шышка.

Я да гэтага часу не разумею, чаму нас затрымалі».

Студэнтаў даставілі ў Кастрычніцкае РУУС, але там, па іх словах, фізічнай сілы ўжо ў адносінах да іх не ўжывалі. Усіх студэнтаў адпусцілі, на чацвярых склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

student_spravka_73.jpg
Медыцынская даведка аднаго з затрыманых студэнтаў

"Сказалі, што калі ён запэцкае крывёю машыну, то будзе яе вылізваць"

17-гадовую студэнтку не збівалі, у адрозненне ад яе аднакурснікаў. Але на яе ў Кастрычніцкім РУУС былі складзеныя пратаколы паводле арт 23.4 і 23.34 КаАП.

Кроў аднакурснікаў на куртцы студэнткі пасля таго, як яны на ёй паляжалі ў міліцэйскім бусе
Кроў аднакурснікаў на куртцы студэнткі пасля таго, як яны на ёй паляжалі ў міліцэйскім бусе

У нейкі момант нас усіх кінулі тварам у падлогу і мы ляжалі ўсе адзін на адным. Нам не дазвалялі падымаць галовы, але адзін АМАПавец выцягнуў мяне адтуль за руку, пасадзіў на сядзенне побач з сабой і сказаў супакоіцца. Нам амаль усю дарогу ў РУУС казалі, што нас "закрыюць" і адлічаць, а ён казаў што ўсё будзе нармальна.

Калі нас кінулі ўсіх на падлогу, у нашага аднакурсніка пайшла кроў з носа. У яго ўсе штаны былі ў крыві. Яму спачатку не давалі выціраць кроў. Потым далі яго ж капюшон і сказалі, што калі ён запэцкае крывёю машыну, то будзе яе вылізваць".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства