viasna on patreon

У Мінску затрыманы паэт і бард Эдуард Акулін

2020 2020-10-26T13:41:26+0300 2020-10-26T14:10:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akulin-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Эдуард Акулін. Фота з сацыяльных сетак.

Эдуард Акулін. Фота з сацыяльных сетак.

Раніцай 26 кастрычніка ў Мінску амапаўцы затрымалі вядомага беларускага паэта і барда Эдуарда Акуліна. Блізкія паведамляюць, што ён стаяў у Ланцугу салідарнасці ў Малінаўцы.

Затрыманне адбылося якраз у дзень народзінаў славутага паэта Анатоля Сыса, дзеля ўшанавання памяці якога бельмі шмат рабіў і робіць Эдуард.

Шчыры і самаахвярны беларус Акулін знаходзіў час паміж напісаннем вершаў ладзіць прэзентацыі і выступы перад чытачамі. Ягоныя творы грамадскага гучання, якія амаль штодня з’яўляюцца на старонцы ў фэйсбуку, прасякнутыя верай ў перамогу Святла над Цемрай, праўды над хлуснёй.

За два дні да свайго затрымання Акулін апублікаваў верш “Выходзь на Грунвальдскае поле!”:

Выходзь на Грунвальдскае поле!

Каб адстаяць навекі Волю,

якая нам даецца звыш, –

выходзь на Грунвальдскае поле!

– А дзе яно? – Дзе ты стаіш!

Каб больш не быць рабом ніколі,

каб дачакацца сонца з хмар, –

выходзь на Грунвальдскае поле!

– А дзе яно? – Дзе кроў ахвяр!

Каб скінуць з плеч ярмо няволі,

каб прамінулі дні нягод, –

выходзь на Грунвальдскае поле!

– А дзе яно? – Дзе ўвесь Народ!

Каб больш цябе ніхто й ніколі

не біў дубцом па галаве, –

выходзь на Грунвальдскае поле!

– А дзе яно? – Дзе Бог жыве!

Каб стацца вершнікам з Пагоні,

каб выгнаць з краю чорнагнусь, –

выходзь на Грунвальдскае поле!

– А дзе яно? – Дзе Беларусь!

Эдуард Акулін не першы паэт, якога ў гэтыя дні закранула рэпрэсіўная машына аганізуючай улады. Так, 21 кастрычніка стала вядома, што пасля 11 гадзін раніцы паэт, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭНа Дзмітры Строцаў перастаў выходзіць на сувязь з блізкімі і сябрамі.  22 кастрычніка паэт Дзмітры Строцаў атрымаў 13 сутак арышту. Строцаў удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і адкрыта пісаў пра гэта. 

Сапраўды, гучнае і колкае паэтычнае слова муляе ўладам і яны затыкаюць рот творцам, пазбаўляючы іх волі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства