Хроніка пераследу 21 кастрычніка
Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
21 кастрычніка ў Гародні за ўдзел у мірных акцыях пратэсту затрымалі Ганну Мароз, маці дваіх непаўнагадовых дзяцей. Яе пакінулі ў ізалятары мінімум да заўтра, паведамляе гарадзенская філія "Вясны".
У Ляхавічах проста ў паліклініцы затрымалі Яўгена Нікуліна, які адзін выхоўвае двух дачок. На сёння ў яго мелася позва ў РАУС, але праз хваробу не змог гэтага зрабіць, аб чым паведаміў супрацоўнікам міліцыі. Аднак пасля размовы з падпалкоўнікам Віталем Дабрачынскім доктар мясцовай паліклінікі выклікаў Яўгена на прыём, дзе ў кабінеце яго чакалі супрацоўнікі міліцыі. Мужчыну затрымалі і адвезлі ў РАУС, дзе на яго склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП і змясцілі ў ІЧУ да пятніцы. Пра гэта тэлеграм-каналу Белсат паведамілі чытачы.
Днём у Мінску невядомыя ў цывільным затрымалі актывістку анархісцкага руху Леру Хоціну.
У Пінску ў дабрачынны фонд «Палеская дабрыня» прыйшлі з ператрусам сілавікі, паведаміў сайту Reform.by валанцёр арганізацыі Руслан Гусейнаў.
Фонд у апошнія месяцы надаваў дапамогу пінчукам, якія пацярпелі ад дзеяньняў сілавікоў. Паводле Гусейнава, а 10 гадзіне раніцы дырэктара фонду Алену Шымоліну выклікалі ў Камітэт дзяржкантролю, піша Радыё Свабода. Пасля гэтага ў яе дома і ў офісе арганізацыі прайшлі ператрусы. Камп'ютары фонду канфіскаваныя, а рахунак арганізацыі арыштаваны.
«Фонд дапамагаў дзецям з інваліднасьцю, малазабясьпечаным сем’ям, жанчынам, якія трапілі ў цяжкія жыцьцёвыя сытуацыі. Са жніўня фонд запусьціў дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій. Алена мяркуе, што на яе могуць завесці крымінальную справу за нясплату падаткаў», — распавёў валанцёр.