viasna on patreon

Хроніка пераследу 20 кастрычніка Дапоўнена

2020 2020-10-20T20:11:00+0300 2020-10-21T15:05:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicyja-00.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20 кастрычніка пераслед людзей па палітычных прычынах у Беларусі працягваецца. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Як паведамляе "Белсат", у Гродне затрыманы вядомы актывіст і музыка (Mister X) Ігар Банцар. Меркавана, што Банцар праходзіць па справе аб арганізацыі або актыўным удзеле ў масавых беспарадках. "Белсат" піша пра артыкул 342 Крымінальнага кодэкса.

У кватэры маці журналісткі Ірыны Арахоўскай 19 кастрычніка прайшоў ператрус. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

"Учора ў кватэры маёй мамы прайшоў ператрус.

Я праходжу сведкай па арт. 293 [масавыя беспарадкі]. Следчы сказала маме, што гэта звязана з маёй заявай у СК - 11 жніўня мяне падстрэлілі гумавай падчас здымкі (на мне была сіняя камізэлька). Паперу маме не пакінулі.

Я падала заяву 17 жніўня і да ўчорашняга дня СК праводзіў праверку, а потым правёў ператрус".

Дапоўнена. Увечары журналістка паведаміла, што яе адвакатцы сказалі, што Ірына Арахоўская знаходзіцца ў статусе падазраванай па арт. 293 КК – масавыя беспарадкі.

Паведамляецца, што супрацоўнікі міліцыі праводзяць дома вобшук у генеральнай сакратаркі Беларускага нацыянальнага моладзевага савету Рада Ганны Дапшэвічутэ. Падрабязнасці выствятляюцца.

photo_2020-10-20-13.52.10.jpeg
Ганна Дапшэвічутэ

«Ганну не забралі. Цяпер праходзіць ператрус у доме на хутары ў вёсцы Вялічкі. Прыехалі дзве машыны – адна з Пастаўскага РУУСу, другая – з людзьмі ў цывільным. Што хочуць, не зразумела. Чакаем, пакуль скончыцца ператрус», – распавёў "Белсат" муж Ганны Дапшэвічутэ Аляксей Мінчонак.

З дома Ганны забралі ўсю тэхніку. Яе не затрымалі.

У Мінску затрыманы Андрэй Аўсянскі. Як паведаміла ягоная жонка, яго адразу даставілі ў Першамайскае РУУС, а потым павезлі на Акрэсціна, але ў чым канкрэтна яго абвінавачваюць пакуль невядома.

Раніцай у 9 гадзін у Мінску быў затрыманы Аляксей Тамілаў. Да яго прыйшлі супрацоўнікі міліцыі дадому, правялі агляд кватэры і затрымалі яго. Як паведамляюць яго сваякі, ён атрымаў раненне 11 жніўня на праспекце Пушкіна, пасля чаго знаходзіўся ў бальніцы. Тры тыдні таму Аляксея выпісалі з бальніцы, але сёння затрымалі. Цяпер ён знаходзіцца на Акрэсціна.

У Мінску днём была затрыманая Вера Есяпчук. Як распавялі яе блізкія, на 2-м завулку Кальцова жанчыну зацягнулі ў чорны таніраваны мікрааўтобус два чалавекі ў цёмнай грамадзянскай вопратцы і ў звычайных медыцынскіх масках. Больш звестак пра яе месцазнаходжанне няма.

У аграгарадку Калодзішча быў затрыманы Дзмітрый Сазанчук і Сяргей Якаўлеў.

У Віцебску другі раз за апошнія дні была затрыманая Марыя Амасовіч. Яе затрымлівалі у нядзелю, 18 кастрычніка, з іншай дзяўчынай. Яны гулялі з букетамі кветак па праспекце Фрунзе. Па падазрэнні ў "крадзяжы дэкаратыўных кветак з гарадской клумбы" іх даставілі ў Кастрычніцкае РАУС. Там апыталі, але адпусцілі без пратаколаў. Сёння, 20 кастрычніка, ёй патэлефанавалі і папрасілі прыйсці ў Кастрычніцкае РАУС, але яна сказала, што прыйдзе толькі па позве. Ёй даслалі позву, дзе было напісана з'явіцца 20.10.2020 да 18:30 у Кастрычніцкае РАУС, бо ў дачыненні яе вядзецца адміністрацыйны працэс. Жанчына з'явілася па позве, але праз два гадзіны яе павезлі ў ІЧУ (на дадзены момант СІЗА№2 г. Віцебска). Вядома, што на яе складзены пратакол па арт. 23.34 КаАП. Верагодна, заўтра над Марыяй Амасовіч адбудзецца суд.

Каля 21:00 гадзіны 20 кастрычніка ў Мінску каля кальцавой дарогі ў раёне Зялёнага луга сілавікі затрымалі некалькі чалавек, якія стаялі ў Ланцугу салідарнасці. Паведамляецца, што іх павезлі ў двух бусах, некаторых збівалі. Праваабаронцам "Вясны" паведамілі, што сярод затрыманых – Аляксандр Табакоў

Таксама ў Мінску затрыманы Андрэй Лукін, удзельнік групы LAUDANS, пасля канцэрту ў раёне вуліцы Ангарскай. Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку яго жонка Вераніка. Па яе словах, зараз Андрэй знаходзіцца ў адным з РУУС.

Каля 23 гадзін стала вядома, што ў Гродне ў старшыні рады Саюза палякаў у Беларусі Анжалікі Арэхва дома адбываецца ператрус, піша "Белсат".  У межах якой справы – пакуль не ўдакладняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства