Затрыманні ў Беларусі ў панядзелак 19 кастрычніка Дапоўнена
У панядзелак 19 кастрычніка ў Мінску, Светлагорску, Наваполацку, Баранавічах і Брэсце адбыліся затрыманні ўдзельнікаў акцый пратэсту.
Светлагорск
Як паведаміла праваабаронца Алена Маслюкова, днём былі затрыманы ўдзельнікі акцыі пенсіянераў Віктар Ахрамчук, Галіна Клімовіч і Валянціна Сідарэнка. У жанчын міліцыянты перапісалі асабістыя дадзеныя і адпусцілі адразу, а Ахрамчука толькі позна ўвечары. Міліцыянты таксама спрабавалі затрымаць актывістку Таццяну Наскову, але гэта не атрымалася. Жанчын выклікалі ў РАУС для складання пратаколаў аб удзеле ў несанкцыянаванай акцыі.
Таксама ўвечары з РАУС вызвалілі Крысціну Малашонак, у якой напярэдадні адбыўся ператрус.
Акрамя таго, Дзмітрый Грышко, якога затрымлівалі напярэдадні і прысудзілі сёння 15 базавых штрафу, затрымалі ізноў да суда.
Наваполацк
Да суда быў затрыманы Аляксей Маліноўскі - ён выступаў на акцыі пратэсту ад "Нафтана". Яго выклікалі ў РАУС па позве, аштрафавалі на 2 базавыя велічыні за ўдзел у акцыі ў верасні (па ч. 1 арт. 23.34 КаАП) і адразу ж затрымалі - ужо па ч. 2 (арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства). Таксама пратакол па гэтым артыкуле складзены і на жонку Аляксея.
Мінск
Вядома, што пасля "Маршу мудрасці", які праходзіў днём у цэнтры сталіцы, была затрымана жанчына, якая развозіла дамоў удзельнікаў акцыі. Таксама паведамляецца пра затрыманне на праўладным шэсці двух чалавек, якія разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі.
Вобшук прайшоў у кватэры Іллі Глаўко. Была вынята ўся тэхніка, Іллю затрымалі.
Пухавіцкі раён
У вёсцы Рыбцы Пухавіцкага раёна быў затрыманы Іван Багдзевіч. Затрымліваць Івана прыехаў бус узброеных амапаўцаў. Яго павезлі ў Мінск. Дакладная прычына затрымання не вядома.
Баранавічы
Затрыманы ваенны пенсіянер Ігар Лаўрушчык. За ім прыехалі наўпрост дамоў, да пачатку мітынгу пенсіянераў. Пакінулі ў ізалятары да суда.
Брэст
19 кастрычніка суд Ленінскага раёна Брэста адправіў на дапрацоўку адміністрацыйную справу 63-гадовай пенсіянеркі Алены Гнаўк — яе вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Але пасля суда яе зноў затрымалі — і павезлі ў Ленінскі РАУС, паведамляе TUT.BY.