Libereco патрабуе свабоды для грамадзянкі Швейцарыі, арыштаванай у Беларусі
Швейцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя Libereco заклікае беларускія ўлады вызваліць грамадзянку Швейцарыі Наталлю Хершэ, якая была затрыманая месяц таму, 19 верасня, падчас мірнага жаночага маршу ў Мінску.
Наталля мае двайное грамадзянства — Швейцарыі і Беларусі. Яна прыехала на Радзіму ў верасні і была затрыманая за тое, што нібыта сарвала балаклаву з супрацоўніка міліцыі падчас затрымання. У выніку яе абвінавацілі ў супраціве супрацоўнікам праваахоўных органаў з прымяненнем гвалту. Ёй пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. Наталля Хершэ настойвае на сваёй невінаватасці.
“Трэба меркаваць, што Наталля Хершэ, як і ўсе астатнія палітвязні, не пабачаць справядлівага суда. Мы лічым яе затрыманне адвольным і палітычна матываваным. На наш погляд, вельмі важна, каб яна атрымала консульскую абарону з боку Швейцарыі. Таму мы заклікаем беларускія ўлады дазволіць амбасадару Швейцарыі ў Мінску неадкладна (а потым і рэгулярна) наведаць Наталлю Хершэ, бо такі візіт пакуль не дазволены. Мы таксама асабіста заклікаем да актыўных дзеянняў міністра замежных справаў Ігнацыё Касіса”, — кажа Ларс Бюнгер, прэзідэнт НДА “Libereco – партнёрства за правы чалавека”.
Барбара Гісі, дэпутатка Нацыянальнай рады Швейцарыі з кантона Санкт-Гален, які з’яўляецца родным і для Наталлі Хершэ, стала сімвалічнай “хроснай” зняволенай і заявіла:
“У прыватнасці, у дзень яе нараджэння, мы будзем думаць пра Наталлю. Нам вельмі сумна, што ёй давядзецца правесці гэты дзень у турме. Наталля была зусім нечакана і адвольна вырваная з яе жыцця ў Швейцарыі, калі на некалькі дзён захацела наведаць былую Радзіму — Беларусь. Яна не ўчыніла ніякага злачынства, а проста мірна патрабавала спынення дыктатуры — як гэта робяць сотні тысяч людзей у апошнія тыдні.
Я заклікаю беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць Наталлю і дазволіць ёй неадкладна вярнуцца ў Швейцарыю. Я таксама заклікаю міністра замежных справаў Ігнацыё Касіса падтрымаць Наталлю Хершэ і запатрабаваць яе вызвалення і вяртання ў Швейцарыю”.
Дэпутаты з Бельгіі і Германіі падтрымалі беларускіх палітвязняў
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.
З пачатку кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў сталі “хроснымі” сарака палітвязняў у Беларусі. Яны паабяцалі зрабіць усё магчымае дзеля вызвалення зняволеных.