viasna on patreon

Дэпутаты з Бельгіі і Германіі падтрымалі беларускіх палітвязняў

2020 2020-10-13T16:58:27+0300 2023-07-27T15:04:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dietmar_koster.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй “Libereco - Партнёрства за правы чалавека”, Самуэль Кагалаці (Палата прадстаўнікоў, Бельгія), Дзітмар Кёстэр (Еўрапейскі парламент, Германія) і Урсула Гродэн-Краніх (Бундэстаг, Германія) сталі “хроснымі” Аляксандра Шабаліна, Алены Маўшук і Паўла Пяскова.

samuel-cogolati.jpg
Дэпутат у бельгійскім парламенце Самуэль Кагалаці

Самуэль Кагалаці, дэпутат ад партыі “Экола” ў бельгійскім парламенце, стаў “хросным” вязня Аляксандра Шабаліна. Ён заявіў:

“Тое, што робіць рэжым Лукашэнкі, непрымальна. Але беларусы ўсё разумеюць. Яны вынайшлі новы від мірнага пратэсту. Паколькі гвалт не патрабуе мужнасці, мірныя выступы супраць яго і складаюць акт мужнасці. Вось чаму, я, як бельгтйскі дэпутат, не буду проста сядзець і глядзець, як урад краіны, якая мяжуе з ЕС, збівае ўласных грамадзян за тое, што яны праяўляюць сваю волю і вырашаюць, якую будучыню яны хочуць для сябе. Я хачу, каб былі вызваленыя ўсе палітвязні. Усе беларусы павінны мець магчымасць удзельнічаць у мірных акцыях пратэсту, не баючыся за ўласную бяспеку”.

dietmar_koster.jpeg
Дэпутат Еўрапейскага парламента Дзітмар Кёстэр

Дзітмар Кёстэр, дэпутат Еўрапейскага парламента, сябра Камітэта па замежных справах і Падкамісіі па правах чалавека, адзначыў у сувязі з рашэннем стаць “хросным” Алены Маўшук:

“Дэмакратычны рух у Беларусі мае шмат абліччаў. Алена Маўшук — адно з іх. Яна адна з многіх мужных жанчын у Беларусі, якія арганізоўваюць акцыі пратэсту і выходзяць на вуліцы супраць дыктатуры Лукашэнкі, супраць яго дэспатычнай сістэмы. Я заклікаю неадкладна вызваліць Алену Маўшук і ўсіх астатніх палітвязняў у Беларусі. Я падтрымліваю дэмакратычны рух у яго барацьбе за свабоду і правы чалавека. Гвалт міліцыі і напады на дэманстрантаў павінны спыніцца. Знікненне дэманстрантаў і апазіцыйных палітыкаў павінна быць расследавана”.

ursula-groden-kranich.jpg
Дэпутатка нямецкага Бундэстага Урсула Гродэн-Краніх

Урсула Гродэн-Краніх, дэпутатка нямецкага Бундэстага, сябра Камітэта па замежных справах і Камітэта па справах Еўрапейскага Саюза, стала “хроснай” зняволенага Паўла Пяскова. Яна сказала:

“Я заклікаю неадкладна вызваліць Паўла Пяскова і ўсіх іншых затрыманых, якія змагаюцца за свае правы і свабоду, за дэмакратыю і вяршэнства закона і за сумленныя выбары”.

Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

З пачатку кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў сталі “хроснымі” трыццаці дзевяці палітвязняў у Беларусі. Яны паабяцалі зрабіць усё магчымае дзеля вызвалення зняволеных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства