viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXI. АНДРЭЙ

2020 2020-06-02T12:14:15+0300 2020-06-02T12:15:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bobrovichi_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Андрэй Шамбярэцкі быў адзіным з камеры, хто размаўляў са мной па-беларуску. Маёр-сувязіст, родам з Мазыра, ён служыў у Бабруйску ў аэрадромнай частцы і камандаваў будаўнічым атрадам.

Цікавы быў ягоны прыход у камеру. Перад гэтым ён сядзеў ужо некалькі тыдняў разам з бізнэсмэнамі ў іншай “хаце”. Зайшоўшы у нашую камеру, Андрэй адразу пазнаў генерала. Той быў ягоным самым высокім начальнікам і прыяжджаў некалі на бабруйскі вайсковы аэрадром з інспекцыяй. Павітаўся, стаў, рукі па швах, амаль даклаў Паўлавічу па форме, хто ён такі. Паўлавіч сядзеў на шконцы ў трэніках, у карычневай футболцы, толькі галавой матаў, як быццам бы так і трэба. Што Паўлавіч сядзіць, ведаў яшчэ на свабодзе, бо тога затрымалі яшчэ ў канцы 2010-га. Быў крыху разгублены, мабыць, і думаць ня думаў, што з сваім начальнікам будзе сядзець разам у адной камеры. Паўлавіч яго не памятаў: у таго такіх маёраў служыла сотні.

Андрэю гадоў 37. Сярэдняга росту і целаскладу, выглядае маладзейшым за свае гады, можа таму што падстрыжаны налыса. Пасьміхаецца, гаворыць ціхім і спакойным голасам. Відаць, што хлопец разумны. Пасьпеў яшчэ скончыць украінскую вайсковую вучэльню сувязі перад тым, як Саюз разваліўся, вярнуўся ў беларускае войска. Служыў, разьбіраў з сваім будаўнічым атрадам старыя вайсковыя аэрадромы, якія ў нас пазаставаліся яшчэ з савецкіх часоў.

Пачуўшы ад мяне беларускую мову, ён напачатку з цяжкасьцю, а потым – разгаварыўся, і ўжо без праблемаў размаўляе са мной па-беларуску. Паўлавіч слухае, скептычна хмыкае, але памаўківае. 

Паўлавічу Андрэй і распавёў пра сваю “дзелюгу”. А мы слухаем. Ён з атрадам разьбіраў узьлётную паласу вайсковага аэрадрому ў Бабровічах пад Калінкавічамі. Паласа была засланая вялікімі плітамі з вельмі цьвёрдага бетону. Яны тэхнікай уздымалі гэтыя пліты, грузілі на машыны, а потым перагружвалі на чыгуначныя платформы. Яго абвінавацілі, што ён “загнаў” некалькі такіх плітаў прадпрыймальніку з Расіі. Імі звычайна засьцілаюць будаўнічыя пляцоўкі ці часовыя пад’езды да будоўляў. Затрымала іх вайсковая контрразьведка. Тыя пліты каштавалі капейкі па сабекошце: усяго стратаў было каля двухсот даляраў. Пры чым, як я зразумеў, яшчэ і ягоны начальнік быў у долі. Начальнік неяк адмазаўся, а пасадзілі іх удваіх з расіянінам. Затым гэтага прадпрыймальніка выпусьцілі пад падпіску, ён “зьвінціў” у сваю Расію і адмовіўся ад паказаньняў.

Андрэй віну не прызнае, а толькі “халатнасьць”, да ўсяго яшчэ пакрыў страты ў двайным памеры. Яго перавезьлі з гомельскага СІЗА, трымаюць на Валадарцы, бо справу перадалі ў Менск, сядзіць ён ужо пяты месяц, а сьледакі ня ведаюць, што з гэтай “дохлай” справай рабіць далей.

Ён цікавіцца гісторыяй Беларусі, сваім радаводам, бацькі-дзяды ягоныя з мазыршчыны. Распавядае мне, што набыў металашукальнік і хадзіў па загоне каля бабінай хаты, шукаў розныя цікавосткі.

– І як, знайшоў? – пытаюся я.

– Знайшоў, – адказвае ён, прыжмурваецца і пасьміхаецца, – пару падковаў, цьвікі, завесы, сякеру старую, якой мо гадоў сто.

Відавочна, што яму прыемна згадваць гэтыя пошукі скарбаў на бабіным гародзе.

Яшчэ адная тэма, якую мы згадваем, гэта – Крым. Перад пасадкаю думаў я паехаць з жонкаю адпачываць куды-небудзь. У 2006 годзе былі мы ў Кактэбелі ў Доме творчасьці ўкраінскіх пісьменьнікаў разам з маім сябрам і паэтам Эдуардам Акуліным і ягонай жонкаю. Езьдзілі аглядаць Феадосію, Судак, Новы Сьвет. Уразілі мяне старыя армянскія цэрквы ў Феадосіі, пабудаваныя яшчэ тады, калі беларусы і украінцы былі паганцамі, і магутныя каменныя шкілеты генуэзскіх замкаў, і прырода Крыма, замурзаная турыстамі, але ледзь адступі, і – прыгожая дзікай нескаронай прыгажосьцю, зь якой людзі жылі побач сто тысячаў гадоў, і чыстая вада каля Залатой ці Чортавай брамы, дзе мы плавалі з катару, а яна пад намі праглядалася на дзесяткі метраў углыб.

Дзіўна было думаць, што некалі Беларусь была заваленая бясконцым, на тысячы кіламетраў ледавіком, а ў Крыме ў той час жылі людзі. Таўры і кімерыйцы, скіфы і сарматы, готы і гуны, авары і хазары, полаўцы і крымскія татары – хто толькі там ня жыў. Катастрофа апошніх адбылася ўжо пасьля вайны. Усе татары, а разам зь імі і армяне, баўгары, грэкі былі выселеныя, а яшчэ раней за іх, напачатку вайны  – крымскія немцы. Крым засялілі рускія і ўкраінцы. І беларусаў там таксама хапае.

У Крыме лячыўся і адпачываў Максім Багдановіч, тут ён і памёр, і пахаваны. У Крым, быўшы студэнтамі, прыяжджалі з Гомеля на мора і мы з Едрусем. Вось і зараз, у жніўні 2011 года, я думаў, што калі правядзем апошнюю школу правоў чалавека ў Вільні і калі мяне не затрымаюць, дык паедзем калі не ў Чарнагорыю, дык у Крым. Аж не атрымалася.

Андрэй таксама быў вялікім аматарам Крыму. Ягоная маці, пенсіянерка, якая жыла ў Мазыры, зьяжджала туды штогод на поўгады, у Сакі.

– І як, хапае ёй беларускай пенсіі, каб там  жыць? – пытаюся я.

– Так, – кажа Андрэй, – там усё вельмі танна.

Адпачываў  штогод у Саках і Андрэй. Ехаў з Бабруйску ў Мазыр, забіраў маці і даяжджаў на машыне за сьветлы дзень у Крым. Андрэй хваліў Сакі, дзе я ніколі ня быў: мора, пляж і спадзісты заход у мора. Яго ўспаміны выклікалі ў мяне ціхі сьветлы сум і жаданьне, як выйду на волю, абавязкова зьезьдзіць у гэтае мястэчка, каб пажыць там, кожны дзень прачынацца і бачыць сіняе мора, і дыхаць марскім паветрам, якое пахне вільготнымі водарасьцямі. Якія толькі мары не прыходзяць у галаву, калі сядзіш у сьмярдзючай валадарскай нары.

Пра войска Андрэй адгукаўся безь вялікае любові. Відаць, што служба яго ўжо стаміла, і ён проста даслужваў да пенсіі. Прасядзеў ён з намі дзесьці з месяц і месяц – з бізнэсоўцамі, ды плюс тры месяцы ў гомельскім СІЗА. Але чарговага працягненьня тэрміну пад вартай не адбылося. Ягоны падзельнік з Расіі вяртацца на сьледчыя дзеяньні ў Беларусь не жадаў, няма дурных. У адзін з нашых аднастайных дзён прыйшоў дзяжурны па паверсе, перадаў Андрэю пастанову аб вызваленьні з-пад варты і сказаў: “На выхад з рэчамі”.

Андрэй пачаў зьбірацца. Хадзіў па камеры, як страчаны, тыкаўся ў нары, запаволены ад нечаканай навіны. Валодзя хутка заварыў купчыку, селі мы ўкола, пусьцілі кубак з рук у рукі, прыкусваючы горкую духмяную гарбату цукеркамі, сядзелі, маўчалі – ня кожнаму сьвяціла такое шчасьце. Урэшце Андрэй сабраўся і пайшоў.

Выклікаў ён нетлумачальны давер, які я адчуваў на нябачным узроўні. Ёсьць людзі, пры сумоўі зь якімі, па тым, што і як яны гавораць, як сябе паводзяць, па ледзь прыкметных рухах і па рэакцыі на розныя падзеі, яны выклікаюць давер. Можа моцна яны табе і не дапамогуць, са сваёй бядой у турме ты застаесься пераважна сам насам, але і ў спіну ня ўдараць, і падлянку ня кінуць, не здадуць і не здрадзяць. А калі можна будзе хоць у нечым дапамагчы, то зробяць гэта не раздумваючы. У наступныя гады ў турме я часта буду давярацца гэтаму адчуваньню, і, здаецца, яно ніколі не падводзіла мяне.

Мінуў можа месяц, як аднойчы Паўлавіч атрымаў ліст з Бабруйску ад Андрэя. Пісаў ён усім нам, што яго ня звольнілі і ён даслужваў апошні год. На волі адчуваў ён нейкую спустошанасьць і дэпрэсію, зь якой пакуль што яшчэ не развітаўся. Нічога не дапамагала: ні служба, ні дзяўчына, зь якой ён зьбіраўся ажаніцца. Не было ніякай мэты ў жыцьці. Турма, хоць і выйшаў ён адтуль амаль без стратаў, усё ж такі наклала на яго свой суровы адбітак.

Я часта згадваў пра Андрэя ў бабруйскай калоніі, калі выходжваў у адзіноце свае кіламетры ў атраднай лакалцы, а ў небе, як чмялі, густа гулі расійскія вайсковыя грузавыя самалёты, цягнулі з Расіі сваё майно. На некалькі месяцаў іх запусьцілі на бабруйскі аэрадром. А зранку худыя зьнішчальнікі хутка ўзьляталі з тонкім асіным дзынкам і ляцелі на паўночны захад, да літоўскай мяжы, на патруляваньне. Ледзяным холадам цягнула ад гэтых пранізьлівых гукаў.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XX. ВАЛОДЗЯ. МАЛОЧНЫ ЗАВОДЗІК

Я ўжо раней крыху апісваў Валодзю, але скарыстаюся яшчэ і апісаньнем Зьміцера Дашкевіча з апавяданьня “Гумовы тапак”. Рэдкая прадставілася мне магчымасьць — паглядзець на чалавека з розных бакоў.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства