Да 110 базавых аднаму. У Брэсце масава штрафуюць праціўнікаў завода АКБ Дапоўнена
У Брэсце працягваюцца суды над праціўнікамі завода АКБ, якія кожную нядзелю выходзяць на цэнтральную плошчу горада на акцыю па "кармленні галубоў". Таксама суды чакаюцца над праваабаронцамі Раманам Кісляком і Уладзімірам Вялічкіным. Цікава, што многіх днямі судзілі ўжо паводле артыкула 23.34 КаАП, але пасля суда, дзе ім прысуджалі вялікія штрафы, іх зноўку затрымлівалі і адвозілі ў ІЧУ. Сярод такіх — праваабаронца "Вясны" Уладзімір Вялічкін, праваабаронца Раман Кісляк, актывісты Дзяніс Малышэнка, Валеры Фамінскі, Уладзімір Мароз, Віталь Казак, Юрый Калько.
У 11:00 адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы паводле артыкула 23.34 КаАП актывіста Уладзіміра Мароза. Суд Ленінскага раёна аштрафаваў актывіста на 30 базавых велічыняў (810 рублёў). Яго адпусцілі на волю. У панядзелак яго таксама аштрафавалі на 30 базавых велічыняў.
У судзе Ленінскага раёна Брэста 14 траўня ў 14:30 прызначаны суд над праваабаронцам Раманам Кісляком. Суддзя — Аляксандр Семянчук. 12 траўня суд аштрафаваў яго на 30 базавых велічыняў (810 рублёў), але пасля суда зноў адвезлі ў ІЧУ.
Суд над праваабаронцам Раманам Кісляком
Як паведамляе тэлеграм-канал "Нет заводу АКБ в Бресте", судовы працэс над праваабаронцам Раманам Кісляком перанесены на 19 траўня на 14:30. Яго адпусцілі на волю.
На судзе ў Рамана Кісляка прысутнічаў Сяргей Вакуленка (прадстаўнік руху "За свабоду" і валанцёр камітэта "Салідарнасьць"). Ён распавёў "Вясне", што разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да Кісляка ідзе адразу па двух пратаколах — за шэсьці 12 красавіка і 3 траўня (частка 1 артыкула 23.34 КаАП). На судовым паседжанні Кісляк заявіў хадайніцтва для таго, каб апратэставаць напісанае ў пратаколе. Так, РАУС у пратаколе ўказаў, што Раман падчас акцыі ішоў у калоне пратэстоўцаў, у той час як сам праваабаронца ўказвае:
"Я мог трапіць у калону толькі на пешаходным пераходзе, але гэта не азначае, што я ішоў у калоне".
Акрамя таго, Раман Кісляк заявіў, што яму не паведамлялі, на якой падставе яго затрымалі і што яму ставяць у віну. Пры затрыманні не далі паведаміць сваякам, куды яго павезлі. Ён хацеў напісаць скаргу — аднак яму ў РАУС не далі ні паперы, ні ручкі, спасылаючыся на тое, што гэта не належыць. Таксама знаходзячыся ў ІЧУ, ён заяўляў аб жаданні заключыць пагадненне з адвакатам, але яму не далі такой магчымасці.
"Гэта значыць, што супрацоўнікі міліцыі ігнаруюць закон і пад любой падставай перашкаджаюць чалавеку, каб ён скарыстаўся сваім канстытуцыйным правам", — адзначыў Сяргей Вакуленка.
Таксама ў судзе Раман Кісляк спаслаўся на тое, што былі парушаныя нормы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, паколькі гэта можна кваліфікаваць як выкраданне чалавека.
Дапоўнена. Як стала вядома "Вясне", Раман Кісляк падчас судовага паседжання запатрабаваў далучыць да матэрыялаў справы відэазапісы, якія пацвярджаюць, што ён быў на гэтых сходах у якасці менавіта назіральніка. Суд вырашыў зрабіць перапынак да 19 траўня, каб ён мог прадаставіць гэта відэа.
Праціўніка завода АКБ Дзяніса Малышэнка асудзілі на 50 базавых велічыняў штрафа (1350 рублёў). Яго адпусцілі на волю. 11 траўня суд пакараў яго 30 базавымі велічынямі штрафу (810 рублёў). Пасля суда яго затрымалі і трымалі ў ізалятары.
У актывіста Віталя Казака судовы працэс прызначаны на 15:30 у судзе Ленінскага раёна Брэста. Суддзя — Д. Куроўскі. У выніку за ўвесь час актывіста па тром пратаколам па арт. 23.34 КаАП аштрафавалі на 110 базавых велічыняў (2970 рублёў).
Паведамляецца, што ў суд паступілі адміністрацыйныя справы актывістаў Валерыя Фамінскага і Юрыя Калько.
"Экадом" заклікае спыніць пераслед экалагічных актывістаў
Суд над праваабаронцам "Вясны" Уладзімірам Вялічкіным
14 траўня чакаўся суд і над праваабаронцам "Вясны" Уладзімірам Вялічкіным. Толькі бліжэй да 17 гадзін на стэндзе з раскладам судовых паседжанняў суда Ленінскага раёна г. Брэста вывесілі расклад, дзе пазначана: суд над Вялічкіным запланаваны на 15 траўня ў 11.00. Разглядаць будуць па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП.
Пару дзён таму суд пакараў Уладзіміра па частцы 3 артыкула 23.34 КаАП штрафам у 50 базавых (1350 рублёў), але, які і многіх іншых актывістаў, не адпусцілі на волю, а затрымалі. З 12 траўня праваабаронца знаходзіцца ў ІЧУ. Нагадаем, што праваабаронцу затрымалі 10 мая падчас яго маніторынгу акцыі “кармлення галубоў”. Ён знаходзіўся спачатку ў Кобрынскім ІЧУ (пра што Маргарыце Вялічкінай, яго жонцы, ніхто наўпрост не казаў), а потым яго перавезлі у Брэст.
У абарону Уладзіміра Вялічкіна выступіў Праваабарончы цэнтр "Вясна", сябрам якога ён з'яўляецца. Рада "Вясны" патрабуе неадкладна вызваліць затрыманага Уладзіміра Вялічкіна і спыніць іх пераслед у сувязі з праваабарончай дзейнасцю. Заклікала беларускія ўлады спыніць пераслед мірных актывістаў грамадзянскай супольнасці і вызваліць затрыманых Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT).
Інфармацыя ўдакладняецца і дапаўняецца.
Актывістаў затрымліваюць да суда і судзяць па некалькі разоў. Што не так у гэтай заганнай практыцы?