viasna on patreon

Вярніце гітару! Музыкант падаў у суд на Мінрайвыканкам

2020 2020-02-03T16:57:48+0300 2020-02-03T16:57:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viachaslau_basgitara.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Музыка Вячаслаў грае на сваёй гітары

Музыка Вячаслаў грае на сваёй гітары

У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся музыкант Вячаслаў, у якога падчас канцэрту яшчэ ў 2015 годзе міліцыя забрала бас-гітару, але да гэтага часу яе так і не вярнула.

Хлопец згадвае, вечарам 1 жніўня 2015 года ў лесапаласе недалёка ад Ратамкі нефармальны канцэрт сарваў АМАП. Усіх прысутных затрымлівалі, а тых, хто прыехаў на ўласным транспарце – штрафавалі за няправільную паркоўку і адпускалі. У музыкаў жа забралі ўсю апаратуру і інструменты. Вячаслава таксама затрымалі і даставілі ў РАУС, аднак амаль адразу адпусцілі без складання пратаколу. Але бас-гітару не вярнулі, спаслаўшыся на неабходнасць правядзення працэсуальных дзеянняў.

Пад Мінскам былі затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі на рок-канцэрт

У суботу ўвечары ў лесе непадалёк ад чыгуначнай станцыі Зялёнае моладзь плянавала правесьці рок-канцэрт. Канцэрт пачаўся прыкладна а 20-й гадзіне, а празь дзьве гадзіны яго перапынілі супрацоўнікі міліцыі.

На працягу доўгага часу Вячаслаў звяртаўся ў міліцыю ў спробе даведацца лёс свайго музычнага інструмента. У адказ атрымліваў адпіскі, што па факце канфіскацыі гітары праводзяцца праверкі, і ў сувязі з гэтым вярнуць яе не ўяўляецца магчымым.

У жніўні 2019 гады хлопец звярнуўся са скаргай у пракуратуру Мінскай вобласці, якую перанакіравалі ў Ждановіцкі РАУС. Ужо адтуль Вячаслаў атрымаў адказ, што сапраўды яго гітара была канфіскаваная ў сувязі з "незаконна арганізаваным канцэртам", а пасля яе перадалі ў аддзел культуры Мінрайвыканкама.

"У сувязі з тым, што скончыўся тэрмін вяртання маёмасці, бас-гітара па рашэнні Мінскага раённага выканаўчага камітэта 29.06.2017 года перададзеная пад распіску дырэктарцы Сеніцкага Цэнтра Культуры Цярэнцьевай Наталлі Іосіфаўне. Для вырашэння пытання па вяртанні бас-гітары, якая належыць Вам, неабходна звярнуцца ў Мінскі раённы выканаўчы камітэт", – значылася ў адказе.

Вячаслаў распавядае, што супрацоўнік РАУС, які вёў яго зварот, звязаў яго з дырэктаркай Сеніцкага цэнтра культуры, а таксама перасылаў яму фатаграфіі перададзеных інструментаў. Але гітары маладога чалавека на фота не было. Тады ён стэлефанаваўся з дырэктаркай Цэнтра і асабіста прыехаў туды, каб адшукаць гітару.

"Я паехаў у Цэнтр культуры, мне паказалі перададзеныя міліцыяй гітары. Я гляджу мой чахол ад гітары, адкрыў яго – там струны мае ляжаць, накрыўка ад прымочкі засталася і самае цікавае – ліст у падатковую з указаннем майго імя, прозвішча і адрасу ляжыць, які я, аплаціўшы падатковую дэкларацыю, скамячыў і паклаў у чахол ў пачатку 2015 года. Але гітары маёй няма.

Я паказваю дырэктарцы ліст з маім імём, і дзіўна адмаўляцца, што маёй гітары тут няма і не было. Але яна кажа, вось мне гэта перадалі і ўсё, а вашу гітару не перадавалі, напэўна дзесьці засталася там.

Тады падумаў, што можа сапраўды ў міліцыі дзесьці засталася, а ў чахол паклалі іншую. Мне сказалі ў Цэнтры, забірай любую і ідзі", – распавядае хлопец.

Але браць любую гітару Вячаслаў не стаў, а замест гэтага правёў міні-расследаванне: стаў праглядаць групы Цэнтра культуры ў сацыяльных сетках, знайшоў харэаграфічны ансамбль "Сеніца" з невялікай музычнай падтрымкай, і ў выніку наткнуўся на відэа за ліпень 2017 года, дзе на адным з канцэртаў музыкант ансамбля граў на яго бас-гітары.

"Я разумею, што дырэктарка Цэнтра можа не разбірацца ў гітарах, але яна запэўнівала, што мой бас не перадавалі, а аказваецца – што мая гітара ўсё-ткі там была. Я пачаў глядзець па фатаграфіях і, вядома, свой бас дакладна пазнаў, так як гэта досыць рэдкі інструмент", – адзначае музыкант і ацэньвае кошт гітары ў 1 300 даляраў.

Таксама Вячаслаў звярнуўся з пісьмовым зваротам і ў Мінскі раённы выканаўчы камітэт з просьбай вярнуць маёмасць, якая належыць яму. Праз месяц ён стаў тэлефанаваць у райвыканкам, пытацца пра зварот. Яму адказалі, што зварот сапраўды паступіў, але быў зроблены запыт у суд, каб даведацца падставы канфіскацыі інструментаў. У выніку суд адказаў, што бас-гітара Вячаслава не з'яўляецца ніякім аб'ектам правапарушэння, таму яе ў тым ліку перадалі ў карыстанне Цэнтру, палічыўшы інструменты «знойдзенымі».

"У выканкаме за гэты час мабыць зразумелі, што мой бас не знайшоўся, і выходзіць нейкая лухта. Я тэлефанаваў-тэлефанаваў ім, адказу не было, потым яны пачалі пытацца дакументы, якія даказваюць, што інструмент сапраўды мой. Я кажу, у мяне ёсць фатаграфіі і я магу запрасіць шмат людзей, якія дакажуць, што я граў на гэтым басу.

Тым больш міліцыі адразу адказала, што сапраўды бас забіралі ў мяне, а потым спрабуюць выкруціцца, кажуць: а як дакажыце, што гэты інструмент ваш? Мы ў цябе забралі бас, а ты цяпер дакажы, што гэта твой, атрымліваецца?" – задаецца пытаннем музыкант.

Ён здзіўлены тым, што спачатку ў міліцыі яму далі кантакты Сеніцкага цэнтра культуры, там дазволілі прыехаць і пашукаць сваю гітару, а калі ён яе не знайшоў – той жа чалавек сцвярджаў, што хлопец наогул не меў права ехаць у Цэнтр і глядзець перададзеныя інструменты.

Пазней гітарыст усё ж атрымаў пісьмовы адказ з Мінрайвыканкама, дзе адзначалася, што "на падставе артыкулаў 216 і 277 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь і рашэнні Мінскага раённага выканаўчага камітэта ад 04 ліпеня 2017 г. №3434 бас-гітара ESP Horison BASS была перададзеная ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага райвыканкама для яе далейшага выкарыстання ў рабоце Сеніцкага цэнтра культуры і не можа быць вернутая".

Вячаслаў лічыць, што яго бас-гітару папросту згубілі і не знайшлі, а можа нават і не шукалі.

Цяпер малады чалавек з дапамогай юрыстаў ПЦ "Вясна" падрыхтаваў і накіраваў позву ў суд Мінскага раёна, каб той прызнаў незаконным рашэнне Мінскага райвыканкама аб перадачы бас-гітары аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкама для яе далейшага выкарыстання ў рабоце Сеніцкага цэнтра культуры.

"Хацелася б менавіта свой інструмент вярнуць, таму што такога больш знайсці я не магу", – перакананы Вячаслаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства