Тры дні за кратамі: ці законная новая-старая практыка сілавікоў?
Акцыя «Свабоду палітвязням», якая прайшла 26 лютага ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы, закончылася затрыманнем пецярых яе ўдзельнікаў. Насуперак усеагульнаму чаканню, актывістаў не асудзілі на наступны дзень пасля акцыі, як гэта часта бывае, а пакінулі ў ізалятары на вул. Акрэсціна. Ці законна такое доўгае адміністрацыйнае затрыманне і «адцягванне» суда? Сітуацыю пракаментаваў юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка.
"Па-першае, варта падкрэсліць, што актывістаў затрымалі за ажыццяўленне аднаго з асноўных правоў чалавека, а менавіта права на свабоднае выказвання меркавання. Па-другое, неабгрунтавана доўгім затрыманнем без накіравання адміністрацыйнай справы ў суд парушаецца нацыянальнае заканадаўства.
Супрацоўнікі міліцыі, відавочна, лічаць свае дзеянні законнымі. Сапраўды, на тэрмін звыш трох гадзін, але не больш чым на 72 гадзіны можа быць затрымана фізічная асоба, калі ёй ставіцца ў віну здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння, за якое ў якасці адміністрацыйнага спагнання прадугледжаны адміністрацыйны арышт (тут той самы выпадак). Аднак не ўлічваецца тое, у якіх мэтах прымяняецца адміністрацыйнае затрыманне".
Павел Сапелка пералічыў гэтыя мэты:
- спыненне супрацьпраўнай дзейнасці;
- складанне пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні, калі складанне яго на месцы выяўлення (здзяйснення) адміністрацыйнага правапарушэння не ўяўляецца магчымым;
- высвятленне асобы;
- забеспячэнне ўдзелу пры разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні;
- спыненне ўтойвання або знішчэння доказаў;
- забеспячэнне выканання адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту ці дэпартацыі.
Павел Сапелка падкрэсліў, што такое працяглае затрыманне актывістаў не адпавядае ні адной з пералічаных мэтаў. А гэта значыць, што такое затрыманне - не што іншае, як сродак прычынення фізічных і маральных пакут, і зроблена гэта для таго, каб перашкодзіць ажыццяўленню абароны.
Нагадаем, што 26 лютага ў 18 гадзін на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску выйшлі 10 чалавек у падтрымку беларускіх палітвязняў. Перад пачаткам несанкцыянаванай акцыі каля свайго дома быў затрыманы сустаршыня БХД Павел Севярынец. Пасля акцыі затрымалі Вольгу Нікалайчык і Арцёма Чарняка. На наступны дзень быў затрыманы Леанід Кулакоў, а 28 лютага затрымалі Маю Навумаву. Аднак суды над актывістамі не адбыліся ні 27-га, ні 28-га лютага. Паводле апошняй інфармацыі, 1 сакавіка затрыманых павезлі з ізалятара на Акрэсціна, верагодна на суд.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96