Берасце: праваабаронцу Рамана Кісляка чакае суд
У судзе Ленінскага раёна Берасця 18 кастрычніка будзе разгледжаная адміністрацыйная справа праваабаронцы Рамана Кісляка. Паседжанне прызначанае на 15 гадзін.
На той дзень, 14 кастрычніка, калі на плошчы Леніна ў Берасці сабраліся пратэстоўцы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, Кісляку ўручылі позву ў раённы аддзел міліцыі. Аднак праваабаронцу затрымалі непасрэдна ў Ленінскім РАУСе пасля мітынгу, пад час якога ён вёў назіранне за хадой мірнага сходу грамадзян.
У пастарунку, дзе ён правёў ноч, у Кісляка ўзняўся ціск, была выкліканая хуткая дапамога, якая адвезла яго ў лякарню, дзе ён прайшоў медычнае абследаванне. Кісляку паспелі ўручыць позву у суд на 18 кастрычніка за ўдзел у акцыі, якая адбылася мінулым днём у нядзелю.
Усяго 14 кастрычніка, пад час мітынгу і перад яго пачаткам, супрацоўнікі міліцыі затрымалі 15 чалавек. Траіх непаўнагадовых пазней адпусцілі з бацькамі, на астатніх склалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 9 удзельнікаў мітынгу атрымалі штрафы, траіх – Міколу Статкевіча, Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава пакаралі арыштам на 5 сутак.