viasna on patreon

Андрэя Марача з Брэста пакаралі 10 суткамі арышту

2017 2017-03-22T11:48:57+0300 2017-03-22T12:41:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marych.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Марач, фота "Радыё Рацыя"

Андрэй Марач, фота "Радыё Рацыя"

21 cакавіка судом Маскоўскага раёна Брэста ўдзельнік "Марша недармаедаў" Андрэй Марач быў асуджаны да адміністрацыйнага арышту на 10 сутак. Яго абвінавацілі па арт. 17.1 “Дробнае хуліганства” нібыта за лаянку ў публічным месцы.

Як паведамляе “Берасцейская вясна”, хлопец быў затрыманы яшчэ 17 сакавіка побач са сваім домам. У панядзелак, 20 сакавіка, Андрэя Марача даставілі ў суд, дзе ён даведаўся, што асобы, якія яго затрымлівалі – участковыя з Маскоўскага РАУС г. Брэста Бекач Іван і Лакаеў Аляксандр абвінавацілі яго ў “дробным хуліганстве” і выступяць сведкамі.

Актывіст заявіў хадайніцтва аб удзеле ў працэсе абаронцы, суддзя Карабан Раман задаволіў хадайніцтва і абвясціў перапынак да 16.30 наступнага дня.

21 сакавіка на разглядзе справы Андрэй Марач патлумачыў суду, што ў дзень затрымання выйшаў на рыбалку і на пустыры за домам быў затрыманы дзвума асобамі ў цывільным, якія прадставілісь супрацоўнікамі міліцыі і аб’явілі, што ён затрыманы дзеля высвятлення асобы. Андрэй прапанаваў зайсці да дому, каб паказаць пашпарт. Тыя адмовілісь і не дазволілі пазваніць маці. Пасля чаго адвезлі яго ў Маскоўскі РАУС г.Брэста. Хлопец змог адтуль датэлефанавацца да маці і сказаць дзе знаходзіцца. Маці прывезла пашпарт сына, але ніхто з міліцыянтаў яго глядзець не захацеў. Хлопца змясцілі ў ІЧУ да панядзелка.

Сведкі-міліцыянты паведамілі, што Андрэй Марач лаяўся сам на сябе, людзей побач не было. Яны зрабілі заўвагу, ён ад іх адмахнуўся і груба з імі размаўляў, таму яны яго затрымалі, а ісці па пашпарт не захацелі, бо даставіць у райаддзел прасцей.

Адвакат давяла суду, што віна Андрэя Марача недаказана: складзены пратакол аб здзяйсненні “дробнага хуліганства” ня з’яўляецца доказам, а сведкі міліцыянты супярэчаць адзін аднаму, і папрасіла суд спыніць справу за адсутнасцю складу правапарушэння.

Суддзя вырашыў, што Андрэй Марач усё ж вінаваты ў “брыдкаслоў’і ў публічным месцы і наўмысных дзеяннях, якія выказваюць відавочную непавагу да грамадства” і прыцягнуў хлопца да адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе 10 сутак арышту.

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін кажа:

“Публічнае месца” на пустыры, дзе людзей няма! Ясна, што гэта справа палітычная, якая ставіць дзве мэты: грамадскага актывіста хочуць адхіліць ад удзелу ў грамадска-палітычных мерапрыемствах 25 і 26 сакавіка; праз арышты, штрафы, затрыманні, запрашэнні на гутаркі, папярэджанні і іншыя “прафілактычныя” мерапрыемствы залякаць грамадства, зламаць ягоную волю да супраціву і адстойванню сваіх законных правоў”. 

Нагадаем, што за ўдзел у Маршы недармаедаў 5 сакавіка ў Брэсце Андрэй Марач ужо адбыў 5 сутак адміністратыўнага арышту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства