viasna on patreon

Прадстаўнікоў БХК не пускаюць на паседжанні па стварэнні тэрытарыяльных камісій у Віцебску

2015 2015-07-20T18:00:42+0300 2015-07-20T18:00:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/naziranniezabaronena.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Трапіць на паседжанні па стварэнні камісій спрабавалі праваабаронцы Павел Левінаў і Леанід Свецік. Абодвум адмовілі, паведаміўшы, што "маніторынг пасяджэнняў не дазволены заканадаўствам".

"У накіраванні было напісана, што БХК займаецца маніторынгам выбараў, і таму грамадская арганізацыя просіць, каб мне дазволілі прысутнічаць на пасяджэнні прэзідыюма Віцебскага гарсавета дэпутатаў і Віцебскага гарвыканкаму, дзе будзе адбывацца фармаванне Чыгуначнай, Кастрычніцкай і Першамайскай раённых выбарчых камісій. Але ж з выканкаму патэлефанавалі, што на пасяджэнне мяне не дапусцяць", - распавёў Леанід Свецік.

Віцебскія чыноўнікі не ўдакладняюць, якім законам забаронена прысутнасць прадстаўнікоў БХК на паседжанні па фарміраванні камісій. На афіцыйным сайце Полацкага райвыканкама – адзіным з усіх рэгіянальных сайтаў розных выканкамаў – нават папярэджваюць, што "Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь не прадугледжана накіраванне назіральнікаў на супольнае пасяджэнне органаў улады".

Выбарчым кодэксам гэта не прадугледжана, але ж Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні” дазваляе прадстаўнікам палітычных партый, грамадскіх арганізацый і нават шараговым грамадзянам прысутнічаць на пасяджэннях выканаўчых і распарадчых органаў улады.

Тым не менш, па той самай прычыне, што і Леаніда Свеціка, на пасяджэнне прэзідыюма Віцебскага абласнога савета дэпутатаў і віцебскага аблвыканкаму адмовіліся пусціць праваабаронцу Паўла Левінава. Яго таксама накіроўваў БХК. Але Павел Левінаў мае ўсе падставы, каб пабываць на пасяджэнні: ён імкнецца трапіць ў лік сяброў абласной выбарчай камісіі, сабраўшы неабходную колькасьць подпісаў грамадзян.

"На пасяджэнне я пайду, але мяне ўжо папярэдзілі, што забараняюць весці аўдыё- і відэазапіс, а таксама карыстацца мабільным тэлефонам. Што за дзіўныя захады, калі на двары 21-е стагоддзе? Вазьму ручку, нататнік, буду запісваць "дзедаўскім спосабам". Дарэчы, я не першы раз на супольных пасяджэннях, дзе фарміруюцца камісіі, і ніколі не было забароны карыстацца тэхнічнымі прыладамі. Яшчэ цікава: гэтая забарона тычыцца ўсіх прысутных, або толькі мяне асабіста?"—разважае Павел Леваінаў.

Пасяджэнні па фарміраванні выбарчых камісій у Віцебску і рэгіёнах вобласці пройдуць заўтра, 21 ліпеня.

“Праваабаронцы з свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства