Гомельскую рэлігійную супольнасць абвінавацілі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і накіравалі справу ў суд
Адміністрацыйная справа ў дачыненні гомельскай рэлігійнай супольнасці «Царква Божая «Праабражэнне» накіравана ў суд. Міліцыя склала пратакол па артыкуле 23.34 КаАП Беларусі - парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Пастыру і вернікам супольнасці пагражае штраф у памеры да трыццаці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.
Нагадаем, 31 траўня міліцыянты і амапаўцы перарвалі набажэнства супольнасці, якое праходзіла ў актавай зале арандаванага адміністрацыйнага будынка ў Цэнтральным раёне Гомеля. Міліцыянты вялі аператыўныя відэаздымкі і сказалі, што нібыта паступіла тэлефанаванне з таксафона пра тое, што праходзіць нейкае несанкцыянаванае мерапрыемства. Пазней вернікаў выклікалі ў пастарунак для апытанняў і складання адміністрацыйных пратаколаў.
Супольнасць зарэгістравана і існуе з 2005 года, у 2012 годзе прайшла перарэгістрацыю.