viasna on patreon

Праблемы ромаў - што рабіць?

2015 2015-05-06T14:06:06+0300 2015-05-06T14:06:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cygane.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота з сайту Lenta.ru

Фота з сайту Lenta.ru

Цыгане ў  Беларусі - адна з самых заўважных і праблемных нацыянальных меньшасцяў. Афіцыйна, ромаў ў нашай краіне - 15 тыс. чалавек, але, эксперты лічаць, што лічба насамрэч у разы большая і называюць больш імаверную лічбу - 60 тыс. чалавек. Найбольшая колькасць ромаў пражывае на Гомельшчыне, як у гарадах так і ў вёсках. Асабліва шмат ромаў у Гомелі, Калінкавічах, Жлобіне у вёсках Прыбар, Васілевічы, Бабічы, Уваравічы, пас. Бальшавік ды інш.

Адна з актуальных праблем для ромаў, негледзячы на высілкі ўлады, – непісьменнасць. Прыкладна палова ромаў – непісьменные, ці маюць, у лепшым выпадку, адукацыю пачатковай школы, што, канешне, не можа не адбівацца негатыўна на якасці жыцця беларускіх ромаў.

Вялікая колькасць ромаў на Беларусі не маюць дакументаў: пашпартоў, атэстатаў аб сканчэнні сярэдней адукацыі, дакументаў на жыльлё, ў якім яны пражываюць. Гэта спрыяе іх ізаляванасці, немагчымасці легальна працаваць, атрымліваць адукацыю, інтэгравацца ў грамадства, напоўніцу карыстацца сацыяльнымі льготамі, якія прадугледжаны для грамадзянаў. Напрыклад, значная частка цыганскіх сямей - шматдзетныя, што дае ім права на атрыманне льготная жыльля, але, як скарыстацца гэтым правам, многія ромы не ведаюць. 

Кажа, кіраўніца арганізацыі "Романа дром" Вольга Нячаева: "У маёй сям'і, напрыклад, сяміпакаёвая кватэра, і яна - не сацыяльная.  Я яе атрымлівала на 5 дзяцей, а, ў ромаў бывае і па 15 дзяцей і няма кватэры альбо яна сацыяльная. Чаму? Таму што, людзі - непісьменныя і ў прававым сэнсе, не ведаюць сваіх правоў і як іх рэалізаваць. Колькі было выпадкаў, калі ромаў проста не ставілі на чаргу на атрыманне льготнага жыльля. Гэта не адзінкавы выпадак, калі ромы прыходзілі, прасілі дапамагчы стаць ім на чаргу. Тое самае тычыцца і адраснай дапамогі".

З-за нежадання ромаў наведваць сярэднія школы, вынікае праблема ранніх шлюбаў. Сярэдні шлюбны ўзрост сярод цыганскай моладзі  – 15-17 год. З-за гэтага, цыганская моладзь не мае магчымасці скончыць школу, далей вучыцца, мець кваліфікаваную працу і гэта, зрэшты, кепска адбіваецца на здароў'і маладых ромскіх маці.

На сёняшні дзень сярод ромаў востра стаіць і праблема беспрацоў'я. Толькі некалькі адсоткаў цыганоў афіцыйна працаўладкаваны. Рэшта ж цыганоў, дагэтуль, аддаюць перавагу традыцыйным для сябе заняткам: збіральніцтву металалому, гандлю, варажбе. "Нашыя цыгане працуюць пераважна на сябе  –  кажа актывіст грамадскай арганізацыі "Романа дром" Мікалай Ануфрыеў, -  адныя едуць у Хмельніцкі, купляюць вопратку, ездзяць па вёсках, гандлююць.  Старэйшыя каля вакзала варожаць. Гэта  –  нашыя старыкі, мы іх паважаем, а маладыя бяруць тавар і прадаюць, ходзяць па дамах, ці на рынку гандлююць. Ёсць цыганкі-варажбіткі, якія варожаць, маюць на гэта дазвол. Што тычыцца мужчын ромаў, тыя, каго не бяруць на працу, яны купляюць каней, ездзяць, збіраюць металалом. Многія маладзёны працуюць у Маскве".

Шмат цыганскіх жанчын змушаны прасіць міласціню. Цыганка Любоў Макарава шматдзетная маці з в. Прыбар наракае, што знайсці працу амаль немагчыма: "У мінулы год я вельмі актыўна шукала працу, але, паўсюль мне адмаўлялі. Я – непісьменная цыганка і ніхто не хоча мяне браць на працу. Даводзіцца пабірацца на рынку. За дзень я магу назбіраць у добрых людзей тысяч 30, некаторыя даюць прадукты, дай бог ім здароў'я. Вось так і выжываю".

Цыгане ў Беларусі ня маюць магчымасці навучацца на ўласнай мове, яны не маюць сваіх друкаваных выданняў. У выніку - цыганская культура выглядае слабой сярод іншых культур. Цыганская мова і культура пакрысе занепадаюць.

"У цыган яшчэ засталася традыцыйная музычная, танцавальная культура - адзначае этнолаг Зміцер Канаплянікаў, - якая нам не такая і чужая, дарэчы. У нас, на Беларусі няма фальклёрных цыганскіх калектываў. Трэба, каб мясцовае кіраўніцтва, адміністрацыя, фінансавалі гэтую дзейнасць, такім жа чынам, як фінансуецца дзейнасць звычайных беларускіх вясковых калектываў. У тых вёсках, дзе пражывае шмат цыганоў, варта было б ствараць музычныя калектывы, накіраваць здатных цыганоў на падвышэнне кваліфікацыі, хаця бы ў Гомельскую музычную вучэльню. Гэта ж функцыя раённых аддзелаў культуры, займацца развіццём народнай культуры ў тым ліку і цыганскай".

Стан цыганоў у Белерусі прыцягвае пільную ўвагу і праваабаронцаў. Цягам дзвух апошніх год, Гомельская філія Беларускага Хельсінскага Камітэту, актыўна займаецца абаронай правоў цыганоў, прыцягненнем увагі грамадскасці да дыскрымінацыйнага стану гэтай нацыі.

Так, сябры арганізацыі накіравалі звыш 15 зваротаў у розныя інстанцыя (Міністэрства інфармацыі, аддзелы ідэалогіі рай- і гарвыканкамаў, МУС і ў розныя раённыя СМІ) з патрабаваннем спыніць дыскрымінацыйнае стаўленне да цыганоў з боку журналістаў і міліцыянтаў, не распальваць варожасць да цыганоў.

"З аднаго боку ў грамадстве (вельмі ксенафобскім, наогул) існуе негатыўнае ды варожае стаўленне да цыганоў, – наракае актывістка БХК Марыя Багдановіч, – як да нацыі  злодзеяў, махляроў, гультаёў. Улады і СМІ мала што робяць дзеля разбурэння гэтага стэрэатыпу і выхавання талеранцыі ў сваіх грамадзянаў. Больш таго, вельмі часта, асабліва ў крымінальных зводках падкрэсліваецца цыганская нацыянальнасць правапарушальніка, дапускаюцца яўна дыскрымінацыйныя выпады. Навошта падкрэсліваць нацыянальнасць правапарушальнікаў у СМІ? Што, зладзеі ёсць толькі сярод цыганоў? У адной раёнцы нават даўмеліся змясціць аб'яву, якая заахвочвала жыхароў паведамляць міліцыі ў выпадку з'яўлення цыганоў у іх паселішчы. Мы часта звяртаемся да рэдактараў СМІ з просьбай разбураць негатыўнае стаўленне да цыганоў, друкаваць болей станоўчых матэрыялаў, прыкладаў законапаслухмяных паводзінаў цыганоў, інфармацыі па гісторыі ды культуры цыганскага народа".

Актывісты грамадскай арганізацыі "Сацыяльныя праекты" ужо некалькі гадоў запар ладзяць сумесныя праекты з прадстаўнікамі цыганскай меньшасці. Неўзабаве стартуе праект, які прадугледжвае дашкольнае навучанне для цыганскіх дзяцей, каб надалей яны лепш інтэграваліся ў школьных, дзіцячых калектывах.

"Вядома, што цыганскія дзеці, – кажа кіраўніца арганізацыі "Сацыяльныя праекты" Ніна Кекух,дома размаўляюць па-цыганску і ім трэба загадзя дапамагчы, навучыць элементарным рэчам, у тым ліку, як сабе паводзіць у калектыве, як апранацца ў школе. То бок, вось такім элемантарным рэчам, з якімі часта цыганскія дзеці не знаёмы. У нас ужо ёсць дамоўленасць з упраўленнем адукацыі, яны зацікаўленыя ў такіх праграмах. Яны прызнаюць, што такая праблема ёсць, і, калі сумесна паспрабаваць яе вырашыць, праз арганізацыю груп дашкольнікаў на базе школ, магчыма можна будзе дамагчыся таго, каб гэтыя дзеці скончылі школу".

Відавочна, каб вырашыць такую колькасць праблемаў ромаў, патрэбна доўгатэрміновая разгалінаваная дзяржаўная праграма па падтрымцы цыганскай супольнасці. Варта агульнымі намаганнямі прадстаўнікоў улады, цыганскай супольнасці, грамадскіх ды праваабарончых арганізацый спрабаваць вырашаць праблемы ромаў: спрыяць іх сацыялізацыі, падвышаць прававы ды культурны ўзровень, вырашаць іх сацыяльныя праблемы.

Ларыса Шчыракова, “Гомельская Вясна”. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства