Брэст: улады не хочуць займацца рамонтам вуліцы, паколькі яна “нічыйная”
Ад імя жыхароў Усходняга мікрараёна старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс звярнулася са скаргай у аблвынканкам, каб гэтая установа прымусіла гарадскія ўлады Брэста выконваць свае абавязкі па добраўпарадкаванні і рамонту вуліц.
У прыватнасці, скарга тычыцца сітуацыі на тэрыторыі, што знаходзіцца побач з будынкам сярэдняй школы № 10. Раней мясцовыя жыхары ўжо звярталіся у Брэсцкі гарвыканкам і абласную Дзяржаўтаінспекцыю з нагоды гаротнага стану размешчанай тут вуліцы. У атрыманых адказах улады пагаджаліся, што дарожнае пакрыццё мае шматлікія дэфекты, аднак не здолелі дакладна паведміць, калі становішча будзе выпраўлена. Больш таго, чыноўнікі адказвалі, што для капітальнага рамонту дарогі грошай у бюджэце няма, ды і сама вуліца “нічыйная”, бо не мае канкрэтнага гаспадара. У выніку за чатыры месяцы, што прайшлі пасля звароту ў гарвыканкам, дарогу так і не прывялі да ладу: на ёй не быў зроблены нават абяцаны ўладамі ямачны рамонт.
У скарзе, накіраванай кіраўніцтву абласной выканаўчай “вертыкалі”, гаворыцца, што мясцовыя ўлады фактычна прадэманстравалі сваю поўную няздольнасць, каб выправіць сітуацыю, пакараць і прыцягнуць да адказнасці тых, хто вінаваты ў такім жудасным стане дарогі. Замест гэтага гарвыканкам вырашыў закрыць рух транспартных сродкаў на згаданым участку вуліцы, хоць жыхары мікрараёна з такой просьбай не звярталіся.