Андрэй Гайдукоў стаў "невыязным"
Пра гэта былому палітвязню паведамілі 14 траўня ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Упраўлення ўнутраных спраў Наваполацка. Прычыны забароны пакідаць краіну Андрэю Гайдукову не патлумачылі.
Адзінае, што паведамілі – тое, што выезд з краіны яму забараніў КДБ. Мясцовы аддзел па грамадзянстве і міграцыі зрабіў туды запыт, а ў адказ – паведамленне пра забарону выезду з Беларусі.
Андрэя Гайдукова паставілі на прафілактычны ўлік у КДБ адразу па вызваленні 8 траўня. У міліцыі ён таксама на прафілактычным улік як судзімы, прэвентыўнага нагляду ў яго няма.
1 ліпеня 2013 года Гайдукова асудзілі па крымінальным артыкуле «Спроба ўстанаўлення супрацоўніцтва са спецслужбамі, органамі бяспекі або выведвальнымі органамі замежнай дзяржавы» на паўтары гады пазбаўлення волі.
Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 8 лістапада 2012 года нібата падчас закладкі тайніка для замежных спецслужбаў. Яго змясцілі ў следчы ізалятар КДБ, а 13 лістапада 2012 года Камітэт дзяржбяспекі распаўсюдзіў інфармацыю аб спыненні супрацьпраўнай дзейнасці грамадзяніна Беларусі, які займаўся зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару па заданні замежнай выведкі.
Супраць Андрэя Гайдукова была заведзеная крымінальная справа па ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці).