У Беларусі вынесены чарговы смяротны прысуд

2014 2014-04-08T18:23:00+0300 2014-04-08T16:47:17+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/aljaksandr-harunovicz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Груноў

Аляксандр Груноў

26-гадовы гамяльчук Аляксандр Груноў паўторна асуджаны на смяротнае пакаранне. Па словах адваката, малады чалавек не верыць у тое, што яго можа памілаваць прэзідэнт, а таму пакуль невядома, ці будзе ён наогул падаваць прашэнне аб памілаванні.

 

8-га красавіка ў Вярхоўным судзе паўторна разглядалася касацыйная скарга Аляксандра Грунова на вынесены яму смяротны вырак Гомельскім абласным судом. Маладога чалавека абвінавачвалі па ч.6 п.2 арт.139 Крымінальнага кодэксу – забойства, здзейсненае з асаблівай жосткасцю.

 

Гісторыя забойства гомельскай студэнткі

 

20 верасня 2012 года Груноў забіў знаёмую студэнтку Наталлю Емельянчыкаву. На судзе ён патлумачыў, што за некаторы час да сустрэчы дзяўчына абразіла яго ў кампаніі знаёмых людзей і не папрасіла прабачэння. Гэта і стала прычынай агрэсіі. У выніку хлопец нанёс ахвяры 102 нажавыя раненні.

 

Такая кароткая інфармацыя была размешчана на большасці сайтах, але яе варта ўдакладніць.

 

Аляксандр Груноў быў добра знаёмы з родным братам Наталлі Емельянчыкавай. Абодва былі заўважаныя ў скінхэдскіх рухах. Брат Емельянчыкавай, як і Груноў, меў судзімасць. Для яго Аляксандр быў аўтарытэтам, яны падтрымлівалі кантакты і нават сябравалі пэўны час.

 

Хутчэй за ўсё, менавіта таму і Наталля апынулася ў адной кампаніі з Аляксандрам. Па неасцярожнасці яна моцна абразіла хлопца, назваўшы яго словам, якое для чалавека, які калісьці знаходзіўся за кратамі, скрайне зневажальнае. Брат Наталлі, які меў судзімасць і добра ведаў парадкі “на зоне”, патлумачыў ёй, што за такія словы трэба папрасіць прабачэння, але яна не зрабіла гэтага.

 

Падчас допыту Аляксандр Груноў адзначаў, што калі б Емельянчыкава ўсё ж папрасіла прабачэння, ён бы не стаў яе забіваць.

 

Крымінальнае мінулае Грунова

 

Варта адзначыць, што да гэтага Аляксандр ужо меў судзімасць – за жорсткае збіццё сужыцеля маці, які памёр у выніку нанесеных удараў. Тады хлопца асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі. Маці Грунова кажа, што інцыдэнт адбыўся падчас бойкі паміж айчымам і пасынкам, у іх была асабістая непрыязь.

 

Жыццё Аляксандра складана назваць бесклапотным – ягонага бацьку забілі, калі Саша быў яшчэ дзіцёнкам. Забойцу, дарэчы, так і не знайшлі. Маці перыядычна жыла з рознымі мужчынамі, разам з імі распівала спіртныя напоі. Пасля да кампаніі далучыўся і сын. Адметна, што ў некаторых такіх бяседах з Груновай удзельнічала і маці Наталлі Емельянчыкавай.

 

Зараз паміж жанчынамі няма паразумення. Маці забітай на кожным судовым паседжанні настойвала, што Грунову павінен быць вынесены смяротны прысуд. Падчас апошняга паседжання яна, звяртаючыся да суда, заявіла: “Ён заслугоўвае смяротнага пакарання. Спадзяюся, мне больш не давядзецца звяртацца па гэтым пытанні да нашага прэзідэнта”.

 

Варта адзначыць, што Лукашэнка яшчэ да вынясення канчатковага прысуду на сустрэчы з генпракурорам Конюкам заявіў, што Груноў павінен быць пакараны смерцю.

 

Судовы разгляд справы

 

Амаль паўтары гады цягнулася судовае разбіральніцва па гэтай справе, прайшло каля 20 судовых паседжанняў. Пракурор адразу запрошваў максімальнае пакаранне – расстрэл. І Гомельскі абласны суд падтрымаў гэтае патрабаванне. Груноў разам са сваім адвакатам звярнуўся з касацыйнай скаргай у Вярхоўны суд.

 

У кастрычніку на паседжанні ВС абаронца Сяргей Красноў падкрэсліў, што крымінальнае заканадаўства Беларусі прадугледжвае, акрамя смяротнага пакарання, і іншыя меры пакарання - пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў або пажыццёвае зняволенне.

 

Абаронца, спасылаючыся на нормы міжнароднага права і звязаныя з імі нормы нацыянальнага заканадаўства, прадставіў судовай калегіі шэраг парушэнняў, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў матэрыялах крымінальнай справы, на якія суд першай інстанцыі не звярнуў увагі.

 

У прыватнасці, адвакат сказаў пра парушэнне прэзумпцыі невінаватасці ў дачыненні да яго падабароннага (арт. 26 Канстытуцыі РБ і п.2 арт.14 МПГПП), парушэнне прынцыпу роўнай абароны і спаборнасці судовага працэсу (арт.22 Канстытуцыі РБ і арт.24 КПК РБ), адзначыў наяўнасць супярэчнасцяў, звязаных з псіхолага-псіхіятрычнай экспертызай стану здароўя Грунова.

 

Апроч таго, абаронца указаў на яшчэ адзін момант, які меў месца адразу пасля вынясення прысуду, і на які, паводле яго слоў, ніхто не звяртае ўвагу: “Калі прысуд судовай калегіі Гомельскага абласнога суда яшчэ не ўступіў у законную сілу, Груноў ужо ўтрымліваўся ў адзіночнай камеры для смяротнікаў у ІЧУ УУС Гомельскага аблвыканкама, дзе быў вымушаны насіць вопратку з надпісам на спіне «ИМН» (з рускай мовы - выключная мера пакарання), гэта значыць “смяротнае пакаранне”, такім чынам, ён зведваў такое абыходжанне, як быццам зыход справы і яго лёс былі ўжо прадвызначаныя...”

 

Рашэннем калегіі па крымінальных справах ВС справа Грунова была накіравана на паўторны разгляд у Гомель.

 

Па словах адваката, былі выяўлены абставіны, якія павінны былі паўплываць на змякчэнне прысуду – Аляксандр супрацоўнічаў са следствам, раскаяўся ў судзейнным, з’явіўся сам з павіннай у міліцыю. Груноў не адмаўляў сваёй віны, але прасіў замяніць яму меру пакарання, каб у яго была магчымасць пакаяцца і выплаціць сям’і Емельянчыкавых маральную кампенсацыю. Пацярпелыя заявілі ў судзе аб 300 млн рублёў.

 

Аднак сёння Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэнне суда аб смяротным пакаранні. Прысуд выносіў старшыня калегіі Валер Калінковіч, які неаднаразова заяўляў пра тое, што ў Беларусі ўсё гатова да адмены смяротнага пакарння.

Варта заўважыць, што ён жа падтрымаў смяротны прысуд у 2013 Паўлу Селюну.

 

Пракурорам па справе выступіў Мікалай Жэчка, вядомы па нядаўняй гучнай справе супраць медыцынскага цэнтру "Экамедсэрвіс".

 

Адвакат Грунова Сяргей Красноў кажа, што Аляксандр у вельмі падаўленым стане і пакуль не хоча падаваць прашэнне аб памілаванне на імя Лукашэнкі. “Трэці раз пачуць у судзе вырак – смяротнае пакаранне праз расстрэл – вельмі цяжка, у яго зараз пэўны адчай, - адзначыў абаронца. – Для мяне дзіўна, чаму Вярхоўны суд адправіў справу на новы разгляд, а пасля не ўлічыў новыя змякчаючыя абставіны, якія былі выяўленыя ў Гомельскім абласным судзе”.

 

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда адсочваў справу Грунова.

 

“За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі прэзідэнт памілаваў толькі аднаго “смяротніка”. Гэта тлумачыць, чаму асуджаныя на расстрэл часта не вераць у гэты інстытут. У выпадку Грунова сітуацыя яшчэ ўскладняецца тым, што Лукашэнка персанальна па яго справе заявіў генпракурору Конюку, што ніякага памілавання хлопец не заслугоўвае, хоць на той момант яшчэ не было рашэння Вярхоўнага суда, - кажа праваабаронца. – Аднак мы атрымалі дазвол ад Грунова звярнуцца ад яго імя ў Камітэт па правах чалавека ААН”.

 

Сёння ж стала вядома, што КПЧ атрымаў зварот ад імя Аляксандра Грунова. У адпаведнасці з п. 92 Правілаў працэдур Камітэта дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду звароту па сутнасці ў ААН. 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international