viasna on patreon

Акцыя FIDH перад Алімпіядай у Сочы: "Правы чалавека - не гульня"

2014 2014-02-04T13:25:28+0300 2014-02-05T12:33:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/affiche-russie-hr-are-no-game-fidh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Сочы Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) праводзіць акцыі пратэсту супраць парушэнняў правоў чалавека ў Расіі.

За тыдзень да пачатку Алімпіяды, 1 лютага, такая акцыя адбылася ў Парыжы. Прадстаўнікі FIDH сумесна з Amnesty International, асацыяцыяй Хрысціянскае дзеянне супраць катаванняў (l'Action des chrétiens contre la torture - Acat), Inter-LGBT і Russie-Libertés выйшлі на пратэст пад лозунгам «Сочы: за кольцамі - краты» ( Sotchi : des barreaux derrière les anneaux).

Як паведамляе сайт Міжнароднага французскага радыё (RFI), у акцыі ўзялі ўдзел 170 чалавек, якія сабраліся на плошчы Сталінграда. Удзельнікі былі апранутыя ў рознакаляровыя камбінезоны і склалі жывыя алімпійскія кольцы. У цэнтры кожнага кальца знаходзіўся малюнак з сімвалічнай выявай аднаго з правоў чалавека, якія парушаюцца ў Расіі.

Французскія праваабаронцы асудзілі парушэнне правоў на свабоду слова і маніфэстацыяў, а таксама катаванні, парушэнні правоў мігрантаў і гомасэксуалістаў.

«Мы не заклікаем да байкоту Алімпійскіх гульняў у Сочы, - заявіла агенцтву Франс-прэс прадстаўнік FIDH Саша Кулаева. - Але мы лічым, што гэтыя гульні - ключавы момант, каб нагадаць пра парушэнне правоў чалавека ў Расеі». «У апошнія два гады ў Расіі было прынята каля тузіна законаў, што забіваюць свабоду. Пасля 20 гадоў свабоды мы бачым вяртанне рэпрэсіўных мераў, вартых Савецкага саюза», - цытуе Сашу Кулаеву АФП.

Таксама FIDH правяла акцыю ў Бруселі, напярэдадні саміту Расія-Еўрасаюз, удзел у якім прымаў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

 

Праваабаронцы пратэставалі перад штаб-кватэрай Еўрасаюза, папярэдне накіраваўшы адкрыты ліст аб неабходнасці падняць пытанне правоў чалавека на саміце. «Праз два тыдні ўвагу ўсяго свету будзе прыкавана да XXII зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы, ля падножжа Каўказскіх гор - рэгіёну, адзначанага гадамі самавольства і гвалту. На саміце Расія- Еўрасаюз 28 студзеня неабходна публічна асудзіць парушэнні правоў чалавека ў Расіі і суседніх з ЕС краінах, якія знаходзяцца ў сферы ўплыву Расіі», - гаворыцца ў лісце за подпісам Прэзідэнта FIDH Карыма Лахіджы. Далей у звароце пералічваюцца праблемы, на якіх Еўрасаюз у першую чаргу павінен засяродзіць сваю ўвагу: рэпрэсіўныя законы, рэпрэсіі ў адрас грамадскіх актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў, палітычныя зняволеныя, парушэнні правоў чалавека мігрантаў і сітуацыя ва Украіне, дзе вырашальную ролю мае ўплыў Расеі.

Нагадаем, што з прычыны парушэнняў правоў чалавека ў Расіі пра адмову ад удзелу ў цырымоніі адкрыцця і іншых афіцыйных мерапрыемствах Алімпіяды раней заявіў цэлы шэраг сусветных лідэраў, у тым ліку першыя асобы Германіі, ЗША, Францыі, Бельгіі, Польшчы і Літвы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства