Мазыр: месцы для правядзення перадвыбарчай агітацыі – не вельмі зручныя
Рашэнне Мазырскага райвыканкама “Аб вызначэнні ў Мазырскім раёне месцаў для правядзення кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, іх даверанымі асобамі мерапрыемстваў з мэтай ажыццяўлення перадвыбарчай агітацыі” ўтрымлівае пункты, якія забараняюць самавольнае размяшчэнне агітацыйных друкаваных матэрыялаў аб кандыдатах у дэпутаты ў не прадугледжаных месцах. Пры гэтым даецца прамое ўказанне Зыкуну П.С., начальніку Мазырскага РАУС, прымаць неабходныя меры па недапушчэнню такіх дзеянняў.
Для Мазырскай выбарчай акругі №42 месцамі для правядзення масавых мерапрыемстваў перадвыбарчай кампаніі з’яўляюцца стадыён “Спартак” - ужо звыклае для мясцовых грамадскіх актывістаў месца, вызначанае рашэннем №1202 ад 15.09.2011г. “Аб масавах мерапрыемствах”, таксама пляцоўка каля Палаца культуры “20 год Перамогі” ў мікрараёне “Зарэчны”, канцавы прыпынак аўтобуса №7 у мікрараёне “Кастрычніцкі” і парк “Дружбы” ў аднаіменным мікрараёне.
-Магчыма, для сходаў і мітынгаў гэтыя месцы і прыдатныя, аднак для публічнага выступлення кандыдатаў і іх давераных асобаў, раздачы улётак, праграм кандыдатаў -- не вельмі зручныя. Асабліва гэта тычыцца стадыёна “Спартак” і парка “Дружбы”. А на канцавым прыпынку аўтобуса №7, калі там сабраць з паўсотні грамадзян, рух можа быць паралізаваны, – выказаў сваё меркаванне назіральнік Уладзімір Целяпун.
Свае заўвагі мазырскі праваабаронца мае і наконт месцаў для сустрэч кандыдатаў у дэпутаты, іх давераных асоб з выбаршчыкамі:
-Гэта амаль ўсе палацы культуры. Здаецца, тут павінна быць як мага меней нараканняў з боку прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Аднак з папярэдняга вопыту вядома, што ўстановы культуры адмянялі загадзя ўзгодненыя і замоўленыя залы.
Рашэнне Мазырскага райвыканкама ўтрымлівае таксама пералік месцаў на тэрыторыі ўчасткаў для галасавання для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў аб кандыдатах у дэпутаты. У Мазырскай выбарчай акрузе №42 знаходзіцца 40 выбарчых участкаў, на кожным з якіх, згодна з Выбарчым кодэксам, павінна быць вызначана месца, найбольш наведваемае грамадзянамі. Так, 11 з 13 вызначаных месцаў – гэта дошкі аб’яў, інфармацыйныя стэнды.
- Пры ўмове рэгістрацыі ўсіх пяці прэтэндэнтаў у дэпутаты, усім можа не хапіць месца для размяшчэння агітацыйнай прадукцыі на маленькіх дошках аб’яў і інфармацыйных стэндах. Але, калі гэта ўсё ж такі стане магчымым – не застанецца вольнага месца для размяшчэння аб’яў ды афіш для Дома культуры, кінатэатра, тэатра. Іх праца можа быць паралізавана! Я не аднойчы прапаноўваў уладам Мазыра зрабіць адмысловыя тумбы, стэнды, прымеркаваныя да выбарчых кампаній, але ўсё безвынікова.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”