На салігорскіх акругах з’явіцца рэальная альтэрнатыва
На Салігоршчыне два сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі будуць вылучаныя па партыйных спісах на парламенцкія выбары ў якасці кандыдатаў. Пра гэта стала вядома пасля першай сесіі пазачарговага З’езду АГП. Такім чынам на абедзьвюх Салігорскіх выбарчых акругах з’явіцца рэальная альтэрнатыва праўладным кандыдатам.
Па Салігорскай гарадской выбарчай акрузе №68 прадстаўляць Аб’яднаную грамадзянскую партыю будзе вядомы салігорскі актывіст, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Віктар Малочка. Нагадаем, што па гэтай жа акрузе праз збор подпісаў вылучаюцца дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Яўген Абаленскі і яго “спарынг-партнёр” дырэктар салігорскай камунальнай гаспадаркі Ігар Дзялендзік.
Кандыдатам на Салігорскую сельскую выбарчую акругу №69 партыя АГП вылучыла былога любанскага прадпрымальніка Арцёма Агафонава. Канкураваць яму давядзецца з начальніцай упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама і адначасова дэпутаткай Мінскага абласнога Савета Таісай Данілевіч. Дзеля праформы па гэтай жа акрузе збірае подпісы для вылучэння старшыня Акцябрскага сельсавета Ірына Бас.
Зрэшты, 15 верасня, за тыдзень да галасавання, пройдзе другая сесія З’ёзду АГП. На ім, у адпаведнасці з рашэннем партыі, усе яе кандыдаты, у тым ліку Віктар Малочка і Арцём Агафонаў, будуць знятыя з выбараў. Партыйцы плануюць скарыстаць магчымасці свайго афіцыйнага статуса кандыдатаў для агітацыі за байкот несправядлівых выбараў.
Што да іншых апазіцыйных партый, дык іх сябры на салігорскіх акругах прадстаўлены не будуць.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”