Кіраўніцтва Брэсцкага дзяржаўнага універсітэту працягвае ціск на незалежны прафсаюз
Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Валянцін Лазарэнкаў атрымаў ад рэктара БрДУ Мечыслава Часноўскага ліст, у якім патрабуецца прадставіць поўны спіс сяброў суполкі СПБ у гэтай навучальнай установе.
У сваім лісце рэктар сцвярджае, што прафсаюзныя ўнёскі ў бухгалтэрыю ўніверсітэта не трапляюць, з чаго робіцца выснова, што сябры СПБ пакінулі шэрагі гэтай арганізацыі альбо перайшлі ў афіцыйны прафсаюз. Валянцін Лазарэнкаў, які сам у свой час быў звольненын з БрДУ за сваю палітычную і прафсаюзную дзейнасць, не выключае, што зараз кіраўніцтвам універсітэту робяцца новыя захады, каб пазбавіцца суполкі незалежнага прафсаюза. Таксама верагодна, што загад цалкам знішчыць арганізацыю СПБ, мог трапіць ад мясцовых уладаў, якія на прыкладзе сітуацыі на мікашэвіцкім “Граніце” не хаваюць свайго стаўлення да незалежных прафсаюзаў.
Лазарэнкаў нагадвае, што ў былыя часы ў суполку СПБ Брэсцкага дзяржаўнага універсітэту ўваходзіла каля ста чалавек (зараз засталося 37 сяброў, і яны не афішуюць сваю прыналежнасць да незалежнага прафсаюзу, каб не згубіць працу), а рэктар Часноўскі менавіта за парушэнні правоў прафсаюзаў і пераслед студэнтаў трапіў у спіс неўязных у Еўрасаюз.