viasna on patreon

Сваякі Кавалёва звярнуліся да Лукашэнкі з прапановай змяніць заканадаўства

2012 2012-05-07T17:38:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kavaliou_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Маці і сястра Уладзіслава Кавалёва, аднаго з асуджаных і расстраляных за тэракт у мінскім метро, звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай выдаць указ, каб целы пакараных смерцю ўсё ж выдаваліся сваякам. А таксама каб ім паведамлялася пра месцы пахавання тых,  каго расстралялі паводле смяротных прысудаў.

Любоў Кавалёва, маці пакаранага смерцю, і яго сястра Тацяна прапануюць адмяніць палажэнне  пункта 5 артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу. Яны пішуць, што "няма ніякага разумнага абгрунтавання для нявыдачы цела пакаранага сваякам або ўтойвання ад іх месца яго пахавання". І лічаць, што Аляксандр Лукашэнка  можа вырашыць пытанне аб прадастаўленні ім  звестак аб месцы пахавання пакаранага сына і брата – калі будзе выдадзены  адпаведны ўказ або дэкрэт".

Маці Уладзіслава Кавалёва  22 сакавіка гэтага году ўжо звярталася да Аляксандра Лукашэнкі, каб ёй выдалі цела расстралянага сына. Яна  прасіла А. Лукашэнку не прымяняць у дадзеным выпадку  нормы Крымінальна-выканаўчага кодэксу, бо лічыць, што вышэйшую меру пакарання Уладзіславу  Кавалёву прысудзілі несправядліва, і абвяргае  датычнасць сына да выбуху ў мінскім метро.

11 красавіка, у гадавіну тэракту, яна атрымала адказ за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб адміністрацыі прэзідэнта С.І. Буко. Там было напісана, што  «у кампетэнцыю Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь разгляд гэтага пытання не ўваходзіць", і што заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжана, каб звесткі аб месцы пахавання асобы, асуджанай да выключнай меры пакарання, паведамляліся сваякам.

У папярэднім лісце з Дэпартамента па выкананні пакаранняў таксама была спасылка на артыкул 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу: што смяротнае пакаранне адбываецца непублічна, што целы расстраляных сваякам не выдаюцца, і што пра месца іх пахавання родным не паведамляецца.

Родныя Уладзіслава Кавалёва прапануюць унесці зьмены ў заканадаўства, бо лічаць, што існуючыя нормы надзвычай жорсткія і бесчалавечныя ў дачыненні да сваякоў пакараных смерцю. Яны не бачаць і ўцямнага абгрунтавання таго, чаму месцы пахавання расстраляных трымаюць у сакрэце.

Таму сваякі просяць змяніць заканадаўства і паведаміць ім месца пахавання Уладзіслава Кавалёва, расстралянага, паводле звестак Першамайскага раённага ЗАГСу Віцебска,

15 сакавіка гэтага году.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства