Унікальны помнік не ўпісваецца ў “дажынкаўскі” архітэктурны ансамбль
6 красавіка споўнілася 12 гадоў, як пайшоў з жыцця знакаміты палітык Генадзь Дзмітрыевіч Карпенка. Гэта імя добра вядома жыхарам горада Маладзечна, дзе Генадзь Дзмітрыевіч працаваў мэрам. Яго намаганнямі ў Маладэчне быў устаноўлены ўнікальны помнік “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі”, да якога дагэтуль у гадавіны смерці Генадзя Дзмітрыевіча жыхары ўскладаюць кветкі. Стала вядома, што мясцовыя ўлады перад “Дажынкамі” вырашылі гэты помнік прыбраць.
Помнік “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі” – валун, аздоблены крыжам Еўфрасінні Полацкай. Напачатку на ім быў яшчэ бел-чырвона-белы сцяжок, які потым прыбралі. На адкрыцці помніка адбылася першая ў гісторыі Беларусі сумесная служба праваслаўнага, каталіцкага і ўніяцкага святароў – такім чынам помнік быў асвечаны.
Ён размяшчаецца ў самым цэнтры горада, і менавіта да яго мясцовыя маладажоны абавязкова ўскладаюць кветкі. Зараз гэта традыцыя будзе парушана, бо аблічча горада радыкальна змяняецца перад “Дажынкамі”. А помнік-валун “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі” не адпавядае не толькі архітэктурнай, але і ідэалагічнай канцэпцыі свята.
Мясцовыя праваабаронцы і грамадскія актывісты заявілі, што каштоўны помнік яны будуць адстойваць.
“Праваабарончая хроніка”