Сем месяцаў трымалі на Акрэсціна. У Мінску палітзняволенага ўкраінца асудзілі да трох гадоў калоніі
У судзе Заводскага раёна Мінска 20 верасня 33-гадовага палітзняволенага грамадзяніна Украіны Міхаіла Феранца асудзілі да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 4 арт. 16 ч. 4 арт. 341 (арганізацыя апаганьвання збудаванняў і псавання маёмасці). Феранца абвінавацілі ва ўдзеле ў трох леташніх Маршах, а таксама ў арганізацыі шляхам адміністравання тэлеграм-канала "Смелыя людзі" нанясення пратэсных надпісаў і малюнкаў, вывешвання БЧБ-стужак у дварах Фрунзенскага раёна Мінска. Выхадца з Данецка, які ў Беларусі жыве ўжо дзевяць гадоў, затрымалі 16 верасня мінулага года, сем месяцаў яго трымалі як замежніка ў чаканні высылкі з краіны ў ІЧУ на Акрэсціна. У апошнім слове палітвязень распавёў пра нечалавечыя ўмовы цягам гэтых месяцаў: "Холад узімку быў такі, што заснуць можна было толькі апранутым у куртку і ваўняныя шкарпэткі". Аднак замест адпраўкі на Радзіму яму выставілі абвінавачванне і перавялі ў СІЗА-1. Пры гэтым у тэрмін пакарання сямімесячнае ўтрыманне на Акрэсціна яму не залічылі. Віну палітвязень на судзе не прызнаў, адмовіўся ад дачы паказанняў, але выступіў з моцным апошнім словам, у якім распавёў, у тым ліку, пра псіхалагічны і фізічны гвалт з боку сілавікоў. Суддзя Анжэла Касцюкевіч прызначыла ўкраінцу менавіта такое пакаранне, пра якое прасіў дзяржабвінаваўца Міхаіл Мануілаў. "Вясна" распавядае пра суд над палітзняволеным грамадзянінам Украіны.
Міхаіла Феранца затрымалі 16 верасня. У адносінах да яго была вынесена пастанова аб высылцы з Беларусі ў прымусовым парадку, а таксама аб затрыманні на тэрмін, неабходны для выканання высылкі, але 1 кастрычніка рашэнне аб высылцы было прыпынена. На судзе высветлілася, што ўкраінца сем месяцаў утрымлівалі ў ІЧУ на Акрэсціна.
20 красавіка, праз сем месяцаў пасля затрымання Міхаіла Феранца, прэс-служба МУС апублікавала "пакаяльнае відэа" з грамадзянінам Украіны і распавяла падрабязнасці яго затрымання. Так, у ведамстве паведамілі, што 33-гадовага жыхара Данецка затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК за тое, што "ўлетку мінулага года браў актыўны удзел у несанкцыянаваных акцыях на тэрыторыі нашай краіны".
Міхаіла Феранца абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады ці пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў. Украінцу ставілі ў віну ўдзел у трох леташніх Маршах: 30 жніўня (Марш міру і незалежнасці), 6 верасня (Марш адзінства), 13 верасня (Марш герояў). Паводле версіі абвінавачвання, на гэтых Маршах Феранец "замінаў праезду грамадскага транспарту шляхам перакрыцця дарог, гучна пляскаў рукамі, чым парушаў спакой грамадзян, не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі, парушыў працу прадпрыемстваў і арганізацый".
Акрамя гэтага, паводле версіі абвінавачання, са жніўня па 16 верасня 2020 года (да затрымання) з дапамогай мабільнага тэлефона і камп'ютара праз тэлеграм-канал "Смелыя людзі", які ён адміністраваў, Феранец знайшоў людзей для здзяйснення злачынства па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. "Працягваючы свой злачынны намер, выступаючы арганізатарам і кіраўніком, Феранец з мэтай здзяйснення злачынства групай асобаў па папярэдняй змове", набыў, падшукаў, вырабіў сродкі і прылады злачынства, у тым ліку чорную, белую, чырвоную фарбы, паперу, белую і чырвоную эмаль, БЧБ-стужкі, трафарэты, радыёстанцыі, пальчаткі і іншае. Пасля гэтага, згодна з абвінавачваннем, ён размеркаваў абавязкі і сам узяў удзел у здзяйсненні злачынства. Феранец з "нявызначанымі следствам асобамі" на дамах на вуліцах Жыновіча, Ляшчынскага, Кунцаўшчына, Калеснікава, Прытыцкага, Матусевіча (пракурор пералічыў каля 30 аб'ектаў) "з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве" арганізаваў пад сваім кіраўніцтвам, а таксама асабіста ажыццявіў нанясенне на паверхню фасадаў дамоў па пералічаных адрасах надпісаў, малюнкаў пратэснага характару, таксама замацаваў стужкі белага і чырвонага колераў, чым ажыццявіў псаванне маёмасці ЖЭС №6 на суму 2 611 рублёў 50 капеек (больш як 96 базавых велічынь на момант ажыццяўлення дзеяння). Такім чынам, Феранца вінавацяць у здзяйсненні злачынства па ч. 4 арт. 16 ч. 4 арт. 341 (арганізацыя апаганьвання збудаванняў і псавання маёмасці).
Міхаіл Феранец на судзе віну не прызнаў і адмовіўся даваць паказанні.
За "пратэсную актыўнасць" у Мінску судзяць палітзняволенага ўкраінца. Яго год утрымліваюць за кратамі
"Вясна" распавядае пра суд над палітзняволеным грамадзянінам Украіны.
17 верасня палітвязень выступіў з апошнім словам:
"Я стаю тут і не разумею чаму. 30.08, 06.09, 13.09. 2020 года, зыходзячы з абвінавачвання, я з нявызначанай групай асобаў паставіў мэту і загадзя спланаваў, як я разумею, незаконную акцыю пад назвай "мітынг", узяў актыўны ўдзел, што выклікала прыпыненне транспарту і яго блакаванне, як я зразумеў. Следства сцвярджае, што я бачыў супрацоўнікаў у форменным абмундзіраванні, якія патрабавалі пакінуць праезную частку, але я і група нявызначаных асобаў адмовіліся выконваць загады, што з'яўляецца наступствам таго, што я і стаю перад вамі.
Добра, тады я не ўбачыў доказаў свайго ўдзелу. Ёсць фота на дарозе, зробленае ў невядомы дзень, ёсць дадзеныя сотаў, што мой тэлефон у горадзе. Няма ні відэа майго ўдзелу, хоць у супрацоўнікаў на форме вісіць відэарэгістратар, і, як я бачыў па крыніцах з сеціва, нават відэакамеры ёсць. Дзе тады я, які адмаўляўся сыходзіць з дарогі? З таго відэа, што знайшлі ў мяне ў тэлефоне, там таксама няма супрацоўнікаў, якія заклікаюць разыйсціся і кажуць, што гэта несанкцыянаваны мітынг. Я не разумею і не ўбачыў фактаў, што я сапраўды ведаў, што я дзейнічаў несанкцыянавана з уладай. Калі ўзяць відэа з сеціва, то можна ўбачыць, што ДАІ перакрывала дарогу, уключаныя мігалкі. Бачна, што ДАІ стаіць на ўсім шляху руху беларусаў, якія маршыравалі, гэта ёсць у матэрыялах справы. Гэта значыць, ДАІ ведала маршрут, ажыццяўляла бяспеку праходу калоны і ўсё паказвае на тое, што ўсё было якраз-такі спланавана і ўзгоднена.
Высокі суд, калі пазоў на суму 158 з лішнім рублёў, то, як я разумею, я асоба, якая першая выйшла на дарогу і перакрыла рух. Дык дзе відэа і паказанні сведак? І пры чым тут ДАІ? Калі кіравацца довадамі Следчага камітэта, то не пазней за 14:00 я знаходзіўся на такім званым несанкцыянаваным мітынгу, але гэта хлусня, бо вышкі зафіксавалі звесткі сотаў, і яны ёсць у матэрыялах справы. Звесткі паказваюць на тое, што час пазнейшы, чым 14:00. Гэта значыць, калі рух ужо быў перакрыты, то яго немагчыма перакрыць другі раз. Кіруючыся логікай, я ніяк не магу быць першым у складзе групы, тады мне трэба было б выйсці на праезную частку і перакрыць яе адзіным нейкім парывам… Гэта я як бы таксама не разумею і не разумею, чаму мне гэта ставяць у віну. Дзе відэадоказы, дзе я выходжу ў складзе групы і перакрываю, дзе паказанні кіроўцаў грамадскага транспарту, якія мяне запомнілі, апазналі і паказалі, што бачылі мяне ў складзе групы? Тая колькасць людзей, якія ўжо асуджаныя, у іх тэлефонах, думаю, тысячы фотаздымкаў, і чаму яны разам са мной тут не знаходзяцца? Шмат пытанняў, але няма адказаў на іх. І як дзяржаўны абвінаваўца прыняў справу ў працу на ўскосных доказах, якія можна пералічыць на пальцах адной рукі, я не разумею.
У тыя дні, калі я правільна памятаю, то было ад 40 тысяч да 400 тысяч удзельнікаў шэсця. Гэта паводле звестак з сеціва. Калі мая жонка пачула суму 2 611 рублёў, то яе доўга трэсла. Згодна з маімі падлікамі, калі я буду на волі працаваць і адкладаць грошы, то такую суму я змагу кампенсаваць гадоў праз 20-25, калі, вядома, не памру. Пазоў, прадстаўлены дзяржабвінавачваннем, не мае ніякіх падставаў. Няма інфармацыі, што менавіта такую суму "Мінсктранс" зарабляе за тры дні. Як яны так дакладна вымералі і гэта вылічылі? Дзе паперы ў абгрунтаванне дадзенага пазову? З такім жа поспехам я магу папрасіць свайго абаронцу прынесці фота паваленага плота на дачным участку і сказаць, што яго кошт сто тысяч долараў і тыкнуць пальцам на любога заўважанага каля плота. Да таго ж, у сеціве лёгка можна знайсці "Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін сустракаліся адзін з адным, і Аляксандр Рыгоравіч казаў, што адмыслова перакрываюць рух, каб людзі маглі маршыраваць, ніхто ім не забараняе". Гэтае відэа ёсць у сеціве.
Што мае месца быць? Затрымалі мяне 16 верасня, тэлефон я аддаў і разблакаваў адразу ж супрацоўнікам ГУБАЗіКа. Адразу яны ўздзейнічалі псіхалагічна. Спынілі машыну на ўзбочыне ля лесапаласы са словамі "Пайшлі адаб'ём яму органы і ён скажа ўсё, што трэба". Потым прывезлі на вуліцу Кальварыйскую [там знаходзіцца Фрунзенскае РУУС Мінска], дзе нас сустракаў ужо супрацоўнік АГіМа. Дарэчы, не той, які пазначаны ў дакументах, а намеснік начальніка АГіМа, а там пазначаны звычайны супрацоўнік. Дык вось з гэтымі дакументамі я нават не паспеў азнаёміцца. Прачытаўшы першую старонку, мяне абступілі пяцёра, пасля адбыўся ўдар далонню ў патыліцу са словамі: “Што ты там сабраўся чытаць?”. Я патрабаваў адваката і консула запрасіць, але мне зноў прыляцела падача. Такая падача, што я лбом прабіў гэты стол. На маю просьбу яны мне сказалі, што я, маўляў, фільмаў нагледзеўся. Пасля гэтага мяне ветліва супрацоўнік АГіМа папрасіў хутка падпісаць усе дакументы, якія трэба было, тады ён хутка адправіць мяне на Радзіму на працягу двух-трох дзён. Так я і падпісваў усе паперы, якія мне падносілі. Я ўпэўнены, што мяне агаварылі, і цяпер гэта выкарыстоўваецца ў якасці доказаў. Ну і вельмі шкада, што сам Дарацюк, адзін з супрацоўнікаў, які мяне затрымліваў, сюды не прыйшоў.
Ізалятар часавага ўтрымання. Я разумею, што ёсць пункт закона, якія не ўлічвае гэтыя сем месяцаў, але ў ІЧУ адбываюць пакаранне "сутачнікі", а сем месяцаў — гэта не сем сутак. Сядзець з замежнікамі, якія дзяруцца за хлеб, потым іх раздымаеш, адзін з іх прымае цвёрдае рашэнне, што я на баку іншага, і ён перастае спаць па начах, чакае, калі я засну, і кладзецца ў ложак з зубной шчоткай з мэтай ці то засцерагчы сябе ад нейкага нападу, ці то, наадварот, пратыкнуць мне вока. Такое жыццё там ідзе 24 гадзіны на суткі. Мусульмане дзяруцца там з хрысціянамі за месца для малітвы. Хлопец мые туалет, падлогу, потым гэтай жа анучай мые стол. Радыё няма, тэлевізара няма, разетак няма. Хоць бы гарбату можна было прыгатаваць, але гэта таксама немагчыма. Нават гарбата туды не прапускаецца, дый запарыць яе там няма магчымасці. Холад узімку быў такі, што заснуць можна было толькі апранутым у куртку і ваўняныя шкарпэткі. І так сем месяцаў. Розніца з СІЗА-1 вельмі велізарная. Я прашу, Высокі суд, улічыць маё знаходжанне там сем месяцаў.
Цяпер я хацеў бы сказаць пару словаў пра арт. 16 ч. 4 арт. 341 КК. Азнаямляўся з пятым томам у апошні дзень у СІЗА-1. Следчы прывозіць у апошні дзень паперы на подпіс, а паперы з гэтым артыкулам. Падкрэсліваю, у апошні дзень азнаямлення. І кажа: "Гэта проста так, суд, калі што, адмяце". Я не разумею, як так можа ўсё рабіцца.
<…>
Цяпер я хачу звярнуць Вашу ўвагу, Высокі суд, на вандальныя надпісы на сценах дамоў у маім улюбёным і, як я лічу, найлепшым мікрараёне горада Мінска — "Каменная горка". Следства лічыць, што калі ў мяне ў тэлефоне ёсць здымкі балонаў фарбы і малярнага скотчу, то я вінаваты ва ўсіх надпісах у маім раёне. Вы чулі з галасавога паведамлення, што словы, сказаныя чалавекам, кажуць: "Прыгожа, па розуме, не пэцкаць абы-як". Гаворка ідзе пра сквер "Пагулянка", але не пра дамы, смеццевыя бакі. Для чаго тады малярны скотч? Малярны скотч — гэта стужка, якая выкарыстоўваецца для вызначэння межаў лакафарбавых працаў. Дзе тады здымкі-доказы, што была ўжытая гэта стужка? Гэтага няма. Дый усіх астатніх, насамрэч, фактаў няма. Увогуле я лічу, што доказы неаб'ектыўныя, а судзіць мяне на падставе іх нелагічна. Тады, прытрымліваючыся такіх жа прынцыпаў, калі б у мяне ў тэлефоне знайшлі здымак нажа, то можна было б мяне абвінаваціць у забойстве.
<…>
Я ў справе так і не ўбачыў па ўсіх аб'ектах, што там было зафарбавана, якія надпісы, ці гэта быў проста планавы касметычны рамонт. Насамрэч. Фотаздымкаў мала і на іх проста зафарбаваныя прастакутнікі, а што там было да гэтага — я не ўбачыў. Але я дакладна кажу, што да мяне гэта не мае ніякага дачынення.
<…>
Калі б супрацоўнікі і тыя, хто мяне затрымліваў і прымушаў мяне падпісваць дакументы шляхам ужывання сілы і псіхалагічнага ўздзеяння, і тыя, хто збіваў людзей на вуліцах краіны да колеру спелай слівы, калі б яны ўсе ў сваёй большасці мелі прыблізнае паняцце маралі і павагі чужога меркавання, я б тут не стаяў. Высокі суд, лічу і катэгарычна настойваю, што мая справа і сабраныя доказы не кажуць абсалютна ні пра што, што я вінаваты. Я цытую аднаго вядома зняволенага [заўв. — Міхаіла Хадаркоўскага]: "Няма ў маёй справы ні асновы прадмета, ні бачных межаў. Прысуджаючы да тэрміну людзей грамадска здаровых у антыкультуру, антыцывілізацыю, дзе дабро — гэта зло, дзе хлусня — гэта праўда. Гаворка ідзе пра турму. Тут падонкі выхоўваюць падонкаў, а прыстойныя людзі адчуваюць сябе глыбока няшчаснымі, бо нічога не могуць зрабіць усярэдзіне гэтай агіднай сістэмы". Я не разумею, якую мэту ставіць выканаўчая сістэма, Следчы камітэт і пракурор. Каб яшчэ зрабілася больш азлобленых людзей, паламаных лёсаў, недагледжаных дзяцей, выгадаваных адзінокімі мужамі і жонкамі, якія праз сістэму недаатрымаюць любові і выхавання? Што наогул адбываецца?"
Падтрымаць палітвязня лістамі:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Міхаіл Сяргеевіч Феранец