viasna on patreon

Месяц за кратамі: што вядома цяпер пра трох зняволеных вясноўцаў

2021 2021-08-14T11:50:45+0300 2021-08-14T12:12:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravaaboroncy_9073.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вось ужо мінуў месяц з той "чорнай серады", як трое нашых калегаў былі затрыманыя і кінутыя за краты за праваабарончую дзейнасць. У СІЗА-1 утрымліваюцца старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч. Іх затрымалі 14 ліпеня з яшчэ васьмю праваабаронцамі ў межах крымінальнай справы па ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). Пасля ператрусаў, допытаў і некалькіх сутак у ІЧУ на Акрэсціна трох праваабаронцаў “Вясны” і затрыманую разам з мужам Ніну Лабковіч перавялі на “Валадарку”. У пятніцу, 23 ліпеня, на волю пад абязальніцтва аб яўцы адпусцілі Ніну. Палітзняволеныя праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч застаюцца ў засценках следчага ізалятару №1 па гэты дзень. Распавядаем, што вядома цяпер пра нашых зняволеных калегаў.

Уладзімір Лабковіч, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч. Калаж: svaboda.org
Уладзімір Лабковіч, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч. Калаж: svaboda.org

Што вядома сёння пра палітзняволеных вясноўцаў?

Адвакаты праваабаронцаў "Вясны" знаходзяцца пад падпіскамі аб неразгалошванні, таму яны не могуць распавесці абставіны справы. Сутнасць прэтэнзій уладаў праваабаронцам незразумелая да гэтага часу, следства ўсімі спосабамі хаваюць ад грамадства. За гэты месяц родныя Алеся, Валянціна і Уладзя атрымалі толькі некалькі лістоў ад іх. Інфармацыі пра нашых калегаў амаль няма.

Як распавяла Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага, за ўвесь час яна атрымала ад яго толькі тры лісты пад нумарамі адзін, тры і шэсць. Цяпер яна не атрымлівала ад яго вестак ужо паўтары тыдні. Як адзначае Наталля, гэта вельмі непадобна да Алеся, бо падчас зняволення ў 2011-2014 ён дасылаў шмат лістоў. Алесь вельмі любіць пісаць.

Таксама Наталля не ведае, як і пры якіх умовах затрымалі Алеся 14 ліпеня. У тую раніцу яны былі не разам. Наталля дакладна не ведае, што забралі пры ператрусе з іх кватэры, бо сілавікі нават не пакінулі пастанову на ператрус. Вядома, што забралі архіў "Вясны" за 1998 год.

15 ліпеня ў судзе Партызанскага раёна Мінска ў закрытым рэжыме была разгледжаная скарга абаронцы Алеся Бяляцкага на пастанову аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Суддзя Міхаіл Макарэвіч не задаволіў скаргу. 

Жонка Валянціна Стэфановіча Аліна атрымала ад мужа толькі адзін ліст. Мы распавядалі пра яго. У ім Валянцін напісаў, што "настройваецца на вельмі доўгую разлуку са свабодным светам, але ўсё адно спадзяецца на лепшае".

"Усё пройдзе, пройдзе і гэта". Родныя палітзняволеных Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча атрымалі першыя весткі ад іх

Распавядаем, што вясноўцы пішуць з СІЗА-1.

Аліна Стэфановіч распавядала "Свабодзе", як затрымалі мужа 14 ліпеня. Сілавікі прыйшлі да іх без двух хвілін сем раніцы, настойліва званілі ў дзверы, грукалі. Сказалі, што “да Валянціна Канстанцінавіча з міліцыі”.

"У нас трое дзяцей, яны ўсе спалі ў гэты момант, відавочна ад такога шуму яны прачнуліся і напалохаліся. Міліцыянты шукалі носьбіты інфармацыі, тэхніку, папрасілі выдаць адразу тэлефоны і кампутары, забралі, у тым ліку, тэлефоны дзяцей. Таксама забралі бела-чырвона-белыя сцягі – адзін вялікі і два маленькія. Забралі цацачны пісталет, відавочна, з завараным дулам.

Валянціну сказалі, што ён мусіць прайсці з імі. Ён узяў з сабой дадатковыя шкарпэткі, швэдар, хоць было горача. Міліцыянты яшчэ жартавалі: “Што ж Вы так ужо збіраецеся, можа быць, усё будзе добра”. Але нам было відавочна, чым гэта можа скончыцца, таму ён пайшоў падрыхтаваны, наколькі мог у той момант быць".

Самая складаная сітуацыя з карэспандэнцыяй у Уладзіміра Лабковіча: родныя атрымалі толькі па аднаму лісту ад яго. А вось Уладзь ад іх не атрымлівае вестак. Піша, што трымаецца "нармальна", наколькі гэта магчыма ў гэтай сітуацыі.

Калі вы атрымліваеце лісты ад вясноўцаў, калі ласка, паведаміце пра гэта нам у тэлеграме @Spring96info.

"Мы будзем побач, нават калі будзем сядзець". Распавядаем пра шэсць правабаронцаў-вясноўцаў, якія апынуліся за кратамі 14 ліпеня

Распавядаем пра справу «Вясны» і пра нашых затрыманых калегаў і каляжанак.

Як каментуюць справу "Вясны" ў Следчым камітэце? 

14 ліпеня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў прыйшлі з ператрусамі да вясноўцаў у межах крымінальнай справы №21128310008 па ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). У той жа дзень у Следчым камітэце пракаментавалі крымінальныя справы супраць сябраў "Вясны", "якія ў той ці іншай ступені звязаныя з пратэстнай дзейнасцю":

"Падчас расследавання названых крымінальных справаў атрыманая дакладная інфармацыя аб дачыненні кіраўнікоў і супрацоўнікаў шэрагу недзяржаўных арганізацый і аб'яднанняў, а таксама прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі да ценявога руху значных фінансавых сродкаў, якія ў першую чаргу паступаюць з-за мяжы, нявыплаце падаткаў і фінансавання рознага роду пратэстнай актыўнасці насельніцтва Беларусі.

Калі казаць пра гэта больш дэталёва, то мы вядзем гаворку аб дзейнасці па зборы асоб у канкрэтных месцах для здзяйснення групавых супрацьпраўных дзеянняў, аплаце адміністрацыйных спагнанняў, накладзеных за ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах, арганізацыі і правядзенні семінараў па пытаннях процідзеяння праваахоўным органам і іншае".

Нагадаем, 16 лютага адбылася першая хваля ператрусаў у праваабаронцаў "Вясны". Па факце працы Праваабарончага цэнтру "Вясна" была заведзеная крымінальная справа па ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне і матэрыяльнае забяспечанне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Паводле афіцыйных камэнтароў Следчага камітэту, "Вясна" нібыта аказвала фінансаванне і іншую матэрыяльную падтрымку "незаконным масавым мерапрыемствам", якія "груба парушаюць грамадскі парадак".

Раней пасля аналагічных абвінавачанняў арыштавалі праваабаронцаў і валанцёраў "Вясны" Марыю Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Тацяну Ласіцу. Усе яны прызнаныя палітзняволенымі.

За кратамі знаходзяцца сем праваабаронцаў «Вясны». Пішыце нашым калегам і каляжанкам лісты салідарнасці:

  • СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
  • СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)
Месяц за кратамі: што вядома цяпер пра трох зняволеных вясноўцаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства