Па справе Мікалая Дзядка прызначылі судовую псіха-лінгвістычную экспертызу. У судзе абвешчаны перапынак на час яе правядзення
У Мінскім гарадскім судзе 6 ліпеня працягнуўся суд па крымінальнай справы супраць 32-гадовага палітзняволенага блогера і актывіста анархічнага руху Мікалая Дзядка. Яго затрымалі 11 лістапада, моцна збілі і выставілі абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342,арт. 361,арт. 295-3. На судзе ён падрабязна распавёў пра гэта. Мікола не прызнаў віну ні па ніводным артыкуле. Сёння суддзя Анастасія Папко прызначыла па справе судовую псіха-лінгвістычную экспертызу, на якую адправіла каля 20 пастоў з тэлеграм-канала "Мiкоlа". Пытанні экспертызы тычацца распальвання варожасці да групы асобаў, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці: супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, у тым ліку АМАПу і дзяржаўных служачых. Сам Мікола і яго адвакат былі супраць пастаноўкі гэтых пытанняў на экспертызу, бо яны выходзяць за межы абвінавачвання: артыкул 130 Крымінальнага кодэкса Міколе не ставіцца яму ў віну. У судзе абвешчаны перапынак на час правядзення экспертызы.
Нагадаем, адвакат Міколы Яўген Маслаў папрасіў суд прызначыць комплексную псіха-лінгвістычную экспертызу па пастам у тэлеграм-канале Міколы Дзядка на прадмет наяўнасці там матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі да здзяйснення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Гэта было зроблена з мэтай, каб паказаць, што там адсутнічаюць прыкметы злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 361, які інкрымінуюць Міколе. Маслаў прасіў даручыць яе правядзенне дацэнту факультэта міжнародных адносінаў БДУ Лебядзінскаму.
5 ліпеня дзяржабвінаваўца Цюменцаў заявіў, што мяркуе абаснаваным хадайніцтва аб экспертызы. Але лічыць неабходным даручыць яе Камітэту судовых экспертыз, а не дацэнту факультэта міжнародных адносінаў БДУ, як прасіў адвакат. Пры гэтым, Цюменцаў таксама папрасіў правесці экспертызу пастоў тэлеграм-канала Мікалая на наяўнасць выказванняў, узбуджаючага характару адной групы асобаў у адносінах да іншай групы асобаў, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай дзейнасці. Дзядок і Маслаў былі супраць пастаноўкі гэтага пытання на экспертызу, бо гэта выходзіць за межы абвінавачвання, а закранае артыкул 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці). Гэты артыкул Мікалаю не ставіўся ў віну.
6 ліпеня суддзя Анастасія Папко прыняла рашэнне прызначыць па справе Мікалая Дзядка судовую комплексную псіха-лінгвістычную экспертызу па матэрыялах (каля 20 пастоў, размешчаных з жніўня па кастрычнік мінулага года), размешчаных у тэлеграм-канал "Мiкоlа" на наяўнасць, у тым ліку, прыкметаў распальванні варожасці. Экспертызу даручылі правесці экспертам з Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў.
На вырашэнне экспертаў былі пастаўленыя наступныя пытанні:
- Ці ўтрымліваюцца ў размяшчаных Дзядком тэкстах у тэлеграм-канале "Мікоlа" [пералічваюцца пасты з жніўня па кастрычніка] выказванні, у якіх негатыўна ацэньваецца чалавек альбо група асоб, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці: супрацоўнікі органаў унутраных спраў, у тым ліку АМАПа і дзяржаўных служачых?
- Ці ўтрымліваюцца ў прадстаўленых на даследаванне тэкстах выказванні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў, дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды адной групы асобаў у дачыненні да іншай групы асоб, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці: супрацоўнікі органаў унутраных спраў, у тым ліку АМАПа і дзяржаўных служачых?
- Ці ўтрымліваюцца ў тэкстах выказванні, якія заклікаюць да прычынення шкоды маёмасці, якая належыць групе асобаў, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці: супрацоўнікі органаў унутраных спраў, у тым ліку АМАПа і дзяржаўных служачых?
- Якая псіхалагічная накіраванасць тэкстаў, накіраваных на даследаванне?
У працэсе абвешчаны перапынак на час правядзення экспертызы. Дата наступнага суда пакуль невядомая.
У чым абвінавачваюць палітвязня?
Па дадзеных следства, днём 23 жніўня 2020 года Мікалай Дзядок прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Мінску, падчас якога, "усведамляючы супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў і аказваючы відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, ён разам з неўстаноўленымі асобамі парушаў грамадскі спакой і блакаваў руху транспарту".
Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Мікалай Дзядок на працягу некалькіх гадоў адміністраваў радыкальны тэлеграм-канал "Мiкоlа". Па матэрыялах справы, "для прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь Дзядок неаднаразова распаўсюджваў розныя матэрыялы на кіраваным ім тэлеграм-канале выкарыстоўваючы метады, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму". Такія заклікі пачаліся з 4 жніўня.
Падчас затрымання ў ходзе ператрусу жылля выяўленыя і канфіскаваныя шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, якія згодна з заключэннем эксперта ГКСЭ з'яўляюцца прадметамі, якія дзейнічаюць на выкарыстанні гаручых рэчываў.
Такім чынам, Мікалаю Дзядку прад'яўленае абвінавачванне па:
- ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту);
- ч. 2 арт. 361 (распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі да здзяйснення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, з выкарыстаннем глабальнай сеткі Інтэрнэт);
- ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Мікола не прызнаў віну ні па ніводным артыкуле.
Храналогія суда над палітзняволеным Мікалаем Дзядком:
У Мінгарсудзе пачалі судзіць палітзняволенага Мікалая Дзядка. Ён не прызнае віну
Душылі падушкай, засоўвалі бутэльку ў рот. На судзе палітвязень Дзядок распавёў пра катаванні і збіццё
Палітвязня Мікалая Дзядка хочуць абвінаваціць яшчэ па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса?