Суд над Аляксеем Кудзіным не адбыўся. Яго абвясцілі ў вышук
Суд Маладзечанскага раёна прызначыў 19 лістапада разгляд крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення) у дачыненні да адзінаборца Аляксея Кудзіна. Аднак суд прыйшлося перанесці на нявызначаны час — месцазнаходжанне Аляксея Кудзіна невядомае. Суд абвясціў маладзечанца ў вышук.
КАРТКА ПРАЦЭСА Суд: Маладзечанскага раёна Абвінавачаны: Аляксей Кудзін. Артыкул: 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў). Суддзя: Вольга Дубовік. Дзяржаўны абвінаваўца: Балоціна Е.І. Пацярпелыя: Канстанцін Яндола, Андрэй Зорын. |
19 лістапада Аляксей Кудзін не з’явіўся на судовае пасяджэнне: у зале прысутнічалі толькі пацярпелыя. Суддзя паставіла пытанне аб магчымасці разгледзець справу без абвінавачанага, але пракурор Балоціна заявіла, што разгляд крымінальнай справы без Кудзіна немагчымы. Цягам 15-хвіліннага перапынку яго не знайшлі, і суд вызначыў падвергнуць Аляксея Кудзіна прымусоваму прываду. У судовым пасяджэнні абвясцілі перапынак да 14.30.
У 14.30 у адрас суда паступіў рапарт супрацоўніка Маладзечанскага РАУС Сенатара аб тым, што супрацоўнік РАУС выбываў па месцы жыхарства абвінавачанага. У 13:40 супрацоўнік патэлефанаваў у брамку жылога дома, дзверы адчыніла жонка Кудзіна, якая паведаміла, што ён выехаў з дому ў суд у дзевяць гадзін раніцы. Выбыццё супрацоўнікаў здымалася на прыладу "Dozor". Цяпер тэлефон Кудзіна недасяжны.
Суддзя Вольга Дубовік пастанавіла абвясціць Кудзіна ў вышук. Таксама яна прыняла рашэнне змяніць меру стрымання з падпіскі аб нявыездзе на ўтрыманне пад вартай. Гэта значыць, што пры затрыманні Кудзіна павінны адразу змясціць у турму №8 горада Жодзіна і апавясціць суд.
Аляксей Кудзін – беларускі баец ММА, шматразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе. Заслужаны майстар спорту Беларусі. Праходзіў тэрміновую службу ў спецназе ўнутраных войскаў у роце выведкі. Стаў першым беларускім спартсменам, які атрымаў дапамогу ад Фонду спартыўнай салідарнасці. |
Аляксея затрымалі 10 жніўня на цэнтральнай плошчы Маладзечна. Два тыдні ён правёў у Маладзечанскім РАУС і СІЗА ў Жодзіна, пасля яго меру стрымання змянілі на хатні арышт. Восьмага кастрычніка суд Маладзечанскага раёна прысудзіў яму штраф у памеры 25 б.в. па артыкуле 23.34 КаАП.
У інтэрв’ю расейскаму спартыўнаму тэлеканалу “Матч ТВ” Аляксей расказваў, што кожны дзень працягваў трэніроўкі ў СІЗА:
“Адцісканні паміж нараў, прысяданні са сваёй вагой і падцягваўся на вентыляцыйнай рашотцы. Рабіў усяго па сто: адцісканні, прысяданні, прэс, падцягванні і спіна. І калі выходзілі на прагулачны дворык, рабіў там нырцы, ухілы. Было нават такое, што хлопцы, якія са мной сядзелі, дапамагалі мне: кідалі рукі, я ўхіляўся і ныраў. Былі думкі, што могуць, як у гэтых гісторыях, ўварвацца ў камеру і зладзіць зачыстку. Але ёсць такі момант у псіхалогіі – быў да гэтага гатовы, альбо пан, альбо прапаў. І настолькі быў спакойны, што нават растлумачыць не магу. Можа, столькі баёў было, што ўжо перастаеш баяцца і дубінкі, і гумавых куляў. Мне здаецца, калі ёсць стрыжань і ты гатовы ісці да канца, то не кожны зможа на цябе нават замахнуцца”.
Таксама Аляксей адзначаў, што ацэньвае сітуацыю ў краіне як трывожную.
“Хочацца, каб усё гэта хутчэй скончылася, і каб як мага менш людзей пры гэтым траўмавалі”.
У Маладзечне пра знакамітага земляка гавораць станоўча. У мясцовым бары нават ёсць ганаровая чэмпіёнская сцяна Аляксея, пісала “Еўрарадыё”.
“Для нас гэта сусветная асоба ў спорце. Вось яго характарыстыка: добры хлопец, паважаны спартсмен. Ёсць на каго раўняцца”, — распавялі журналістам ў "Бірбары".
Суд за сарваную маску з сілавіка не адбыўся. Дзяўчыну абвясцілі ў вышук