viasna on patreon

"Праблема гвалту пранізвае ўсё нашае грамадства". Андрэй Палуда пра Тыдзень супраць смяротнага пакарання

2020 2020-10-05T11:24:06+0300 2020-10-05T11:47:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paluda_2019_viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Андрэй Палуда. Фота: spring96.org

Праваабаронца Андрэй Палуда. Фота: spring96.org

З нагоды Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца ў свеце 10 кастрычніка, кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" ўжо ў восьмы раз ладзіць адукацыйна-асветніцкі Тыдзень.

У гэтым годзе Тыдзень супраць смяротнага пакарання, які працягнецца з 5 па 10 кастрычніка, будзе праходзіць пад лозунгам “Смяротнае пакаранне – элемент сістэмы гвалту”. Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда распавёў, чаму была абраная менавіта такая канцэпцыя і ў якім фармаце будзе праходзіць Тыдзень у гэтым годзе.

Чаму смяротнае пакаранне – элемент сістэмы гвалту

На жаль, тэма смяротнага пакарання для нашай краіны не губляе сваёй актуальнасці, бо Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе захаваўся і выкарыстоўваецца на практыцы гэты ганебны від пакарання. Смяротныя прысуды працягваюць выносіцца і іх працягваюць выконваць. Сёння ў камерах смертнікаў у СІЗА на Валадарскага знаходзяцца людзі, прысуджаныя да смяротнага пакарання. Гэта браты Косцевы, чый кейс стаў вельмі рэзанансным, Віктар Паўлаў з Віцебску, жыхар Лунянца Віктар Сергель. Варта адзначыць,  што ў гэтым годзе мы маем выпадак, калі смяротны прысуд быў адменены – ў адносінах да жыхара Слуцкага раёна Віктара Скрундзіка.

Але актуальнасць праблемы смяротнага пакарання палягае яшчэ і ў тым, што наўпрост звязана з падзеямі, якія раней адбываліся ў нашай краіне і якія, на жаль, маюць свой працяг і зараз. Гутарка ідзе пра гвалт з боку дзяржавы ў адносінах да грамадзян. Падзеі жніўня 2020 года – гэта не тое, што адбылося аднойчы ці ўпершыню. Карані гэтых падзей варта шукаць у мінулым, многія дзесяцігоддзі таму. Карані, якія сягаюць з мінулага праз сучасную Беларусь у сенняшнія дні.

Кожны год да Тыдня супраць смяротнага пакарання мы ствараем адмысловы плакат і слоган. І ў гэтым годзе намі абраны слоган “Смяротнае пакаранне – элемент сістэмы гвалту”. Як звязана смяротнае пакаранне і гвалт? Наяўнасць смяротнага пакарання вельмі моцна ўплывае на само грамадства, яно раскручвае спіраль нянавісці, у тым ліку ў людзей, якія працуюць у гэтай сістэме – выканаўцаў смяротных прысудаў, суддзяў, якія іх выносяць, пракурораў, якія патрабуюць іх вынясення і г.д. Гэта цэлая сістэма гвалту. І калі мы называем смяротнае пакаранне элементам гэтай сістэмы, мы маем на ўвазе гвалт у шырокім сэнсе – гэта і фізічны гвалт, які мы бачылі апошнія месяцы, і псіхалагічны, і нават хатні гвалт (бо мы не ведаем, як паводзяць сябе дома тыя, хто збівае і катуе мірных грамадзян на вуліцах і ў ізалятарах). Людзі – часткі гэтай сістэмы едзяць з намі ў грамадскім транспарце, водзяць з намі дзяцей у адныя школы і садкі, жывуць побач з намі. Праблема гвалту пранізвае ўсё нашае грамадства.

Мы ведаем пазіцыю прадстаўнікоў дзяржавы і асабіста пазіцыю Лукашэнкі па гэтым пытанні – ён увесь час казаў, што падтрымлівае ідэю смяротнага пакарання. І выпадак з братамі Косцевымі – яскравае таму пацверджанне, бо менавіта пасля яго публічных выказванняў ім быў вынесены смяротны прысуд. Але мы працягваем далей дамагацца таго, каб смяротнае пакаранне ўсё ж стала для нашай краіны мінулым.

Новы дзень – новы аргумент супраць смяротнага пакарання

Канцэпцыя Тыдня супраць смяротнага пакарання ў 2020 годзе зводзіцца да таго, што кожны дзень з 5 па 10 кастрычніка будзе прысвечаны асобнаму аргументу супраць смяронага пакарання. Гэта будзе розная прадукцыя, зробленая ў межах кампаніі, асветніцкія матэрыялы, выступы адмыслоўцаў і канешне традыцыйны фестываль “Рок за жыццё”. У гэты раз ён пройдзе ў іншым фармаце, чым раней, аднак будзе не менш цікавым. Таксама, як і раней, людзі змогуць атрымаць прадукцыю кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" (майкі, налепкі, брашуры і г.д.).

Сачыць за падзеямі і абвесткамі Тыдня супраць смяротнага пакарання можна ў суполцы ў Facebook.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства