"Наша дзяржава не дае шанцу выправіцца": сястра асуджаных да смяротнага пакарання з Чэрыкава Фота Відэа
«У нас на кантролі прэзідэнта ёсць грамадска значныя справы. Учора мне дакладваў старшыня Вярхоўнага суда аб разглядзе гэтых справаў. Вось адно з іх. Два падонки, інакш іх не назавеш — ужо і разбоі былі, і каралі іх — забілі сваю настаўніцу. За тое, што яна абараніла дваіх дзяцей іх сястры. Сястра ніякая, асацыяльны элемент. А [настаўніца] абараніла іх і запатрабавала забраць з сям'і. Яны яе рэзалі ўсю ноч. Яны забівалі яе ўсю ноч. Яна маліла, прасіла, і ў рэшце рэшт яны яе да раніцы дабілі», — пракаментаваў прэзідэнт Беларусі справу Косцевых у інтэрв'ю радыё «Эхо Москвы» да вынясення прысуду. Тады праваабаронцы зразумелі, што, хутчэй за ўсё, у Беларусі стане на два смяротных прысуды больш.
Смяротны прысуд братам 19-гадоваму Станіславу і 21-гадоваму Іллю Косцевым быў вынесены 10 студзеня на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве, у горадзе, дзе адбылася трагедыя. Іх абвінавацілі ў забойстве настаўніцы, якая жыла па суседству, і падпале яе дома. Прысуд аб прызначэнні вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, вынес суддзя Міхаіл Мельнікаў. Адметна тое, што год таму з розніцай у адзін дзень гэты ж суддзя ў Бабруйску вынес смяротны прысуд мясцоваму жыхару Аляксандру Асіповічу. Гэты прысуд быў прыведзены ў выкананне менш чым праз год — 17 снежня.
Гэты судовы працэс стаў паказальным для ўсёй Беларусі. Нягледзячы на шматлікія хадайніцтвы з боку абвінавачаных і іх сястры Ганны, суд быў адкрытым. Судовая калегія нават дазволіла журналістам і прысутным здымаць на відэа абвяшчэнне прысуду. Калі суддзя Мельнікаў зачытваў, што Косцевы асуджаюцца да вышэйшай меры пакарання — ў зале людзі пляскалі ў далоні.
"Вясноўцы" з'ездзілі ў Чэрыкаў і пагаварылі з сястрой асуджаных да смяротнага пакарання Ганнай. Як смяротны прысуд стаў прысудам для ўсёй сям'і — чытайце ў нашым рэпартажы.
Ганна распавядае, што не чакала, што будуць вынесеныя смяротныя прысуды.
"На працягу ўсяго следства дзяржаўныя адвакаты настройвалі на вялікі тэрмін пазбаўлення волі. Казалі, што вышэйшай меры пакарання ні ў якім выпадку быць не павінна. На спрэчках у судзе ў мяне не атрымалася быць, таму што была на "сараках дзён" у стрыечнага брата. Калі мне патэлефанаваў адвакат і сказаў, што "абодвум вашым хлопчыкам пракурор запрасіў вышэйшую меру пакарання" — для мяне гэта стала такім шокам... Проста не перадаць словамі. Да апошняга, да абвяшчэння прысуду, у мяне была надзея, што ўсё ж такі не будзе смяротнага прысуду. Усе ў зале апладзіравалі, а ў мяне ўсё абарвалася ўнутры...
Калі паглядзець на наша грамадства, раней людзі былі дабрэйшымі адзін да аднаго. Цяпер ніхто ніколі не працягне руку дапамогі. Я зараз сутыкнулася з гэтай сітуацыяй па жыцці, і я бачу як ставяцца да маіх дзяцей. З гадамі людзі робяцца больш жорсткімі.
Расследаванне па справе цягнулася амаль паўгода. У гэты час маім дзецям [заўвага — пляменнікам асуджаных да смяротнага пакарання] было цяжка хадзіць у школу, таму што іх абражалі аднагодкі. Былі нават інцыдэнты, што дзяцей білі. Яны пакутавалі не ад дарослых, а менавіта ад дзяцей. У дзіцячым садку такая ж сітуацыя. Калі чуеш ад сваіх дзяцей, што "мама, мне сказалі, што ў мяне дзядзька забойца", не хочацца дзіцяці паказваць слёзы. Потым ужо, калі кладзеш іх спаць, не стрымліваешся... Я за гэты час столькі перажыла, столькі гадасцяў чула, колькі не чула за ўсё сваё жыццё. Калі адбылася гэтая сітуацыя, я пазбавілася ўсіх сяброў, усіх тых, хто мог раней мяне неяк падтрымаць. Усе адвярнуліся. І з гэтай праблемай па сутнасці я засталася адна. Ніхто ніколі нават не пацікавіўся, як я там. Уся боль, якая адбывалася са мной, з дзецьмі, заставалася са мной сам-насам".
Ганна з сям'ёй пасля вынясення смяротнага прысуду вырашыла з'ехаць з горада. Паводле яе словаў, пляменнікі прысуджаных да смяротнага пакарання, сутыкаюцца з цкаваннем ў школе і дзіцячым садку. Калі выхавальнікі спрабуюць растлумачыць малодшым дзецям, што такія паводзіны непрымальныя, то настаўнікі ў школе спасылаюцца на тое, што "закрыць рот дзецям яны не могуць".
"Я не бачу сэнсу тут жыць далей. Мы раней будавалі дом, акультурвалі яго для таго, каб тут жыла вялікая дружная сям'я, як у дзяцінстве. Гэты дом — радавое гняздо, так бы мовіць. Нас у сям'і на дадзены момант чацвёра: я і трое братоў. Калі не стане дваіх, то сэнсу тут заставацца няма. Цяжка. Пастаянна ў горадзе сутыкаюся з насмешкамі. Нават вось цяпер я ішла, і бачу, як на мяне глядзяць староннія людзі і ўсміхаюцца.
Я шмат чаго перажыла, калі ішло следства, але прысуд — апошняя кропка. Я проста хачу жыць далей і выхоўваць дзяцей, каб ім не зламалі псіхіку. Я хачу вырасціць годных людзей, каб яны атрымалі адукацыю, і, можа быць, тое, што я ў дзяцінстве недаатрымала. Хачу са свайго боку, як з боку маці, даць ім тое, што заслугоўваюць мае дзеці, а ў гэтым горадзе гэта ўжо немагчыма... Нават у інтэрнэце столькі каментарыяў прачытала, што нібыта гадую такіх жа "крыміналькаў". Думаеце, я для тых дзяцей хацела такога лёсу? Ці мы іх з самага дзяцінства вучылі, што ідзіце зрабіце "тое і тое"? Мне здаецца, што ад такіх сітуацый наша грамадства не застрахавана. Не гледзячы на тое, што мы праблемная сям'я, як палічыла дзяржава, я ведаю прыклады, калі і ў добрых сем'ях, зноў жа на думку дзяржавы, здараецца такое ж. Ад гэтага ніхто не застрахаваны. Ні адзін чалавек на зямлі.
Да вынясення прысуду я яшчэ вагалася — заставацца ці не. Калі б прызначылі нейкі тэрмін пазбаўлення волі, было б цяжка, але можна было б з гэтым справіцца. Жудасна заставацца тут, асабліва, пасля выпадкаў, калі ламіліся ў дом, грукаліся ў дзверы. Страшна не за сябе, страшна за дзяцей. Яны заслугоўваюць жыцця.
Мне вельмі шкада сваякоў забітай, таму што я таксама перажыла страту блізкіх людзей. Цяжка ўсведамляць, што іх няма ўжо ў жывых. Я іх вельмі разумею, але дапамагчы нічым не магу... І прабачэнні мае нікому не патрэбныя. Я аднойчы спрабавала ў сястры забітай папрасіць прабачэнне, але ў мяне гэта не атрымалася. Мяне проста не хочуць слухаць і бачыць".
Сям'я Ганны стаяла на ўліку як неспрыяльная па Дэкрэце №18 некалькі разоў. У першы раз на СНС сям'я Ганны трапіла, калі яе і малодшага брата Стаса збіў яе муж. Нагадаем, што ў Беларусі да гэтага не прыняты Закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Стала вядома, што не плануюць яго прымаць і ў 2020 годзе. Па сутнасці, адсутнасць у краіне дзейсных механізмаў абароны ад хатняга гвалту і фармалізм рашэнняў, што прымаюцца па Дэкрэце №18, стаў прычынай пастаноўкі сям'і Ганны на ўлік.
"Калі адбыўся сямейны скандал, я выклікала міліцыю. У выніку — маю сям'ю паставілі на СНС. Я не чакала, што гэта так павернецца. Атрымліваецца, што жанчынам, калі адбываецца дома скандал, няма да каго звярнуцца па дапамогу, таму што, лічыцца, што мы нібыта самі сабе ствараем праблемы. Калі нас б'юць, то трэба, каб білі да канца і нікуды не скардзіліся. І дапамогі тут не ад каго ніколі не дапытаешся.
Я паспяхова адстаяла СНС. Другі раз нас паставілі на ўлік у 2017 годзе. Нашу маці пазбавілі бацькоўскіх правоў і яна з'ехала на пастаяннае месца жыхарства ў Расійскую Федэрацыю, але яна заўсёды нам дапамагала грашыма і нейкімі рэчамі. Неяк яна мяне паклікала на пару дзён у Маскву, каб перадаць сабраныя нам падарункі. Дома я пакінула сваё дзіця з Іллёй [заўвага — аднаго з асуджаных да смяротнага пакарання], астатнія дзеці былі ў бабулі. Я папрасіла брата, каб ён за ім пагледзеў. Калі я была ў Расеі, мне патэлефанавалі і сказалі, што адбылося надзвычайнае здарэнне, што нібыта Ілля недагледзеў маё дзіця і зараз могуць забраць усіх дзяцей з сям'і. Калі вярнулася дадому, то мяне адразу выклікалі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр. Патлумачылі, што да Іллі прыйшла кампанія, і ён быццам бы з імі ў двары распіваў піва. І мой маленькі сын быў у іх кампаніі. Гэта ўсё ўбачыла суседка [цяпер забітая] і патэлефанавала ў міліцыю, у бальніцу і сацыяльна-педагагічны цэнтр, што нібыта дзіця пакінуты адзін без нагляду. Мяне тут жа паставілі на ўлік па прычыне таго, што я не выконваю бацькоўскія абавязкі належным чынам, таму што я пакінула дзіця ў сацыяльна небяспечным становішчы для жыцця. Я і гэты СНС паспяхова адстаяла.
У красавіку 2019 года, калі здарылася гэтая трагедыя, мяне зноў хацелі паставіць на ўлік, але не атрымалася. Праводзілі "сацыяльнае расследаванне", але падставаў не знайшлі. Я кансультавалася з юрыстамі нават з гэтай нагоды. СНС — гэта таксама цяжка, калі над табой увесь час ходзяць наглядчыкі і правяраюць.
У сацыяльна небяспечнае становішча ставяць на паўгода. Кожны тыдзень прыходзяць дадому правяраючыя з камісіі, якая складаецца з настаўнікаў школы, выхавальнікаў з дзіцячага садка, работнікаў выканкаму, работнікаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра і іншых. Прыязджалі заўсёды розныя людзі і ў розны час. Напрыклад, сёння маглі адны прыехаць, а заўтра — іншыя. Памятаю, у мяне былі канфлікты з імі, што яны, заходзячы ў хату, не разуваюцца. Па хаце яны заўсёды хадзілі ў абутку, нягледзячы на тое, што ў нас маленькія дзеці. Яны ідуць па дыване ў абутку, а потым дзіця па ім паўзе. Калі рабіла заўвагі, то рэакцыя была толькі адна, маўляў, што ты хацела, ты сама вінаватая, што ў такую сітуацыю трапіла.
Дні праверкі не вядомыя, але гэта зразумела. Прыязджаюць і глядзяць, ці парадак дома, ці чыстае бялізна, наяўнасць прадуктаў харчавання, зменных рэчаў. У мяне раз было, што, калі прыехалі правяраючыя, я не паспела памяняць пялёнку. Але я не магла адначасова і дзверы адчыняць, і пялёнку мяняць. Але прэтэнзіі яны мне выставілі. Адсочваюць наведванне садка, школы, аплату камунальных паслугаў. Калі выклікаюць на нейкі сход, то з'явіцца трэба ў любым выпадку, нават, калі, напрыклад, хворае дзіця. Гэта маральна ўсё цяжка. Я вельмі разумею маці і наогул бацькоў, якія пабывалі ў такой сітуацыі. Ведаю адно, што любы чалавек можа памыліцца, але наша дзяржава не дае шанцу выправіцца. Вось мы трапілі ў такое становішча як СНС, значыць мы нелюдзі. За ўвесь час, калі я стаяла на ўліку, нам ніхто ніколі не дапамог, наадварот, чакалі моманту, калі я сарвуся, каб адабраць дзяцей. Але я гэта вытрымала. Дзеці да гэтага часу са мной, не гледзячы на тое, што ў інтэрнэце пішуць, што нібыта дзяцей у мяне даўно забралі".
Дом Ганне застаўся ў спадчыну. Але для таго, каб засяліцца ў яго, ёй прыйшлося прайсці двухгадовае кола судовых цяжбаў і цяганіны з дакументамі па высяленні жанчыны, якая жыла тут. Дом акультураны: заменены вокны, праведзены газ і вада, у двары будуецца лазня з басейнам.
"Калі я з сям'ёй пераехала жыць у гэты дом, мяне адразу не вельмі добра тут прынялі. Мы адразу пачалі рабіць рамонт, мяняць вокны, распрацоўваць агарод. Вось тут і здарыўся першы канфлікт з суседкай [цяпер забітай]. Атрымалася, што яе куры знішчылі мне градку трускаўкі. Мне было крыўдна, што я працавала, старалася для сваіх дзяцей, і ўсё марна. Я тады прыйшла да яе і папрасіла прыбраць курэй, але рэакцыі ніякай не было. Гэта паўтаралася разы два-тры. Тады я звярнулася ў мясцовую "жыллёва-камунальную гаспадарку". Ёй тады вынеслі ці то папярэджанне, ці то штраф, я дакладна не ведаю, але інцыдэнты з курамі тады спыніліся.
Праз некаторы час, калі мы падзбіралі грошай, пачалі праводзіць ваду. Для гэтага нам трэба было вырыць траншэю ад калонкі да хаты. Мы яе сваімі сіламі неяк выкапалі. Але прайшоў дождж, і атрымалася шмат бруду. Калі прыехалі падключаць ваду работнікі ЖКГ, яна тады прыйшла і вельмі моцна ім абуралася на нас, што "прыехалі, развялі бруд, распладзілі галечу". У нас з ёй адбылася слоўная сварка, але на гэтым усё і спынілася. Але, калі на ровары каля яе дома каталіся мае дзеці, то яна рабіла заўвагі, чаплялася. Стас [заўвага — адзін з асуджаных да смяротнага пакарання] раней распавядаў, што калі ён яе сустракаў на вуліцы, то яна моўчкі прайсці міма яго не магла, хоць нешта ды і скажа.
Апошняя кропля ў гэтай гісторыі — мая запазычанасць па газе. У тым годзе па вясне ў мяне быў абавязак, таму што кухня не ацяпляецца, і я ўключала газ, каб хоць крыху прагрэць пакой. Доўг складаў каля 60 рублёў. Я паразмаўляла з гаргазам, што да канца красавіка аплачу гэтую запазычанасць. У дзіцячым садку я таксама папярэдзіла аб гэтым, каб да мяне не было ніякіх прэтэнзій. Напярэдадні трагедыі да мяне са школы прыходзілі сацработнікі, а разам з імі і суседка, як супрацоўніца школы — настаўніца-дэфектолаг. Мяне тады дома не было. Калі я вярнулася ўвечары ў пяць гадзін, да мяне прыйшла суседка, ужо адна без сацработнікаў. Калі я прыадчыніла дзверы, яна адразу на падвышаных танах пачала размаўляць са мной з нагоды доўгу. Але гэта было ў абразах, маўляў, "ты ведаеш, зязюля, што ў цябе маецца запазычанасць па газе". Я ёй адказала, што яна не мае дачынення ні да майго абавязку, ні да маіх дзяцей. Але яна адказала, што яе справа папярэдзіць мяне, інакш у мяне, як і ў маёй мамы, забяруць дзяцей, і я нібыта сап'юся, і наогул дзяцей у такой, як я забраць трэба, таму што я не заслугоўваю іх выхоўваць, а братоў-зэкаў усіх перасадзіць трэба. Такога тыпу былі абразы. Перад тым, як я зачыніла дзверы, я сказала: "У сваёй сям'і разбярыцеся. У маю лезці не трэба. Я ў вашу сям'ю не лезу, чаму вы ў маю лезеце?" На той момант дома быў Стас. Гэтую гутарку ён чуў. Трагедыя адбылася праз пару дзён..."
Як распавядае Ганна, да гэтага яна нават не ведала пра існаванне ў Беларусі такой меры пакарання як смяротнае пакаранне. Дык ці з'яўляецца яно стрымліваючым фактарам пры здзяйсненні злачынства, як пра гэта кажуць прыхільнікі яго захавання ў краіне?
"Раней, я нават не ведала, што смяротнае пакаранне ў Беларусі існуе. Я ніколі не думала, што я сутыкнуся з гэтым, што такое можа адбыцца з маёй сям'ёй. Калі мне падчас следства сказалі, што ёсць верагоднасць вынясення смяротнага прысуду, то я не паверыла. Я думала, што найвышэйшая мера пакарання — гэта пажыццёвае зняволенне. Але, калі я пачала штудзіраваць інтэрнэт, я ўжо даведалася, што Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, якая, на жаль, не адмовілася ад смяротнага пакарання. Я не хачу думаць, што ўсё страчана. Калі ёсць хоць маленькая надзея — я буду чапляцца".
Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда адзначае, што ўпершыню на яго памяці ў Беларусі вынесена два смяротныя прысудаў за забойства аднаго чалавека:
"Гэта справа як згустак шматлікіх сацыяльных праблем, якія існуюць у нашай краіне. Гэтыя людзі нарадзіліся пры прэзідэнце Лукашэнку, яны раслі пры ім і цяпер ад імя дзяржавы іх прысудзілі да смяротнага пакарання. І, у прынцыпе, шанцы на іх выратаванне — мінімальныя. Не выключана, што іх жыццёвы шлях можа быць скончаны стрэлам у патыліцу. Прычым гэта можа здарыцца вельмі і вельмі хутка. На практыцы, калі прысуд абскарджваць, гэты тэрмін займае каля года. Калі не — то яшчэ менш.
Самае страшнае тут, што гэта "кола сансары" (СНС, інтэрнат, аліменты) можа паўтарыцца і ў дачыненні да іх сястры і яе чатырох дзяцей, як гэта было з папярэднім пакаленнем. Яна не ведае, куды сябе цяпер падзець, таму што грамадства ніяк ёй не дапамагае. Ёй проста нідзе няма месца. Жыхары Чэрыкава яе проста ненавідзяць, таму што ў яе такія браты. Яе дзяцей у школе вельмі моцна цкуюць і пераследуюць. Яна спрабуе абараніць сваіх дзяцей, але ў яе гэта не вельмі атрымліваецца.
Нас вельмі хвалюе, што кругазварот з Дэкрэтам №18 і СНС можа паўтарыцца. Калі ў яе забяруць дзяцей, то яна будзе абавязанай асобай, тады яна будзе вымушана выплачваць грошы дзяржаве на іх утрыманне. У адваротным выпадку — прыцягненне да адміністрацыйнай, а потым і крымінальнай адказнасці. Гэта ўсё можа пайсці па новым коле. І тут пачынаеш задумвацца, дзе гэтае прэзідэнцкае трэцяе і чацвёртае дзіця. Часта ад яго можна пачуць: "Нараджайце, а мы дапаможам!" Але на практыцы гэтага няма. Ёсць толькі тое, што мы бачым.
Падкрэслю, што мы не кажам, што гэтыя хлопцы белыя і пухнатыя, і тое, што яны зрабілі нейкую добрую справу. Не, яны здзейснілі жорсткае злачынства, і іх трэба пакараць досыць сур'ёзна, аж да пажыццёвага. Нельга вырашаць існуючыя праблемы ў грамадстве такім хірургічным чынам. Але нельга ўвесь свет дзяліць на белае і чорнае. Нават, як мы ведаем, шэры кот мае больш за сорак адценняў колеру.
У гэтай сітуацыі мала хто задумваецца: "А чаму?" Вядома, прасцей сказаць, што яны забойцы, і паставіць на гэтым кропку. Вельмі дакладна прымеціла ў блогу "Радыё Свабода" пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец, што магчыма, гэтага б не здарылася, "калі б побач з імі апынуўся бы добры, сапраўдны святар, альбо разумны, неабыякавы настаўнік". Магчыма, і вяліся нейкія кнігі ўліку і кантролю, праводзіліся праверкі. Але які вынік усяго гэтага?
Калі ў судзе выносілі смяротны прысуд, то можна ўбачыць, якія задаволеныя твары былі ў людзей у зале. Яны радаваліся такому прысуду. Я чуў, як людзі размаўлялі перад судом. Хтосьці быў настроены пасіўна агрэсіўна, хтосьці — актыўна. І гэтая агрэсія лунала ў паветры. Мы ў чарговы раз пераконваемся, што наяўнасць смяротнага пакарання ў грамадстве вельмі моцна раскручвае спіраль нянавісці ў грамадстве. Нам, усяму грамадству, трэба праблемы вырашаць такім чынам, каб гэта ўсё не паўтарылася ў будучыні".