У палітзняволеных Ліліі Уласавай, Іллі Салея, Віталя і Ягора Пракапчукоў з'явіліся “хросныя”
У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй “Libereco - Партнёрства за правы чалавека”, дэпутаты Еўрапейскага парламента Катарына Барлі (Германія) і Роберт Бедрань (Польшча), а таксама дэпутаты Нацыянальнай рады Швейцарыі Марыяна Штрайф-Фэлер і Ліліяна Штудэр сталі “хроснымі” палітычных зняволеных у Беларусі.
Віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Катарына Барлі заявіла з нагоды свайго рашэння стаць “хроснай” Ліліі Уласавай:
“Мірная барацьба беларускага народа за дэмакратыю па-ранейшаму заслугоўвае нашай поўнай салідарнасці і падтрымкі! Мы гэта выказалі большасцю галасоў у рэзалюцыі Еўрапейскага парламента. Дыктатарскі ўціск Лукашэнкі на свой народ, які ажыццяўляе свае самыя асноўныя правы, такія як свабода слова і сходаў, непрымальны. Мірны пратэст - гэта не злачынства! Вось чаму ў рамках кампаніі #WeStandBYyou я стала “хроснай” гэтай мужнай жанчыны. Я патрабую неадкладнага вызвалення Ліліі Уласавай, сябра прэзідыума апазіцыйнай Каардынацыйнай рады, і ўсіх астатніх палітвязняў! Вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасці”.
Роберт Бедрань, старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі, стаў “хросным” палітвязня Іллі Салея. Ён заявіў:
“Я быў устрывожаны, калі даведаўся пра арышт Іллі. Гэты рашучы малады чалавек апошнія месяцы змагаўся за свабоду і дэмакратыю сваёй краіны, і я захапляюся яго мужнасцю. Як і дзясяткі іншых палітвязняў у Беларусі, ён з'яўляецца ахвярай адчайных спробаў Лукашэнкі захаваць уладу. Маё пасланне Іллю і ўсім палітычным зняволеным у Беларусі: Не губляйце надзеі і працягвайце барацьбу. Разам з маімі калегамі па Еўрапарламенце мы не знойдзем спакою, пакуль вас усіх не вызваляць”.
Дэпутаткі Швейцарскай Нацыянальнай рады Марыяна Штрайф-Фэлер і Ліліяна Штудэр сталі “хроснымі” Віталя і Ягора Пракапчукоў і сумесна заявілі:
“Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Ягора Пракапчука і яго бацькі Віталя Пракапчука, а таксама ўсіх астатніх затрыманых за мірнае патрабаванне дэмакратыі і сумленных выбараў і, адпаведна, дабрабыту для сваёй краіны. Усім павінна быць гарантавана свабода слова і мірных сходаў”.
Дэпутаты з Польшчы і Германіі сталі “хроснымі” палітвязняў Андрэя Новікава, Уладзіміра Цыгановіча і Дзмітрыя Казлова
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.
У межах кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў заяўляюць пра гатоўнасць стаць “хроснымі бацькамі” палітвязняў у Беларусі і дамагацца іх вызвалення.