Жодзіна: ІЧУ, перадачы, вызваленне і валанцёрства. Рэпартаж "Вясны" Фота Аўдыё
Ізалятар часовага ўтрымання горада Жодзіна ў апошні месяц стаў вядомым месцам – менавіта туды пачалі змяшчаць затрыманых да суда за "удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах" у Менску, а таксама асуджаных на арышт. "Вясна" наведала Жодзіна ў сераду, 16 верасня – адзіны дзень у тыдні, калі вядзецца прыём перадач для тых, хто адбывае арышт – каб паглядзець, што там адбываецца.
Ізалятар часовага ўтрымання горада Жодзіна знаходзіцца на тэрыторыі Жодзінскай турмы, па адрасе вуліца Савецкая, 22а. Перадачы ж прымаюць па іншым адрасе, прыкладна ў шасці хвілінах хады – вуліца Савецкая, 21, каля Жодзінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ужо з 10 раніцы там сабраліся сваякі, каб перадаць перадачу. Многія з іх прыехалі для гэтага спецыяльна з іншага горада.
Раней перадачы ў Жодзінскі ІЧУ прымаліся двойчы на тыдзень — па аўторках і чацвяргах. Аднак у апошнія некалькі тыдняў правілы былі зменены – толькі па серадах.
Лілія Уладзіміраўна прыехала ў Жодзіна з Мінску, каб перадаць перадачу сваёй дачцэ. Яе затрымалі 9 верасня каля Няміга, 3.
"Там іх стаяла напэўна 10-15 дзяўчат, — распавядае Лілія Уладзіміраўна. — Магчыма, вы бачылі відэа, як яны ўсіх хапалі — на кожную дзяўчыну было, па-мойму, па два амапаўцы. І яны ўсіх іх адправілі ў Цэнтральны РУУС.
"Вясна": Як вы даведаліся пра гэта?
Ніяк. Я да гэтага часу чакаю навінаў з Цэнтральнага РУУС аб тым, што мая дачка была затрыманая. Бо яны павінны былі паведаміць пра гэта мне! Я пра яе затрыманне даведалася па расказах яе сястры (яны ўдваіх былі разам). І таксама па відэазапісах "Радыё Свабоды" — я ўбачыла, што гэта мая дачка, якую адводзяць у аўтазак. Пра суд над ёй таксама не паведамілі. Мы маніторылі суды 10-га і 11-га верасня".
"11-га верасня я патэлефанавала ў суд а 9 раніцы — там сказалі, што яе ў раскладзе яшчэ няма, — распавядае сястра затрыманай і другая дачка Ліліі. — Але калі я зноў патэлефанавала ў 12 гадзін — ёй ужо было прысуджана 9 сутак".
Лілія добра вывучыла артыкул 23.34 КаАП, па якім асудзілі яе дачку, а таксама Закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" і папраўкі да яго. Акрамя гэтага, Лілія заўсёды носіць з сабой Канстытуцыю РБ, куды сярод іншага робіць патрэбныя пазнакі — напрыклад, па парадзе "Вясны", пазнаёміцца з артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
"Я буду абараняць свае правы і правы свайго дзіцяці. Перш за ўсё я напішу скаргу на Цэнтральны РУУС", — адзначае Лілія.
Андрэй Колабаў таксама прыехаў з Мінска, каб дапамагчы перадаць перадачу сябру — разам іх затрымалі 13 верасня.
"Мы ўтрох пераходзілі пешаходны пераход каля завода "Камунарка", — успамінае Андрэй Колабаў. — Там наогул нікога не было. Але раптам пад'ехаў сіні мікрааўтобус, дзе сядзелі людзі ў масках без апазнавальных знакаў. Адзін з іх быў узброены — здаецца, помпавай стрэльбай. Ніхто не прадстаўляўся".
З Ленінскага РУУС Андрэя адпусцілі, бо ён мае інваліднасць 2-й групы. А лёс сваіх сяброў ён адсочваў праз тэлеграм-канал «Списки Задержанных Жодино+Окрестино». Аднаму далі пяць сутак, другому — 10.
Яшчэ адзін Андрэй прыехаў перадаць перадачу свайму знаёмаму — і сам нечакана стаў валанцёрам: ён запісвае людзей у чаргу, тлумачыць, як праводзіць вопіс перададзеных рэчаў і як правільна пакаваць рэчы (напрыклад, цыгарэты, цукеркі і печыва трэба разгарнуць і перасыпаць у празрыстыя пакеты).
"Чалавеку, які валанцёрыў да мяне, трэба было з'ехаць на працу, і ён папрасіў яго падмяніць. Я выклікаўся, а правілам прыёму перадач навучыўся на месцы".
Аб затрыманні свайго знаёмага Андрэй даведаўся са спісаў "Вясны". Пасля чаго ён звязаўся з бацькамі затрыманага, каб распланаваць перадачу.
Прыкладна да 13 гадзін усе перадачы забралі і адвезлі. Да адрасатаў яны патрапяць на наступны дзень.
Тым часам валанцёры практычна пастаянна дзяжураць каля сцен жодзінскага ІЧУ. Яны кансультуюць сваякоў, якія прыехалі, сочаць за становішчам і запісваюць імёны людзей, якія вызваляюцца.
Час вызвалення вызначаны часам затрымання, а таксама вынесеным судом арыштам, тэрмін якога адлічваецца ад часу затрымання. Часам людзей вызваляюць па адным, іншы раз — некалькіх адразу.
Напрыклад, Іллю Сянько затрымалі першага верасня ў Менску, каля стадыёна Дынама, на студэнцкім маршы. Далі 15 сутак — і таму ён выйшаў зараз. Сам Ілля не з'яўляецца студэнтам, але вырашыў падтрымаць марш. Акрамя гэтага, за дзень да маршу Ілля прачытаў, што палітвязня Аляксандра Францкевіча білі і катавалі электрашокерам у КДБ.
"Я як анархіст вырашыў падтрымаць свайго таварыша і выйшаў з плакатам, — распавёў Ілля. — Затрымлівалі мяне вельмі жорстка. Я схапіўся за плот. У выніку амапавец пачаў адной рукой ціснуць на вока, а другі засунуў два пальцы ў ноздры і пачаў цягнуць. У мяне была парваная ноздра, ішла кроў".
Асудзілі Іллю на другія суткі яго затрымання, наўпрост у ІЧУ Акрэсціна праз відэаканферэнцсувязь. Пасля чаго перавезлі ў Жодзіна. За 15 сутак арышту на прагулкі Іллю выводзілі каля чатырох разоў, а ў душ — ні разу.
Гэта пацвярджаюць і іншыя актывісты, якія вызваліліся ўслед за Іллёй – Сяргей Неўдах і Сяргей Сасункевіч. Прагулкі не кожны дзень, душ адсутнічае, але — бесперабойнае харчаванне і нядрэнная бібліятэка. Абодвух таксама затрымалі 1 верасня, а выпусцілі толькі цяпер. Судзілі іх таксама па Skype з Акрэсціна.
"Дайшло да такога абсурду, што кагосьці судзіла вуха, а кагосьці — герб", — успамінае Сяргей Неўдах. Больш падрабязна аб гэтым — у аўдыё:
Не ўсіх дастаўлялі пасля РУУС на Акрэсціна, а затым перавозілі ў Жодзіна — распавёў яшчэ адзін Сяргей, які вызваліўся. Яго ноччу пасля затрымання з РУУС перавезлі адразу ж у Жодзінскі ІЧУ, там жа і судзілі. Але не па відэаканферэнцсувязі, а з дапамогай выязнога пасяджэння.
"Адвакатаў — няма, сведкаў — няма, нічога няма... 10 сутак — пасядзіце, падумайце. Усё роўна, што я сказаў, што ехаў да кліента на заказ і у мяне гэты заказ нават у тэлефоне ёсць.
"Вясна": А суддзя была з Жодзінскага суда?
"Яна сказала, што з Лагойскага раёна. А ў майго сукамерніка была суддзя з Валожынскага раёна".
Валанцёрскі рух утварыўся каля ІЧУ Жодзіна яшчэ пасля выбараў і масавых затрыманняў 9-13 жніўня. З 14 жніўня тут быў ужо паўнавартасны лагер, распавёў валанцёр Павел Філіповіч.
Затым пасля вызвалення ўсіх затрыманых 9-13 жніўня лагер быў згорнуты, аднак з 30 жніўня валанцёрская падтрымка аднавілася — але ўжо ў фармаце дзяжурстваў.
"Нехта з валанцёраў пастаянна знаходзіцца тут, збірае і падае інфармацыю па затрыманым, — распавёў Павел Філіповіч. — Бо многія сваякі не ведаюць, дзе знаходзяцца затрыманыя, калі іх адпусцяць... і таму такую інфармацыю збіраем мы. Мы сустракаем чалавека, каб даць яму сувязь, даставіць дадому".
Па стане на раніцу 17 верасня ў ІЧУ Жодзіна знаходзілася 223 адміністрацыйна затрыманых.