Каардынатарка валанцёраў: "Эмацыйная хваля захліснула кожнага, у каго ёсць душа і сэрца. Я толькі накіроўваю гэтую энергію"
Валанцёраў і іх дапамогу ў сувязі з апошнімі падзеямі ў краіне складана пераацаніць. Практычна кожны дзень узнікаюць новыя групы па розных напрамках: пошук зніклых пасля разгонаў мірных дэманстрацый, дапамога тым, хто выходзіць з ІЧУ, аўтадапамога, юрыдычныя і медыцынскія кансультацыі і многае іншае.
Валанцёрская служба "Вясны" як асобны кірунак у арганізацыі сфармавалася ў 2012 годзе. Першапачаткова, асноўнымі задачамі Службы былі дапамога ў працы арганізацыі і прыцягненне маладых людзей у дзеянні, заснаваныя на праваабарончых прынцыпах. З часам у Валанцёрскай службе склаліся паўнавартасныя накірункі - грамадскі кантроль, удзел у адукацыйных і асветніцкіх праектах, падтрымка праваабарончых кампаній, юрыдычная дапамога грамадскай прыёмнай.
З новымі выклікамі, якія ўзнікаюць перад грамадствам, трансфармуецца і дзейнасць Валанцёрскай службы "Вясны".
Каардынатарка Службы Марфа Рабкова распавяла, як прыйшла ў арганізацыю, на што былі накіраваныя намаганні ў перыяд выбарчай кампаніі і якія перспектывы Валанцёрскай службы яна бачыць у будучыні.
Марфа Рабкова адзначае, што яе ўласны валанцёрскі вопыт пачаўся ў 2013 годзе, калі яна пачала актыўна дапамагаць жывёлам у адным з прытулкаў, бо бачыла, што ёсць сферы, дзе дзяржава не бачыць праблемаў і самаўхіляецца ад іх вырашэння. У такіх сітуацыях людзі самаарганізуюцца і бяруць на сябе адказнасць, дапамагаюць навакольным. А з 2016 года праваабаронца стала дапамагаць палітычным зняволеным Беларусі.
"З гэтым у мяне звязана ў цэлым важная асабістая гісторыя. Я пазнаёмілася з маім мужам на фоне рэпрэсій супраць актывістаў Крытычнай масы і футбольных фанатаў, калі мы скаапераваўшыся разам аказвалі падтрымку пацярпелым ад прэсінгу сілавікоў", - дзеліцца дзяўчына.
Увосень 2019 года ў ПЦ "Вясна" з'явілася патрэба ў новым каардынатары Валанцёрскай службы. Такім чынам Марфа Рабкова далучылася да каманды праваабаронцаў.
"Вясна" мне бачылася найбольш упарадкаванай і зладжанай праваабарончай арганізацыяй у Беларусі, са сваёй гісторыяй і перыпетыямі, з разнастайнымі напрамкамі дзейнасці і актыўнасцяў. Я вырашыла: далучыўшыся да "Вясны", змагу рэальна дапамагаць людзям. Трэба сказаць, я не памылілася, бо даўно шукала магчымасць накіравання сваёй энергіі ў падобнае пазітыўнае рэчышча", - дзеліцца каардынатарка Службы.
За 2020 год Валанцёрскай службай "Вясны" было арганізавана каля 10 назіранняў за мірнымі акцыямі пратэстаў, праведзены маніторынг сотняў судовых працэсаў, арганізаваны Клуб вывучэння англійскай мовы і некалькі навучальных вебінараў на розныя тэмы.
Клуб ангельскай мовы пра правы чалавека запрашае на заняткі
"Па ўсёй краіне ёсць маладыя людзі, якія альбо свядома, альбо несвядома імкнуцца да каштоўнасьцяў правоў чалавека. І ў "мірны час" маёй задачай, як каардынатаркі, з'яўляецца іх знаходжанне, выяўленне магчымасцяў і раскрыццё іх патэнцыялу. А пасля - накіраваць усё гэта на стварэнне на карысць правоў чалавека. Гэта не заўсёды проста, але хто сказаў, што будзе лёгка?", - распавядае Марфа Рабкова.
З пачаткам выбарчай кампаніі перад валанцёрамі паўсталі новыя задачы: дапамога рэпрэсаваным патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты і актывістам іх ініцыятыўных груп, набор і навучанне кароткатэрміновых назіральнікаў за выбарамі.
Як валанцёры перадаюць перадачы палітвязням на "Валадарку". Рэпартаж
"За некалькі месяцаў непасрэдна да галасавання на выбарах прэзідэнта краіны Валанцёрская служба ўключылася ў працу кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Мы працавалі з заяўкамі з усёй Беларусі ад людзей, якія жадалі стаць назіральнікамі на выбарах. Іх, дарэчы, у выніку было каля паўтары тысячы чалавек. Не паглыбляючыся і не раскрываючы ўнутранай "кухні" самога працэсу, можна сказаць пра тое, што вынікам працы кампаніі стала акрэдытацыя 800 назіральнікаў, з якімі, вядома, трэба было асабіста мець зносіны па пытаннях назірання.
На жаль, па прычыне магутнага процідзеяння з боку дзеючай улады за кошт адміністрацыйнага рэсурсу, выканаць свае абавязкі на участках атрымалася ў рознай ступені толькі 100 назіральнікам кампаніі. Але нашы дзеянні ўсё роўна былі не марныя. Нават такая колькасць людзей здолела зафіксаваць множныя парушэнні заканадаўства Беларусі".
Пасля заканчэння асноўнага дня галасавання, за якім рушылі ўслед мірныя дэманстрацыі пратэсту супраць агучаных папярэдніх вынікаў выбараў і неадэкватны гвалт з боку сілавікоў у дачыненні да дэманстрантаў, Валанцёрская служба "Вясны" пераключыла свае намаганні на дапамогу пацярпелым.
"Нашы валанцёры-назіральнікі #ControlBy у ноч 9 жніўня адзначылі бязмежную жорсткасць АМАПу і сталі, у тым ліку, сведкамі інцыдэнту з наездам аўтазака на чалавека.
З таго моманту Валанцёрская служба пераключылася на працу па пошуку і аказанні дапамогі затрыманым на акцыях пратэсту, а таксама на падтрымку іх сем'яў".
За гэтыя 10 дзён у Валанцёрскую службу "Вясны" з прапановай аб уключэнні ў працэс салідарнасці напісала некалькі дзясяткаў чалавек, а з просьбай аб дапамозе - некалькі сотняў. Марфа Рабкова падкрэслівае:
"Цяпер пошук валанцёраў і пытанні іх занятасці значна палегчыўся, бо эмацыйная хваля захліснула кожнага, у каго ёсць душа і сэрца. Я толькі накіроўваю гэтую энергію".
Праваабаронца адзначае, што ў працы з валанцёрамі, як і ў любой працы з людзьмі, самае складанае ўлавіць пэўныя рысы і асаблівасці чалавечай натуры, каб у наступным знайсці агульную мову:
"Трэба зразумець патрэбы і магчымасці чалавека, каб наша супрацоўніцтва прынесла ўзаемную карысць, як нам, так і трэцяму баку ў выглядзе дабра для ўсяго грамадства".
Каардынатарка распавядае, што гэтай вясной цікавасць да Валанцёрскай службы рэзка ўзрасла, а летам адзначаецца небывалы ўздым актыўнасці валанцёраў.
"Людзі хочуць прымяніць свае юрыдычныя, медыцынскія і іншыя веды на практыцы ў партнёрстве з Валанцёрскай службай "Вясны". Думаю, падобная тэндэнцыя працягнецца.
А ў маёй працы мяне больш за ўсё радуюць запаленыя ідэяй вочы. Гэта зараджае, і калі мяне наганяе нейкае спусташэнне або выгаранне, эмоцыі людзей мяне напаўняюць і робяць мацней".
Валанцёрская служба "Вясны" вачыма ўдзельніц і ўдзельнікаў: "Не варта наогул разважаць, а адразу – смела ўступаць!"