Як валанцёры перадаюць перадачы палітвязням на "Валадарку". Рэпартаж Фота
Па стане на 28 ліпеня праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітвязнямі 25 чалавек, з іх 22 — прызнаныя падчас бягучай выбарчай кампаніі. Большасць з іх знаходзіцца ў Следчым ізалятары №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Валанцёры і іншыя неабыякавыя людзі імкнуцца падтрымаць іх усімі магчымымі спосабамі. Перадачы ў ізалятар — адна з формаў салідарнасці і падтрымкі палітвязняў. Мы паглядзелі, як валанцёры Валанцёрскай службы "Вясны" перадаюць перадачы палітвязням на "Валадарку". Чаму важна падтрымліваць палітвязняў перадачамі, як валанцёры выбіраюць прадукты, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца — чытайце ў нашым рэпартажы.
"Нашы валанцёры валодаюць спецыфічнай інфармацыяй, якой могуць падзяліцца са зняволенымі і іх сем'ямі"
Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова патлумачыла, чым так важныя перадачы палітвязням:
"У першыя дні пасля затрымання і арышту чалавек і яго сям'я часцей за ўсё знаходзяцца ў стане поўнай дэзарыентацыі. Пры гэтым прыходзіць усведамленне таго, што сітуацыю трэба нейкім чынам прыняць і мінімізаваць той фізічны дыскамфорт, які паглынуў арыштаванага. Часта людзі сутыкаюцца з падобнага роду праблемамі ўпершыню. А нашы валанцёры ўжо валодаюць спецыфічнай інфармацыяй, якой могуць падзяліцца са зняволенымі і іх сем'ямі.
Рэчавыя перадачы — гэта першае, чым варта дапамагчы зняволеным. Зразумела, што пры затрыманні чалавека, як правіла, заспяваюць знянацку, яму не дазваляюць сабрацца ў ізалятар, і ён не ведае, што яму там можа спатрэбіцца.
Ужо пасля рэчавых перадач мы плануем прадуктовыя, бо харчаванне ў ізалятарах пакідае жадаць лепшага".
Мы сустракаемся з валанцёрамі Паўлам, Марынай і маленькай Ганнай ўжо ў краме, каб набыць усё неабходнае для перадач. Марфа распавядае, што сёння па плане перадача Дзмітрыю Казлову ("Шэраму кату") і іншым.
"Кантралюем кожны перадаваны грам"
"У следчым ізалятары існуе дакладны месячны ліміт па вазе на перадаваныя рэчы і прадукты. Гэта 30 кілаграм. Плануючы перадачы, мы зыходзім з гэтай лічбы, і кантралюем кожны перадаваны грам. Гэта трэба для таго, каб у выніку не адбываліся неспадзяванкі, калі зняволены просіць для сябе ежу або рэч, а мы не можам гэта перадаць, таму што хтосьці ўжо аформіў перадачу, выдаткаваўшы ліміт па вазе.
Мы разумеем такія высакародныя парывы, але ўсё ж павінна быць каардынацыя і асабліва з тымі, хто ажыццяўляе патранаж кагосьці са зняволеных сістэматычна. У такім выпадку, лепш зрабіць перадачу чалавеку, які не атрымлівае дапамогу рэгулярна, але таксама мае патрэбу ў ёй. Па такіх пытаннях можна звяртацца да мяне, у Валанцёрскую службу "Вясны", рабятам з ініцыятывы dissident by, якія нам вельмі дапамагаюць з перадачкамі", — тлумачыць Марфа.
"Выступаем своеасаблівымі дыетолагамі"
Валанцёры ў краме абмяркоўваюць, што лепш перадаць Дзмітрыю Казлову і іншым. Успамінаюць, што перадавалі ў мінулы раз. Павел раіць, акрамя ўсяго іншага, на падставе свайго досведу кіроўцы купіць снікерсаў, бо яны сытныя і пажыўныя, "тое, што трэба ў ізалятары". Таксама вырашаюць ўзяць часнык, бо ён карысны і, галоўнае, мала важыць.
"Выбіраючы прадукты мы зыходзім з шматгадовай практыкі перадач і найбольш тыповых і частых запытаў саміх зняволеных. І, вядома, ад парадку і прадпісанняў у ізалятары. Самымі распаўсюджанымі пунктамі спісу можна лічыць гарбату і каву, шакалад, арэхі, рыбу, садавіну і некаторую дазволеную гародніну. Улічваючы месячныя ліміты па вазе перадач у 30 кілаграм, стараемся па ўласным меркаванні аптымізаваць і збалансаваць іх рацыён. Выступаем своеасаблівымі дыетолагамі", — распавядае Марфа Рабкова.
"Палічылі краі пластыкавага цюбіка занадта вострымі"
Прыём перадач у СІЗА №1 ажыццяўляецца з 8 да 17 гадзін з перапынкам на абед з 13 да 14 з аўторка па суботу. У панядзелак прымаюцца толькі лекавыя прэпараты. Прыехаўшы на "Валадарку" каля 11, мы не сустрэлі там шмат людзей, ніякіх чэргаў не было. Адна з нямногіх, хто хацела ў гэты час перадаць перадачу — Марына Адамовіч, жонка палітвязня палітыка Мікалая Статкевіча.
"У цэлым механізм перадачак у нас адладжаны, таму, як правіла, у нас прымаюць усё. Мы ўжо загадзя ведаем, на што звярнуць увагу ў пункце прыёму. Але бывае рознае. Аднойчы не прынялі зубную пасту, бо ў ізалятары палічылі краі пластыкавага цюбіка занадта вострымі, хоць да гэтага ніколі такіх праблем не ўзнікала. Усё залежыць ад змены супрацоўнікаў установы. Хтосьці старанна аглядае кожны надпіс на перадаванай вопратцы ў пошуках нейкай крамолы або быць можа міфічнага экстрэмізму, а хтосьці зусім не звяртае на гэта ўвагу. Усё індывідуальна.
Нядаўна, дарэчы, сутыкнуліся з цікавым выпадкам. Жанчына-кантралёр не прыняла прыправу ў перадачы, адным уздыхам вызначыўшы, што ў складзе ёсць невялікі працэнт перцу. Раней пры нас ніхто прадукты не нюхаў, і тым больш не вызначаў інгрэдыенты прадуктаў харчавання адным поглядам або уздыхам", — дзеліцца каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны".
Для таго, каб перадаць перадачку трэба напісаць заяву ў двух экзэмплярах на імя начальніка СІЗА. У заяве павінны быць пералічаныя ўсе прадукты і рэчы, а таксама паказана іх колькасць. Валанцёры размяшчаюцца на лавачцы на Валадарскага, 2, пад сценамі СІЗА, каб раскласці ўсе набытыя прадукты па пакеціках і перапісаць іх у заявы. На гэта сыходзіць каля паўгадзіны.
На заяве ў пункце перадач прастаўляецца нумар камеры, у якой знаходзіцца зняволены. Як распавядаюць валанцёры, гэта адзіны спосаб даведацца, дзе яны сядзяць. Так, Дзмітрый Казлоў знаходзіцца ў камеры №63 СІЗА №1.
Гэтым разам у валанцёраў прынялі амаль усе прадукты, акрамя солі і грэйпфрутаў. На пункце прыёму перадач не патлумачылі, чаму яны не прынялі гэты фрукт, у той час, як забралі для перадачы апельсін і лімон.
"Далучыцца да ініцыятывы па дапамозе палітвязням можна з дапамогай уключэння ў Валанцёрскую службу "Вясны". Запаўняйце валанцёрскую анкету і будзьце часткай нас", — кажа Марфа Рабкова.
BY_Help заклікае падтрымаць рэпрэсаваных падчас выбарчай кампаніі