BY_Help заклікае падтрымаць рэпрэсаваных падчас выбарчай кампаніі
Ініцыятыва па зборы сродкаў BY_Help запусціла Краўдфандынг у падтрымку тых, хто быў затрыманы і прыцягнуты да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці ў перыяд выбарчай кампаніі 2020 года.
"Сотні штрафаў, дзясяткі арыштаў. За кратамі знаходзяцца Сяргей Ціханоўскі, Віктар і Эдуард Бабарыкі, Ігар Лосік і дзясяткі людзей, супраць якіх заведзеныя крымінальныя справы і адміністрацыйныя працэсы. Гэта не толькі ўдзельнікі прэзідэнцкай гонкі, але і людзі, якія прымалі ўдзел у зборы подпісаў, стаялі ў чарзе ў краму (!) з нацыянальнай сімволікай. Увесь свет убачыў сцэну брутальнага затрымання мірнага маніфестанта, дзе ў маленькім гарадку Ганцавічы міліцыянт стаў каленам на шыю чалавеку. Нічога не нагадвае? А анколага Віктара Хвашчэўскага, аднаго з вядучых спецыялістаў у краіне, арыштавалі, калі ён вяртаўся дадому, і сваякі не маглі знайсці яго некалькі дзён.
Грамадства і праваабаронцы абураныя тым, што дзяржава зноў брутальна парушае правы чалавека, замест таго, каб правесці свабодныя, сумленныя і справядлівыя выбары", — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на старонцы ініцыятывы ў Фэйсбуку.
Арганізатары збору адзначаюць, што грошы пойдуць на аплату штрафаў па адміністрацыйных справах, адвакатаў і перадач - па крымінальных, а таксама на падтрымку сем'яў рэпрэсаваных. Прыярытэт у выплатах будзе аддавацца тым, хто ўпершыню трапіў пад пераслед за свае правы і свабоды.
Збор адмініструецца прадстаўнікамі беларускай дыяспары і ўдзельнікамі ініцыятывы #BY_Help Ляксеем Лявончыкам і Надзеяй Нортан, у цесным супрацоўніцтве з грамадзянскімі актывістамі і праваабаронцамі ўнутры краіны.
Пералічыць сродкі можна праз:
- Фандрэйзер на Фэйсбуку
- PayPal: alaksiej.lavoncyk@tol.org
- Рахунак у еўра, у доларах ці брытанскіх фунтах (для дэталяў пісаць у асабістыя паведамленні арганізатарам).
Нагадаем, у 2017 годзе ініцыятыва BY_Help дапамагла многім беларусам выплаціць штрафы за ўдзел у маршах недармаедаў і ў святкаванні стагоддзя абвяшчэння БНР. У жніўні 2018 года, падчас "справы БЕЛТА", грошы збіраліся на новую тэхніку — замест канфіскаванай падчас следства, падтрымку сем'яў затрыманых, штрафы і адвакатаў. У пачатку гэтага года ініцыятыва краўдфандзіла на дапамогу ў аплаце штрафаў абаронцам незалежнасці, а пасля-дапамагала ў забеспячэнні медыкаў сродкамі індывідуальнай абароны.